Падвядзенне вынікаў пад канец года дае магчымасць выявіць лепшых працаўнікоў, адарыць іх большай увагай і падарункамі. Што і робіцца ў сельскай гаспадарцы раёна, у тым ліку і ў ААТ «Агра-Калядзічы».

цялятніцы Алена Губарык і Галіна Ліштван.
Несумненна, што на вёсцы ў большасці сваёй працуюць людзі вельмі працавітыя, старанныя, якія душу ўкладваюць у сваю справу, любяць родную зямлю, стараюцца з дня ў дзень падняць прэстыж сельскай гаспадаркі. А тут інакш і нельга, ці ж безыніцыятыўны і гультаяваты чалавек належным чынам дагледзіць жывёлу, праявіць ласку да яе, будзе перажываць за рэзультат, намагацца падняць надоі? Але ёсць і такія, хто не проста выконвае план, а бярэ на сябе абавязацельствы па перавыкананні яго, сваім прыкладам паказвае: усё магчыма, было б толькі жаданне.
Возьмем да прыкладу малочнатаварныя комплексы і фермы ААТ «Агра-Калядзічы». Іх у гаспадарцы налічваецца разам шэсць. Усе агулам папаўняюць малочныя рэкі краіны. Але… МТК «Калядзічы-1100» у разрэзе сельгаставарыства атрымалася паказаць сябе ў бягучым годзе на прыступку вышэй за сваіх калег. Ведаем, што дзяліцца сакрэтамі поспеху не ўсе жадаюць, але ўсе ж такі вырашылі паспытаць шчасця і завітаць на ўзгаданы комплекс.
Ля ўваходу красуецца навагодняя прыгожая ёлка, якая адразу стварае нейкі святочны настрой, з якім і працуецца весялей. З густам аздоблены і памяшканні ўнутры, ад чаго лунае атмасфера дабрыні і надзеі толькі на лепшае. Свята ёсць свята, а тут Новы год! Як сюрпрыз — за крэатыў першае месца ў сельгаставарыстве. Так яно і павінна быць: самі для сябе ствараем пазітыў як для працы, так і для душы.

комплексу Віктар Гуйда, ветэрынарны ўрач Мікіта Бышэвіч і жывёлавод Васіль Ліхван.
Настроіліся? Цяпер прыступаем да работы! А папрацавалі сапраўды добра. За адзінаццаць месяцаў мінулага года валавы надой на МТК «Ка-лядзічы-1100» склаў 10238 т малака, +892 т да 2023 года. А ад каровы ў сярэднім надаілі на 720 кг больш — 9401 кг! Нішто сабе вынік. Значыць, ёсць не толькі жаданне, але і рэсурс для далейшага росту. Пагаворым пра рэалізацыю: калі за 2023 год прадалі 8819 т, то ў бягучым лічба склала 9754 т. Вельмі важна, што ўсё малако пайшло гатункам «экстра». Таварнасць — 95,3 %, на 1 працэнт больш, чым у мінулым годзе. Але за гэтай адзінкай стаіць карпатлівая праца сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы.
Можна і далей працягваць прыводзіць лічбы, але хацелася б даведацца, што дае штуршок для працоўнага ўздыму? Пра гэта і папыталіся ў начальніка малочнатаварнага комплексу Віктара Гуйды:
— Калектыў, зладжаны, калі кожны працаўнік рукамі і нагамі за рух наперад. Гэта значыць, самы што ні на ёсць сур’ёзны падыход да прыплоду буйной рагатай жывёлы, догляду цялятак як патэнцыйных малочных кароў. Не забываем пра кармленне дарослага статка, своечасовае і збалансаванае. І правільнае даенне таксама дае свой плён, калі выконваюцца санітарна-гігіенічныя нормы. На практыцы таксама прымяняем для падсцёлу жоўты пясок. Ён эканамічны, паляпшае чысціню кароў, пры гэтым карысны для здароўя ног і капытоў, вымя. Трэба абавязкова прымяняць нешта новае ў рабоце, бо час не стаіць на месцы, з’яўляюцца інавацыі ў жывёлагадоўлі, тыя ж кармавыя дабаўкі. Вось і атрымліваецца, калі разам, то можам многае.
Нешта падобнае і спадзяваліся пачуць. Чалавечыя адносіны да работнікаў і жывёлы, адказнае стаўленне да працы — вось і заклад поспеху ў любой справе.
Куды накіроўваешся? На працу ўладкоўвацца, ды такую, каб у туфлях хадзіць і касцюме, дыхаць духмяным паветрам і спіну не гнуць, а ўжо грошай хочацца! А нашы сельскія работнікі не цураюцца гумовых ботаў, паху сіласу і сенажу, бо ведаюць адно: ніякая праца не можа быць сорамам, галоўнае — душой любіць тое, чым займаешся.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік