Неймаверных скачкоў цэн на прадукты харчавання быць не можа. Аб гэтым заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло ў праграме «Паспець да паўночы» на тэлеканале «Беларусь 1», паведамляе БЕЛТА.
«На фоне спецаперацыі многія нядобрасумленныя ігракі на рынку завысілі цэны. Было даволі складана працаваць у гэтым фінансавым дыяпазоне, таму што ўзраслі цэны на бялковую сыравіну, на ветэрынарныя прэпараты — дзесьці абгрунтавана, а дзесьці не. Праваахоўныя органы і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю назіраюць за ўсімі гэтымі працэсамі», — сказаў Ігар Брыло.
Для Мінсельгарсхарча важны цэнавы фактар перш за ўсё бялковай сыравіны, таму што гэта аб’ёмны складнік для Беларусі. «Напрыклад, сланечнікавы і соевы шрот будзе прысутнічаць у кармленні і свіней, і птушак. Ён з’яўляецца даволі ёмістым складнікам камбікармоў. І калі цэнавы фактар гэтай сыравіны будзе вышэйшы, то будзе складаней кампенсаваць цану на канечны прадукт харчавання», — дадаў міністр.
«Аднак для нашай краіны важны сацыяльны напрамак — гэта спажывец прадукцыі. У нашых прадпрыемстваў стаіць задача адшукаць унутраныя рэзервы, каб цэны на прадукты харчавання не былі завоблачнымі. Неймаверных скачкоў цэн быць не можа», — канстатаваў кіраўнік ведамства.