Напэўна, кожны з нас разважаў на тэму прагрэсу і дасягненняў чалавечага генія… Ад кожнай цывілізацыі мы пераймалі веды і паступова прыйшлі да сучаснага грамадства. Цяпер людзі штодзённа карыстаюцца разнастайнымі распрацоўкамі і вынаходніцтвамі, якія падарылі свету лепшыя розумы чалавецтва. І вельмі прыемна ўсведамляць, што на нашай зямлі таксама гадуюцца сапраўдныя навуковыя свяцілы. Да такіх, без перабольшвання, можна аднесці адзінаццацікласніка СШ № 4 Кірыла Апановіча.
Так, вы ўсё правільна зразумелі. У Дзень беларускай навукі мы раскажам пра… школьніка! Выхаваны і крышачку сціплы Кірыл – цвёрды выдатнік, у яго дзённіку не знойдзецца адзнак ніжэйшых за дзевяць. Юнак цікавіцца дакладнымі навукамі, але і з гуманітарнымі ў яго праблем не ўзнікае. З пятага класа хлопец стабільна ўдзельнічае ў шматлікіх алімпіядах і конкурсах па розных прадметах, на якіх заўсёды паказвае цудоўныя вынікі. У мінулым годзе ён заняў першыя месцы ў раённых алімпіядах па беларускай і рускай мовах, ды, увогуле, не раз абараняў раён на абласных этапах алімпіяд па розных прадметах.
Але больш за астатнія школьныя дысцыпліны Кірыла захапляе хімія. Менавіта па гэтым прадмеце пішуцца даследаванні, ствараюцца навуковыя працы. Так, у гэтым навучальным годзе, хлопец прымаў удзел у прэстыжным конкурсе «З навукай у будучыню», у якім на раёне атрымаў дыплом першай ступені, а на вобласці заняў другое месца.
Навуковая праца пад назвай «Фарміраванне ахоўных інтэрферэнцыйных плёнак на тытанавых сплавах у растворах солей артафосфарнай кіслаты» была выканана пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі Вікторыі Багдасаравай.
– Калі перафразаваць простымі словамі, навуковы праект быў прысвечаны распрацоўцы спосабу абароны пратэзаў у арганізме чалавека. На жаль, здараецца, што чалавек пасля сур’ёзнай траўмы вымушаны карыстацца пратэзамі, але не кожны арганізм можа з лёгкасцю прыняць іншароднае цела. Мэтай майго праекта стала стварэнне адмысловых плёнак, якія будуць абараняць пратэз ад непрымання яго арганізмам, – патлумачыў юнак.
Хлопец кажа, што, нягледзячы на вялікі вопыт удзелу ў падобных мерапрыемствах, было страшна абараняць даследчую работу. Але, як мы бачым, ён справіўся на «выдатна».
Апроч навуковых дасягненняў і цудоўнай паспяховасці, Кірыл адметны актыўным удзелам у грамадскім жыцці школы. Юнак займае пасаду сакратара пярвічкі ГА «БРСМ», узначальвае орган вучнёўскага самакіравання – савет старшакласнікаў, з’яўляецца капітанам каманды «Шэсць звілін», якая прымае ўдзел у інтэлектуальных гульнях.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Панасік дала хлопцу наступную характарыстыку:
– Я працую з Кірылам з пятага класа. Ён вельмі здольны вучань, выхаваны, эрудзіраваны, актыўны і проста ўсебакова развіты хлопец, які адказна ставіцца да ўсіх просьбаў. За што б ні браўся гэты малады чалавек, заўсёды будзе вынік. З такімі дзецьмі цяжка развітвацца.
Сам хлопец адзначае, што для высокіх вынікаў яму дастаткова ведаў, якія даюць педагогі, і кажа, што амаль не карыстаецца дадатковай літаратурай, а вось мастацкія творы пачытаць любіць.
Мы папыталі адоранага адзінаццацікласніка і пра далейшыя намеры:
– Дакладна не ведаю, куды паступаць, але я вызначыўся, што на ЦТ буду здаваць хімію, фізіку і матэматыку. Усё ж такі планую звязаць сваё жыццё з гэтымі навукамі, – падзяліўся юнак.
Мы ж упэўнены, што ўсе старанні Кірыла Апановіча будуць апраўданы, хлопец абярэ правільны жыццёвы шлях, рэалізуецца ў тым ліку як навуковец і прынясе карысць грамадству.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік