Чалавеку важна мець магчымасць рэалізацыі свайго творчага патэнцыялу, удасканалення адметных якасцяў, развіцця лідэрскіх задаткаў. Асабліва востра патрэбу ў самарэалізацыі мае самая ўражальная частка грамадства – падлеткі. Добра, што існуюць канструктыўныя аб’яднананні, якія дапамагаюць юнакам і дзяўчатам спатоліць уласныя амбіцыі. Да такіх суполак адносіцца і ўзорны клуб «Teens-фармат», які дзейнічае пры гарадскім Палацы культуры.
Да слова, моладзевае аб’яднанне было арганізавана на мяжы стагоддзяў. Тады, у 1999 годзе, групоўка актыўных маладых людзей называлася «Юніёр-эрудыт клуб», які ў 2005 годзе атрымаў званне «ўзорны». У 2017 годзе клуб быў перайменаваны ў «Teens-фармат».
З 2021 года кіраўніком аб’яднання з’яўляецца Анастасія Ціхановіч. Заўважную падтрымку Анастасіі Яўгенаўне аказвае рэжысёр Наталля Іванцова, якая піша сцэнарыі, рыхтуе відэаролікі, інфармацыйныя стэнды і, увогуле, дапамагае ў арганізатарскай дзейнасці.
– Нягледзячы на значную гісторыю, мы не «закансерваваліся». За столькі год свайго існавання наш клуб перажыў разнастайныя трансфармацыі, але, па сутнасці, мэта засталася нязменнай – гэта выхаванне рознабаковай асобы, – кажа кіраўнік клуба.
Праз разнастайныя мерапрыемствы дарослыя імкнуцца сфарміраваць са сваіх падначаленых неабыякавых грамадзян. Карыстаючыся рознымі метадамі і сродкамі, «Teens-фармат» прыцягвае ўвагу моладзі да актуальных праблем: тлумачыць, што значыць быць патрыётам, папулярызуе здаровы лад жыцця, займаецца прафілактыкай правапарушэнняў, ладзіць спартыўныя мерапрыемствы і забаўляльныя праграмы, прывівае эстэтычны густ.
– Дарэчы, свае ідэі і задумкі можа прапанаваць кожны жадаючы. У нас пануе сапраўдная дэмакратыя, – усміхаецца Анастасія Яўгенаўна. – У канцы навучальнага года, калі плануецца праца на будучы год, мы збіраемся і абмяркоўваем, што хацелася б увасобіць у жыццё. Пры гэтым абапіраемся на традыцыйныя каляндарныя падзеі.
– У нашым калектыве мы з’яўляемся «старэйшымі таварышамі», а не настаўнікамі ў іх прывычным разуменні. Заўсёды стараемся ўлічыць пажаданні дзяцей, вучым іх аргументацыі. І ведаеце, наша моладзь сапраўды творчая і крэатыўная, – дадае Наталля Пятроўна.
Здараецца, што ў наведвальнікаў «Teens-фармату» бывае больш вольнага часу, калі не трэба рыхтавацца да чарговага мерапрыемства. Тады на сустрэчах клуба адбываюцца ўтульныя чаяванні, якія суправаджаюцца шчырымі гутаркамі.
Таксама на пасяджэнні аб’яднання запрашаюцца госці: урачы, псіхолагі, студэнты розных спецыяльнасцяў, – якія дзеляцца з юнакамі і дзяўчатамі карыснай інфармацыяй і жыццёвымі парадамі.
Па статуце ўзорнага клуба ў месяц павінна праводзіцца мінімум два мерапрыемства, але звычайна цікавых ініцыятыў ладзіцца значна больш.
– З апошняга: далучыліся да міжнароднай падзеі «Гадзіна Зямлі», якая штогод праводзіцца 25 сакавіка. Апроч асветніцкай экалагічнай акцыі, мы правялі віквіз «Энергаэкспрэс». Таксама ў Сусветны дзень здароўя, які адзначаўся 7 красавіка, «Teens-фармат» нагадаў жыхарам горада пра неабходнасць умацавання здароўя, – паведаміла Анастасія Ціхановіч.
Сваімі меркаваннямі падзяліліся наведвальнікі ўзорнага клуба.
Дзесяцікласніца СШ № 5 г. Пружаны Кацярына Зубко:
– Я наведваю аб’яднанне ўжо трэці год. Тут заўсёды цікава і весела. У клубе ўлічваецца меркаванне кожнага ўдзельніка: мы разам выпрацоўваем сцэнарыі, прыдумваем, як зрабіць мерапрыемства якасней. Адносіны на роўных: напэўна, гэта з’яўляецца самым прываблівым у нашым клубе, тое, што сапраўды прыцягвае моладзь.
Дзевяцікласніца СШ № 5 г. Пружаны Ангеліна Гарбаценка:
– Тут вельмі прыязная атмасфера, дзе пачуваешся камфортна і спакойна. У клубе з’яўляецца магчымасць удзельнічаць у розных ініцыятывах і спрабаваць новае ў жыцці. Уласна я магу тут не саромецца, а быць сабою і не хвалявацца наконт таго, што я нешта не так скажу: ніхто не будзе кпіць і смяяцца. Словам, «Teens-фармат» дорыць цудоўныя эмоцыі і з’яўляецца выдатнай пляцоўкай для самарэалізацыі.
Юлія Янушка, фота аўтара