Грошы заўсёды адносіліся да самых “брудных” рэчаў на планеце: яны праходзяць праз мільёны рук і кашалькоў, папернікаў і манетніц. Разам з грашыма на нашы рукі трапляюць і… вірусы. Таму сёння, з улікам напружанай эпідэміялагічнай сітуацыі, востра паўстае пытанне аб мэтазгоднасці пераходу на аплату тавараў і паслуг па безнаяўным разліку.
Перавага выкарыстання, напрыклад, асабістай банкаўскай карты, якая знаходзіцца ў адных руках, становіцца відавочнай і бясспрэчнай. Вядома, пры ўмове яе рэгулярнай апрацоўкі спецыяльнымі неагрэсіўнымі дэзынфектантамі.
— Каранавірус прымушае ўвесь свет адмовіцца ад наяўных грошай, — кажа галоўны спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу ААТ «ААБ Беларусбанк» Жанна Аляксандраўна Акуневіч. — Вірус выдатна захоўваецца на паверхнях, што ператварае наяўныя грошы ў разносчыка небяспечнай заразы. Але, дзякуючы сучасным тэхналогіям, знікае неабходнасць наведваць банк для аплаты мабільнай сувязі, электраэнергіі, інтэрнэту, камунальных паслуг, крэдытаў і здзяйснення мноства іншых аперацый. Некалькі націскаў клавіш на тэлефоне або клавіятуры камп’ютара — і плацеж паспяхова здзейснены. Балазе, сёння ў нашым раёне працуе 12 інфакіёскаў, 5 банкаматаў і 4 мультыкарыстальніцкія месцы «Беларусбанка». Рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы па павелічэнні лімітаў сумаў аперацый, якія здзяйсняюцца па бескантактнай тэхналогіі — без абавязковага ўводу ПІН-кода. Варыянтаў ажыццяўлення безнаяўных плацяжоў шмат, і кожны можа выбраць найбольш прыдатны для сябе.
Вядома, у бліжэйшы перыяд мы не зможам цалкам адмовіцца ад наяўных грошай. Пакуль жа варта, карыстаючыся імі, строга прытрымлівацца мер перасцярогі.
Вось што прапануе валеолаг УАЗ “Пружанская ЦРБ” Алена Міхайлаўна Крачко:
— Сусветная арганізацыя аховы здароўя настойліва рэкамендуе часцей мыць рукі і не дакранацца да твару пры выкарыстанні наяўных грошай, паколькі працягласць жыцця каранавіруса на папяровым носьбіце складае 3-4 дні, да таго ж, банкноты, у адрозненне ад пластыкавых картаў, вельмі складана дэзынфіцыраваць у хатніх умовах. Таксама спецыялісты рэкамендуюць пры здзяйсненні аплаты наяўнымі не выкарыстоўваць дамінантную руку (тую, якой прывыклі есці, пісаць і якой, як правіла, падсвядома дакранаемся да свайго твару).
Дзеля справядлівасці, варта адзначыць, што ўсе наяўныя грошы, якія сёння паступаюць у Нацыянальны банк, адпраўляюцца ў сховішчы на двухтыднёвы каранцін. Пасля інкубацыйнага перыяду банкноты вяртаюцца ў абарачэнне.
Для параўнання, у Кітаі пытанне з ачысткай банкнотаў вырашаюць вельмі проста: старыя банкноты там проста спальваюцца, наўзамен друкуюцца новыя. У кітайскім Цэнтральным банку плануюць надрукаваць 600 мільярдаў юаняў (гэта больш за 85 мільярдаў амерыканскіх долараў), каб замяніць канфіскаваныя купюры.
Безумоўна, у іншых краінах пандэмія пакуль не прывяла да такога масавага знішчэння нацыянальных валют, але зрабіла безнаяўную аплату пераважнай для ўсіх. Мяняйце свае звычкі — і будзьце здаровыя!
Валерыя Адамчук, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц.