Брэсцкая вобласць адзначыла 85-годдзе з дня ўтварэння. З нагоды гэтай даты ў абласным цэнтры адбыліся святочныя мерапрыемствы.
На вуліцы Ленінградскай, каля Палаца спорту «Вікторыя», разгарнуліся пляцоўкі, прадстаўленыя раённымі цэнтрамі Брэстчыны з узорамі дасягненняў, адметнасцямі, самабытнасцю, гістарычнымі асобамі. Было чаму падзівіцца, парадавацца, пра што даведацца.
Прадстаўнічая дэлегацыя Пружанскага раёна, якую ўзначаліў першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Глушко, прыняла ўдзел у свяце. У склад дэлегацыі ўвайшлі член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Пішч, прадстаўнікі Маладзёжнага парламента пры Пружанскім райсавеце дэпутатаў на чале з яго старшынёй Дзянісам Цямчыкам.
Мы наведалі ўсе пляцоўкі, але пружанская была самай прыгожай, разнастайнай. На ўваходзе нас сустракаў сімвал Брэстчыны — зубр, выраблены з салёнага цеста так па-майстэрску, што адрозніваўся ад жывога толькі па значна меншым маштабе выявы. Тут можна было азнаёміцца са стэндамі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, прадэгуставаць стравы Пружаншчыны, сыры ААТ «Пружанскі малочны камбінат», пагутарыць з народным майстрам Рэспублікі Беларусь Марыяй Кулецкай. Пад кіраўніцтвам Марыі Мікалаеўны ўсе жадаючыя мелі магчымасць паспрабаваць сілы ў роспісе па шкле. На экране дэманстраваўся ролік, які расказваў пра наш раён. Было цікава, змястоўна, павучальна.
Асноўнае дзеянне ўрачыстасцей разгарнулася на сцэне «Вікторыі». Яно складалася з віншавальных слоў і ўзнагароджання лепшых прадстаўнікоў паўднёва-заходняга рэгіёну.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой зачытаў Прывітальны адрас жыхарам вобласці ад Кіраўніка дзяржавы.
«Сёння на выставе дасягненняў шмат разоў гучаў выраз «Мы — заходнія вароты». Гэта сапраўды так. Любы госць, іншаземец, прыязджаючы з Захаду ў нашу краіну, першыя ўражанні аб рэспубліцы складае па брэстаўчанах, па Брэсцкай вобласці, па вашых дасягненнях. Вы сапраўды ў гэтым плане — вітрына нашай краіны», — акцэнтаваў увагу Дзмітрый Крутой. Ён цёпла павіншаваў жыхароў Брэсцкай вобласці з юбілеем, пажадаў увасаблення намечаных планаў і ўручыў заслужаным працаўнікам узнагароды.
Пяць чалавек удастоены звання «Ганаровы грамадзянін Брэсцкай вобласці». Цырымонія іх ушаноўвання адбылася падчас урачыстага мерапрыемства. Такога ганаровага звання ўдастоены старшыня Брэсцкага аблвыканкама ў 2004 —2014 гадах Канстанцін Сумар, галоўны ўрач Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы Аляксандр Карпіцкі, генеральны дырэктар ААТ «Савушкін прадукт» Аляксандр Саўчыц, дырэктар унітарнага аграрнага прадпрыемства «Моладава-Агра» Сцяпан Халько і дырэктар ААТ «Парахонскае» Уладзімір Храленка. Старшыня аблвыканкама Пётр Пархомчык павіншаваў ганаровых грамадзян з гэтым званнем, уручыў ім адпаведныя сертыфікаты. Акрамя гэтага, Пётр Аляксандравіч узнагародзіў лепшых працаўнікоў Брэсцкай вобласці. Сярод іх і пружанец Андрэй Кунда, які працуе манцёрам Пружанскага раёна газазабеспячэння. Пра яго мы раскажам у адным з нумароў газеты на наступным тыдні.
З віншавальнымі словамі таксама выступілі намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Юрый Шулейка, старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Міхаіл Русы і іншыя.
Затым адбыўся святочны канцэрт майстроў мастацтваў Брэсцкай вобласці.
Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара
Фотаальбомы тут: https://vk.com/album-23306785_305196162 і https://ok.ru/budni/album/985785566344