Безумоўна, невялічкая малочнатаварная ферма ААТ “Велікасельскае Агра”, што ў вёсцы Ялова, значна саступае сучасным комплексам і знешнім выглядам, і тэхнічным абсталяваннем. Здаецца, тут усё як было ў “калгасныя” часы, вось толькі малакаправод новы ды для маладняку новыя пластыкавыя “кватэркі” завезены. Затое жывёлаводы на ферме асаблівыя: шчырыя і працавітыя. І вынікі іх працы – зайздросныя.
— У мінулым годзе ад кожнай кароўкі мы атрымалі 8380 кг малака, і ўсё яно на 100% гатунку “экстра”! — з задавальненнем канстатуе брыгадзір МТФ Алена Андрэеўна Касюк, якая працуе ў Ялова больш за трыццаць гадоў. — Ужо даўно пайшла б на пенсію, але, на жаль, працоўных рук і так не хапае.
Але, гледзячы на тое, як падчас нашай размовы з клетак павыходзілі цяляткі і пачалі ў літаральным сэнсе аблізваць рукі жанчыны, стала зразумела, што, ці дакладней хто, яе тут утрымлівае…
— Я нават жартую: калі развітаюся з фермай, то трэба вакол яе ўзводзіць высокі плот, каб я са сваёй хаты (яна зусім побач) не чула рычання каровак, не бачыла гэтых маленькіх плямістых прыгажуноў. А то як пачну сумаваць, усё кіну і зноў прыбягу, — смяецца брыгадзір.
Сама Алена Андрэеўна не тутэйшая, са Столінскага раёна. Пасля школы марыла паступаць у медыцынскае вучылішча, але пабаялася конкурсу і рэзка змяніла планы. Пасля заканчэння Пінскага саўгаса-тэхнікума па размеркаванні трапіла на Пружаншчыну, у калгас імя Свярдлова. Тут і засталася, выйшла замуж, нарадзіла траіх дзетак. Дарэчы, старэйшы сын Юрый працуе сёння побач з маці на ферме кладаўшчыком, а малодшы сын і дачка сябе знайшлі ў прадпрымальніцкай сферы…
— Ні разу я не пашкадавала пра свой прафесійны выбар, — шчыра прызнаецца жанчына. — Лічу, што сельская гаспадарка і я — даволі гарманічнае спалучэнне. Напэўна, таму, што вырасла ў вялікай сям’і. Мама працавала малаказборшчыцай, а тата – у будаўнічай брыгадзе калгаса. Мы, пяцёра дзяцей, з малых гадоў былі прывучаны на зямлі працаваць і пра жывёлу клапаціцца.
Напэўна, ад бацькоў Алена Андрэеўна навучылася добра ладзіць і з людзьмі. Сёння ў яе ў падначаленні працуе 23 чалавекі: даяркі, жывёлаводы, вартаўнікі і слесары. Працуюць як адна каманда — на вынік. Таму нядзіўна, што вельмі паважае ялоўскага брыгадзіра і кіраўніцтва гаспадаркі.
Як запэўнівае намеснік дырэктара ААТ “Велікасельскае Агра” па ідэалагічнай рабоце Мікалай Васільевіч Ляўчук, Алена Касюк — чалавек адказны, старанны, добрасумленны, які ўсім паказвае прыклад таго, як працуюць сапраўдныя гаспадары.
— Вядома, наша праца не з лёгкіх, — прызнаецца жанчына. — Даводзіцца і ў святы, і ў выхадныя ісці на ферму. Але хто, як не мы, будзе жывёлу карміць, каровак даіць і цялятак даглядаць? На жаль, моладзь не вельмі імкнецца да вясковага жыцця. Але, спадзяюся, калі ў нашай вёсцы, як плануецца, будзе ўзведзены новы комплекс, то вырашыцца і гэтае пытанне.
Алена Зялевіч. Фота аўтара.