
Прадстаўнікі раённай арганізацыі ТВВАД і РАНС правялі на возеры Лебядзінае заняткі-вучэнні па правілах паводзін на лёдзе з навучэнцамі СШ № 4.
На пачатку мерапрыемства аб правілах паводзін на лёдзе хлопчыкам і дзяўчынкам нагадаў старшыня раённай арганізацыі ТВВАД Юрый Амельянчук, які раздаў кожнаму прысутнаму прафілактычныя брашуры, лістоўкі і распавёў аб асноўных правілах.
Пасля чаго работнікі РАНС змадэлявалі сітуацыю, падчас якой адзін з выратавальнікаў аказаўся пад лёдам, а яго калегі з дапамогай выратавальнай дошкі правялі ўдалую аперацыю па выратаванні.
Мерапрыемства хоць і было нядоўгім па часе, але аказалася для школьнікаў надзвычай карысным. Яно накіравана на павышэнне іх бяспекі ў зімовы час і дапаможа прадухіліць магчымыя пагрозы.
— Многія школьнікі нядрэнна ведаюць тэарэтычныя асновы аб тым, як неабходна паводзіць сябе на лёдзе і як дзейнічаць у выпадку надзвычайнай сітуацыі. Аднак практычныя навыкі гэта крыху іншае, яны больш дэталёва дазваляюць засвоіць набытыя раней веды, а таксама ўбачыць на свае вочы, як павінен паводзіць сябе чалавек і якім чынам ажыццяўляецца аперацыя па яго выратаванні. Галоўнае ж у такой сітуацыі — не панікаваць, а захоўваць спакой. Спадзяёмся, што атрыманыя веды прысутным навучэнцам ніколі не спатрэбіцца, — адзначыла старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Іна Хаваўка.
Пра тое, калі і каму можна выходзіць на лёд і што можа быць з тымі, хто пойдзе супраць правілаў, расказаў старшыня раённай арганізацыі ТВВАД Юрый Амельянчук.

— У сілу таго, што тэмпература апускаецца крыху ніжэй за нуль градусаў або здараецца адліга, то лядовае пакрыццё непастаяннае і тонкае. У такой сітуацыі выхад на яго вельмі небяспечны. Згодна з рашэннем Пружанскага райвыканкама № 2443 ад 04.12.2023г., падставай для якога паслужыў пункт 35 Правілаў аховы жыцця людзей на водах, устаноўлена забарона выхаду на лядовае пакрыццё да таго моманту, пакуль яго таўшчыня не стане сем і больш сантыметраў. У выпадку невыканання грамадзянамі гэтых патрабаванняў яны могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Згодна з артыкулам 24.3 КоАП Рэспублікі Беларусь — непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа (арганізацыі) пры выкананні ёй службовых абавязкаў цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да ста базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт. Таксама хочацца адзначыць, што рыбакі, якія ловяць рыбу з лядовага пакрыцця, абавязаны быць у выратавальнай камізэльцы, падабранай згодна з параметрамі цела. У сваю чаргу, дзецям да 16 гадоў забаронена самастойна наведваць вадаёмы.
Выконвайце правілы бяспекі на лёдзе, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў!
Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік