Четверг, 16 января 2025

Брэсцкія дэсантнікі запрасілі пружанскіх старшакласнікаў на прафарыентацыйную сустрэчу і канцэрт ВІА «Арлы над Бугам» (+фота)

329

7 лютага ў Палацы культуры адбылася сустрэча прадстаўнікоў 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Брэсцкай Венскай Чырванасцяжнай брыгады са старшакласнікамі раёна.

У фае дэсантнікі ў экіпіроўцы снайпера і разведчыка дэманстравалі розныя віды стралковай зброі: аўтаматы, кулямёты, снайперскія вінтоўкі. Таксама стварылася немаленькая чарга з жадаючых бліжэй пазнаёміцца з ваенным абмундзіраваннем і амуніцыяй.

Як адзначыў афіцэр дэсантна-штурмавой брыгады гвардыі маёр Дзмітрый Бялецкі, прафарыентацыйнае мерапрыемства прымеркавана да 105-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

— Мэта нашага візіту — ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі. Раскажам падлеткам, што ўяўляе сабой дэсантная служба, як жывуць салдаты і афіцэры, як арганізаваны заняткі па баявой падрыхтоўцы, якой зброяй і формай адзення карыстаюцца ў войску, а завершыцца мерапрыемства канцэртам ваеннаслужачых нашай брыгады, — даў каментарый Дзмітрый Бялецкі. — Сустрэча павінна сагітаваць маладых людзей да паступлення ў ваенныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, а таксама да службы па кантракце ў шэрагах 38 вайсковай часці.

Падчас выступлення ў зале камандзір змешанага артылерыйскага дывізіёна 38-й брыгады гвардыі падпалкоўнік Вадзім Рудзь перад вялікай аўдыторыяй дакладна адчуваў сябе ў сваёй талерцы. Мужчына з гумарам падышоў да выкладання інфармацыі, дасціпна жартаваў і хутка выклікаў прыхільнасць аўдыторыі.

Афіцэр расказаў пра перавагі кантрактнай службы, патлумачыў, якія захады неабходна зрабіць для таго, каб трапіць у брыгаду, і падкрэсліў, што застаюцца тут выключна лепшыя. Яго расказ суправаджаўся відэаматэрыялам, які канчаткова дапамог прысутным сфарміраваць вобраз тыповага дэсантніка.

— Шчыра запрашаем вас на службу ў 38 брыгаду, якая як нельга лепш асацыюецца са словазлучэннем «знак якасці». У нашых шэрагах вы загартуецеся фізічна, выхаваеце пачуццё адказнасці, патрабавальнасці, у першую чаргу, да сябе. 38 вайсковая часць, без перабольшвання, займае вядучае месца ва Узброеных Сілах нашай дзяржавы. Таму вы можаце смела рабіць выбар на нашу карысць, — завяршыў выступленне Вадзім Рудзь.

Гучнымі апладысментамі пружанцы сустрэлі вакальна-інструментальны ансамбль «Арлы над Бугам». Дэсантнікі-музыкі парадавалі прысутных якаснымі нумарамі (трэба адзначыць, што рэпертуар у ансамбля сапраўды багаты) і знайшлі сабе новых фанатаў.

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбом з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_291120996