
Не трэба доўга весці гутарку з чалавекам, каб зразумець, чым ён жыве і дыхае. Часам дастаткова 5-10 мінут, і перад табой складваецца вобраз, раскрываецца ўнутраны свет суразмоўцы, праяўляюцца рысы характару. Не заўсёды так атрымліваецца, але ў большасці выпадкаў. На шчасце, трапляюцца сапраўды шчырыя людзі, з якімі лёгка будаваць дыялог, яны гатовы падзяліцца самым патаемным, набалелым. І ад гэтага размова працякае незаўважна, хочацца затрымаць дадзенае імгненне, зарадзіцца станоўчай энергіяй не на адзін дзень, парадавацца за сваіх душэўных і сумленных суайчыннікаў.
Менавіта так атрымалася і падчас гасцявання ў Марыі Іванаўны. «Нават і не думайце размаўляць на вуліцы, калі ласка, заходзьце ў хату», — толькі пазнаёміліся, а жанчына ўжо спрабавала і абедам пачаставаць. Дзякуй вялікі, за непадробную гасціннасць. А ўжо пра хваляванне і гаварыць не даводзіцца: а чым жа я заслужыла такой увагі, здаецца, нічога асаблівага і не зрабіла, жыву як усе людзі?
А зараз ва ўсім разбяромся, раскладзём па паліцах: можа, мы сапраўды памыліліся адрасам? Пасаду старасты Марыя Дылюк займае не так даўно. Але не па гадах трэба лічыць заслугі, а па зробленым, што ўдалося ажыццявіць і што плануецца яшчэ зрабіць. А гледзячы на гэтую жвавую і ўсмешлівую жанчыну, можна быць упэўненым, што ідэй у яе з верхам і напорыстасці хопіць давесці ўсё да канца.
Амаль у кожнай пружанскай вёсцы ёсць помнікі Вялікай Айчыннай вайны. Калі хочаш мець будучыню, помні тых, хто да цябе змагаўся з ворагам за кожны кавалак роднай зямлі, займаўся будаўніцтвам мірнага жыцця, араў зямлю, выхоўваў маладое пакаленне, жыў стваральнай працай. Пад пільнай увагай Марыі Іванаўны і неабы-якавых вяскоўцаў месцы пахаванняў загінуўшых воінаў і мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
— Напрыклад, у Шэйпічах і Лыскаве ўжо навялі парадак: выграблі, вычысцілі і пасадзілі туі. Помнім і смуткуем. І мясцовыя могілкі, на якіх знайшлі спачын нашы родныя і блізкія, таксама павінны мець прывабны выгляд, — з гэтай мэтай Марыя Дылюк арганізавала збор грашовых сродкаў, падчас якога з дзвюх сваіх вёсак сабрала 1200 рублёў — купілі фарбу, пачысцілі кругавую агароджу і навялі прыгажосць. Цяпер і душа радуецца за зробленае: Бог жа ўсё бачыць і надзяляе па справах тваіх.
Канечне, парадак павінен быць і на сваім падворку, вуліцы, вёсцы. Каб сабе было прыемна і прыезджыя людзі ўхвалялі: маўляў, можна ж і сваімі рукамі рабіць прыгажосць і ўтульнасць. На ўездзе ў Зеляневічы з боку Зіновіч не так даўно быў адрамантаваны мост праз раку Зяльвянка, іншая справа! Але ж вельмі недарэчна выглядала смецце, раскіданае тут жа, на беразе. Было б жаданне, а яго Марыі Іванаўне не займаць. Звярнулася да старшыні сельвыканкама Леаніда Аўдзейчыка па дапамогу ў вырашэнні дадзенай праблемы. І справа зрушылася з месца: адзінаццаць мяшкоў, якія асабіста дала стараста, было вывезена бутэлек і іншага бытавога смецця. Аб чым хоча папрасіць Марыя Дылюк? Будзьце людзьмі ў любой сітуацыі, паважайце працу іншых, не гадзьце там, дзе жывяце.
Ці можна падзяліць работу на важную і другарадную? Не бяромся нешта сцвярджаць, толькі вось для няўрымслівай старасты такога дзялення няма, усё трэба паспець. На скрыжаванні вуліц у родным аграгарадку Зеляневічы некалі паставілі лавачку, дзе можна было пасядзець і паназіраць за рухам на дарозе. Але ж нічога вечнага няма, таму і тут спатрэбілася праяўленне ініцыятывы Марыі Іванаўны. Туды схадзіла, там папрасіла — і месца пасядзелак было абноўлена. І дзеткам зручна чакаць школьны аўтобус, і пажылыя людзі, якія ідуць у краму, могуць адпачыць, перавесці дыханне. Не, яна ні ў якім выпадку не чакае падзякі за ўсё зробленае, але людзі самі адзначаюць, што мець такога старасту — вялікі плюс, бо Марыя Дылюк сваім прыкладам падштурхоўвае і іншых не быць абыякавымі, не стаяць у баку ад агульных спраў.
Для ўсіх добрай не будзеш, але калі пастарацца… Не ішлі б да старасты аднавяскоўцы, каб не ведалі, што яна выслухае і па магчымасці дапаможа. «Я за іх, а яны за мяне», — словы Марыі Іванаўны. Жанчына сама ведае, хто мае патрэбу ў тых жа дровах, а каму слова добрага не хапае, простай чалавечай размовы. Жывуць на яе падведамаснай тэрыторыі Ніна Бортнік і Марыя Цыпурка, якім ужо за восемдзесят. Дзеці далёка, а стараста побач, што ні дзень наведаецца, спытае пра здароўе. Яны заслужылі таго, каб не заставацца ў старасці адзінокімі, а пастаянна адчуваць цеплыню душэўную.
У такога чалавека адназначна штосьці павінна быць запланавана. Не будзем раскрываць сакрэтаў Марыі Дылюк, потым па факце пабачым, што здзейсніцца. А галоўнае для яе — каб нашы вёскі працвіталі, гучаў дзіцячы смех у дамах, жылося весела, з песнямі і танцамі.
А як Вам наогул жывецца, паважаная Марыя Іванаўна? У адказ: лепш за ўсіх, але ніхто не зайздросціць. «Дый не трэба», — смяецца. Мы самі сябе настройваем на тое, для чаго прыйшлі ў гэты свет і што пакінем пасля сябе. Жыве гераіня нашага аповеду ў доме, на якім вісіць шыльда за ўзорны парадак. Цяпер зразумела, адкуль такая цяга да ўтульнасці, усё пачынаецца са свайго жытла. Унутры таксама ўсё на сваіх месцах, чыста і камфортна. І кветкі, якіх мноства як дома, так і на вуліцы. Бытуе меркаванне, што ў злога чалавека расліны не прыжываюцца, толькі не ў Марыі Дылюк, у якой душа заўсёды адкрыта для людзей, гатова падзяліцца апошнім, толькі каб свет гэты стаў яшчэ лепш.
Адным словам, працуе за сябе і «хлопца таго». Хаця не першы год на пенсіі, але пастаянна ў руху. Што можа ў сілу ўзросту, робіць сама, калі не адужвае нешта, просіць дапамогі — і не адмаўляюць, з задавальненнем выручаюць. Свет не без добрых людзей, словы ў тым ліку і пра Марыю Іванаўну.
Вольны час… Раней было весялей. Цяпер сумнавата на вёсцы, таму і працуе Марыя Дылюк не пакладаючы рук, так неяк вусцішней, думкі ўпарадкоўваюцца. Дый усяляецца ўпэўненасць, што жыццё пражыта недарэмна, не трэба хавацца за вугал хаты, калі па вуліцы праходзіць чалавек.
Думай наперад, не губляй ніколі пазітыўнага настрою, веру ў тое, што можаш многае і нават больш — вось вам і ўся стараста Зеляневіч і Ярашэвіч. Давайце і мы паспрабуем на яе раўняцца?
Вадзім Раўнейка.
Фота Кацярыны Масік
