Прыемныя навіны ў ПМК-21 прывезла каманда арганізацыі, якая прыняла ўдзел у абласных спартыўных гульнях аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі «Брэстаблсельбуда».
Спартыўны турнір сярод будаўнікоў праходзіў на стадыёне г. Бяроза. Пазмагацца за званне мацнейшых у суседні райцэнтр прыехала 21 каманда з розных будаўнічых арганізацый. Пружанскі раён прадстаўляла каманда механізаванай калоны, у склад якой увайшло 19 работнікаў.
Як расказала старшыня прафсаюзнай пярвічкі Таццяна Гвоздзік, усе яны старанна рыхтаваліся да гульняў. І гэта дало вынік. Праграма ўключала восем дысцыплін. Найбольш паспяховымі для пружанцаў сталі валейбол, дзе нашы занялі другое месца, і міні-футбол — тут ПМК-21 на трэцім месцы.
Удала прадставіла сябе каманда ў спаборніцтвах па гіравым спорце, настольным тэнісе, більярдзе, дартсе, плаванні і стральбе. У выніку пружанскія будаўнікі ўзняліся на агульнакамандны п’едэстал і занялі трэцяе месца. Такім чынам, свой мінулагодні вынік пружанская ПМК-21 палепшыла ажно на пяць пазіцый. Камандзе ўручаны дыпломы і кубкі.
Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена ПМК-21