Суббота, 5 октября 2024

Будынак былога гарадскога магістрата: што з ім адбываецца зараз?

1 043

Больш за 500 год доўжыцца гісторыя нашага горада. Маленькі і ўтульны, ён прыцягвае сваімі вулачкамі і, несумненна, помнікамі архітэктуры. Многія з іх з’яўляюцца візітнай карткай горада і вядомы далёка за яго межамі. Наша ж задача — захоўваць гісторыю і спрыяць таму, каб падрастаючае пакаленне, у сваю чаргу, берагло тое, што ацалела праз стагоддзі.

Цэнтр горада — гэта месца, дзе заўсёды кіпіць жыццё. І тут пачынаюцца экскурсійныя і турыстычныя маршруты. На жаль, апошнія некалькі гадоў у сувязі з пандэміяй турыстычны струмень пацішэў. Але ў гэты перыяд з’явіўся час акультурыць помнікі архітэктуры і зрабіць наша мястэчка яшчэ больш прывабным для будучых турыстаў.

А што ж адбываецца насамрэч? Адразу некалькі чытачоў газеты звярнулі ўвагу журналістаў на стары дом па вул. Савецкай, на фасадзе якога раптам з’явіліся дадатковыя пластыкавыя дзверы. Мы паспрабавалі разабрацца ў сітуацыі.

Будынак у цэнтры горада, які знаходзіцца побач з «Універмагам», сапраўды, знаёмы ўсім. Але не ўсе ведаюць, што яму больш за сто гадоў (рубеж XIX-XX стагоддзяў) і ў яго дастаткова багатая гісторыя. Першапачаткова будынак выконваў функцыю гарадскога магістрата, у ім размяшчаліся бурмістры, бухгалтэрыя, сакратарыят, суддзі — усе тыя, хто прадстаўляў гарадскую выканаўчую, адміністрацыйную і судовую ўлады. З 1921 па 1939 гады, калі наша тэрыторыя ўваходзіла ў склад Польшчы, у будынку размяшчалася паліцыя. У гады нямецкай акупацыі была пошта. А пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны памяшканні былі раздадзены пад кватэры.

Цяпер жа мы можам назіраць, што выгляд фасада парушаны (гэта бачна і на здымку). Уласнік аднаго з памяшканняў зрабіў дадатковы ўваход, які змяніў гістарычны выгляд будынка. Дзіўна, але ён не ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, хаця, здавалася б, усе перадумовы для гэтага ёсць. Таму рашэнні па будынку ў кампетэнцыі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі раённага выканаўчага камітэта. І запыты аб змене фасада ў аддзел культуры не патрэбны.

Тут адзначым: калі гэты будынак не ўваходзіць у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, то няма і парушэнняў заканадаўства, а значыць, і пытанняў, здавалася б, ніякіх быць не можа. Але як жа тады быць з тым, што гістарычная каштоўнасць будынка несумненная? Вядома, зараз ствараецца шмат маленькіх крамак у цэнтры горада ў крокавай даступнасці — гэта таксама неад’емная частка турыстычнага развіцця мястэчка. Але ці такой цаной? Усё ж неабходна берагчы, а не разбураць тое, што складае аснову нашай гістарычнай памяці.

Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік