Среда, 17 декабря 2025

Бяжы, страляй, перамагай… або Як прайшоў раённы этап спаборніцтваў па біятлоне «Снежны снайпер»

1 722

Традыцыйна пружанскія школьнікі прымаюць удзел у спаборніцтвах «Снежны снайпер». Не заўсёды, на жаль, існуе магчымасць стаць на лыжы, у тым ліку, і сёлета.

Падчас раённага этапа ідзе адбор самых хуткіх, самых трапных. А сёлета, як аказалася, яшчэ і самых вынослівых, бо ў першы дзень спаборніцтваў ударыў мароз, у другі — задзьмуў ледзяны вецер і пайшоў дождж. Змагаліся за першыя месцы 16 каманд ад устаноў адукацыі Пружанскага раёна ў трох узроставых катэгорыях: 2007-2008, 2009-2010 і 2011-2012 гадоў нараджэння.

12 студзеня адбылося асабістае першынство сярод удзельнікаў. У сувязі з недастатковым снежным пакрыццём лыжная гонка была заменена на лёгкаатлетычны крос. Але пры гэтым выконвалася традыцыйнае для біятлона чаргаванне стральбы і — у дадзеных спаборніцтвах — бегу. На другі дзень, 13 студзеня, удзельнікі прадэманстравалі дух таварыства ў каманднай эстафеце.

Пераможцы ў асабістым першынстве размеркаваліся наступным чынам. Сярод дзяўчынак малодшай узроставай групы пераможцай стала Крысціна Шэпель (сярэдняя школа № 3), у сярэдняй узроставай групе – Дар’я Чайкоўская (сярэдняя школа № 5) і ў старэйшай узроставай групе –Аляксандра Кабылкевіч (сярэдняя школа № 4). Сярод хлопчыкаў малодшай узроставай групы перамогу атрымаў Павел Манчык (Слабадская сярэдняя школа), у сярэдняй узроставай групе – Аляксандр Селівонец (сярэдняя школа № 1) і ў старэйшай узроставай групе – Іван Бахар (Кляпацкая сярэдняя школа).

У эстафеце першыя месцы занялі: у малодшай узроставай групе —каманда сярэдняй школы № 3, у сярэдняй узроставай групе — каманда сярэдняй школы № 5 і ў старэйшай узроставай групе — каманда Кляпацкай сярэдняй школы.

— Падрыхтоўка да гэтых спаборніцтваў вядзецца круглы год, — адзначыў галоўны суддзя «Снежнага снайпера», трэнер-выкладчык па лёгкай атлетыцы СДЗЮШАР г. Пружаны Яўген Данцоў. — У школах адбіраюць самых перспектыўных «бегаючых» дзяцей, навучаюць іх стральбе. Вось яны тут і паказваюць свае магчымасці.

«Снежны снайпер» праводзіцца пад эгідай Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Нашы пераможцы будуць прадстаўляць раён на абласным этапе, які (таксама традыцыйна) пройдзе ў пасёлку Мір Баранавіцкага раёна. А ўжо далей лепшыя юныя біятланісты ўвойдуць у склад каманды ад Брэсцкай вобласці і будуць змагацца за першынство на рэспубліканскім узроўні.

Пажадаем усім удзельнікам «Снежнага снайпера» не спыняцца на дасягнутым, а пераможцам — удачы на абласным этапе.

Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік

Больш здымкаў: https://vk.com/album-23306785_282202726