Першы рэгіён стаў лідарам не толькі ва ўборачнай кампаніі, але і ў сяўбе азімых. Таму і свята хлебаробаў — «Дажынкі» — тут правялі першымі. У гэтым годзе сталіцай фестывалю-кірмашу сталі Мікашэвічы Лунінецкага раёна. Каб павіншаваць аграрыяў і выказаць словы падзякі за нялёгкую працу, завітаў на свята і сам Першы — Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Дэлегацыю Пружаншчыны гасцінна сустрэлі на тэрыторыі Лунінскага сельсавета. Старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаілу Грышкевічу паднеслі каравай, спечаны з мукі новага ўраджаю.
Само ж свята праходзіла ў прыгожых Мікашэвічах, якія паспелі аднавіцца і сустракалі гасцей ярка, шумна, весела. На вуліцах і завулках горада раскінуліся шматлікія падворкі, культурныя і гастранамічныя лакацыі, выставы. Кожны з падворкаў быў арыгінальны, адметны, каларытны. Лакацыя Пружаншчыны была такой светлай, нават, карункавай, з яркімі фарбамі і звонкімі песнямі. А яшчэ трапным гумарам і багатым сталом. Дзяўчаты з хлопцамі запрашалі ў госці пакаштаваць прысмакаў з «краіны малака». Ганаровым гасцям, а імі былі першы намеснік старшыні Брэсцкага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў краіны, уручылі сувеніры, зробленыя рамеснікамі нашага раёна.
Галоўнае ж дзейства праходзіла на сцэнічнай пляцоўцы на цэнтральнай плошчы. Чакалі Прэзідэнта, які некалькі дзён знаходзіўся з рабочым візітам на Брэстчыне. У 11 гадзін загучалі ўрачыстыя фанфары і Кіраўнік дзяржавы падняўся на сцэну.
На працягу ўсяго выступлення беларускага лідара ў душы была гордасць за нашу краіну, яе працалюбівы народ, хлебаробаў, жывёлаводаў, работнікаў перапрацоўчых прадпрыемстваў. Мы, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, вырасцілі добры ўраджай, які разам са збожжавымі, рапсам, кукурузай склаў 10 млн тон. Толькі Брэсцкі рэгіён зрабіў унёсак у агульны рэспубліканскі каравай больш за 2 млн тон. Прэзідэнт паставіў задачу пастарацца ў 2025 годзе вырасціць ураджай на 2,5 млн тон. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык урачыста абяцаў выканаць наказ Главы дзяржавы.

На працягу ўсёй сваёй прамовы Аляксандр Лукашэнка славіў чалавека працы. «Вы сапраўды героі нашага дня. Час выбраў вас!» — адзначыў беларускі лідар. Затым Аляксандр Рыгоравіч уручыў дзяржаўныя ўзнагароды лепшым аграрыям краіны. Сярод іх трактарыст-машыніст ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Баран, які атрымаў з рук Прэзідэнта медаль «За працоўныя заслугі».
Падзяка Прэзідэнта аб’яўлена калектыву работнікаў ААТ «Агра-Калядзічы». А разам з Падзякай — падарункавы сертыфікат на трактар «Беларус 1221.3». Узнагароду Аляксандр Лукашэнка ўручыў дырэктару прадпрыемства Сяргею Субоце і галоўнаму інжынеру Аляксандру Кадуку. Дарэчы, Аляксандр Кадука таксама быў узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Рэспублікі. Яе ўручыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, упаўнаважаны Кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Міхаіл Русы.
Падчас свята хлебаробаў былі агучаны раёны, якія сталі пераможцамі абласных спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. І першае месца за нашым раёнам! Узнагароду старшыня аблвыканкама Пётр Пархомчык уручыў старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаілу Грышкевічу.

Кіраўнік вобласці таксама адзначыў поспехі працаўнікоў Пружанскага раёна. Больш за 50 ц/га намалочана насення рапсу ў 8 сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці. У ліку лідараў — ААТ «Велікасельскае Агра» з ураджайнасцю 55,1 ц/га.
Словы падзякі ад губернатара прагучалі ў адрас машыністаў з ААТ «Ружаны-Агра» Сяргея Левянкова, Андрэя Паўловіча, Андрэя Юрэні і Дзмітрыя Лазара, якія высушылі на ЗСК каля 20 тыс. тон збожжа.
Узнагароды таксама атрымалі і іншыя прадстаўнікі нашага раёна.
Напрыканцы ўшанавання і ўзнагароджання старшыня аблвыканкама Пётр Пархомчык назваў сталіцу абласных «Дажынак-2025» — горад Белаазёрск Бярозаўскага раёна.
Затым быў дадзены святочны канцэрт, насычаны лепшымі нумарамі майстроў мастацтва Брэсцкай вобласці, а таксама з выступленнем Му-ніцыпальнага харэаграфічнага ансамбля «Зоренька» г. Пензы Расійскай Федэрацыі.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара
Глядзець фотаальбомы: https://vk.com/album-23306785_304399753 і https://ok.ru/budni/album/983943970952
