Дабрачынная акцыя «У школу з Добрым Сэрцам» стартавала ў нашай краіне яшчэ напачатку жніўня, а яе ўдзельнікамі сталі многія пярвічкі БРСМ з розных арганізацый Пружанскага раёна.

На мінулым тыдні першы сакратар Пружанскага раённага камітэта ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук сумесна з сакратаром пярвічнай арганізацыі ААТ «Ружаны-Агра» Юліяй Чыжык наведалі восем сем’яў і павіншавалі іх з новым навучальным годам.
У кожнай сям’і дзецям уручылі прыемныя падарункі, якія спатрэбяцца ім у школьным жыцці. Вучні маглі пагутарыць са сваімі гасцямі і задаць ім хвалюючыя пытанні, на кожнае з якіх атрымалі адказ. Вядома, не абышлося і без прыемных пажаданняў з боку прадстаўніц ГА «БРСМ». Ну а напрыканцы сустрэчы ўсіх чакала сумеснае фота, якое захавае памяць пра гэту выдатную падзею.

А ўжо на гэтым тыдні да акцыі далучыўся калектыў філіяла Пружанскія электрычныя сеткі РУП «Брэстэнерга», на чале з дырэктарам Аляксандрам Усікам. Работнікі арганізацыі наведалі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзе іх ва ўтульнай абстаноўцы сустрэлі навучэнцы. Насамрэч гэта іх далёка не першая сустрэча, таму дзеці з нецярпеннем чакалі гасцей.
— Сёлета спаўняецца роўна 20 гадоў з моманту нашага першага візіту ў гэтую ўстанову. Мы ўжо добра знаёмыя з дзецьмі. За ўвесь гэты час яны сталі для нас вельмі блізкімі, таму наведваць іх асабліва прыемна. Мы імкнёмся дарыць цэнтру тыя падарункі, якія сапраўды неабходны дзецям і якія здольны зрабіць іх знаходжанне тут максімальна камфортным. Мы і надалей будзем удзельнічаць у падобных акцыях і прыносіць радасць нашым маленькім сябрам. Заўсёды прыемна бачыць усмешку на тварах дзяцей — гэта і з’яўляецца асноўным штуршком для здзяйснення падобных мерапрыемстваў, — падкрэсліў намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП «Брэстэнерга» Пружанскія электрычныя сеткі Юрый Русецкі.

Што ж да самога мерапрыемства, то яно было напоўнена пазітыўнымі і прыемнымі момантамі. Спачатку выхаванцы цэнтра парадавалі гасцей сваім вершаваным выступленнем, пасля чаго згулялі ў гульню пад назвай «Збяры партфель», у якой неабходна было з заплюшчанымі вачамі знайсці і выбраць тыя прылады, якія неабходны ў школьным жыцці. Ну і, вядома, галоўным момантам мерапрыемства стала ўручэнне падарункаў, якіх было нямала, што вельмі ўзрадавала прымаючы бок. Госці таксама не засталіся без прэзенту — ім дзеці падарылі падшыўку ўласнага вырабу.
— Гэтыя мерапрыемствы заўсёды чакаюць дзеці, пры гэтым не гасцей, а добра вядомых сяброў. Таму нашы сустрэчы заўсёды напоўнены дабрынёй і праходзяць ва ўтульнай атмасферы. Ад усяго нашага калектыву хачу выказаць вялікую падзяку работнікам Пружанскіх электрасетак, якія ў чарговы раз наведалі наш цэнтр і ўручылі вялікую колькасць падарункаў, — адзначыла дырэктар Пружанскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Наталля Красевіч.
Такія акцыі робяць шчаслівымі не толькі дзяцей, але і прыносяць душэўную цеплыню для дарослых.
Руслан Басак.
Фота Кацярыны Масік і Руслана Басака