Імя Ірыны Супрунчык (у дзявоцтве Глушко), якая сёння жыве і працуе ў Брэсце, наўрад ці вядома вялікаму колу жыхароў нашага раёна. Ураджэнка Пружан, у далёкім мінулым — выпускніца нашай СШ №1 імя ЧБВА, у свой час вырашыла звязаць сваё жыццё з той сферай дзейнасці, якая здавалася ёй найбольш блізкай, камфортнай, цікавай — з медыцынай.

У абранай сэрцам прафесіі жанчына знайшла сваё сапраўднае прызванне, а ў няпросты для грамадства «кавідны» перыяд была ўдастоена ганаровай узнагароды — медаля «За працоўныя заслугі», які ўручыў ёй Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Фотаздымак на першай старонцы газеты «СБ. Беларусь сегодня» за 8 жніўня 2020 года, які, прызнацца, выпадкова трапіў у рукі, і стаў падставай для размовы з нашай зямлячкай.
Пасля заканчэння школы Ірына Супрунчык паступіла ў Брэсцкае медвучылішча. Падчас навучання ў гэтай установе будучая медыцынская сястра ўпэўнілася, што выбар зрабіла правільны: у яе ўсё атрымлівалася проста, натуральна! Пасля атрымання дыплома ўладкавалася ў Брэсцкую цэнтральную гарадскую бальніцу на пасаду медсястры-анестэзіста ў аддзяленне рэанімацыі і анестэзіялогіі.
— Медсястра-анестэзіст — гэта ўніверсальная медсястра, якая можа працаваць і на пасту, і ў аперацыйнай, — расказвае Ірына Мікалаеўна. — Па ўнутраным размеркаванні работы я была таксама медсястрой перавязачнай. У мае абавязкі ўваходзіла многае.
За 19 гадоў працы ў аддзяленні медсястра-анестэзіст, якая ў момант правядзення аперацый знаходзілася побач з урачом і пацыентам, бачыла многае. І, зыходзячы з асабістага вопыту, сцвярджае, што эмацыянальна гэта вельмі складаная праца.
— Асабліва няпроста было працаваць у час кавіду. Нагрузка павялічылася ў разы, хворых было вельмі многа, што ўжо казаць пра адказнасць працы, — дзеліцца Ірына Мікалаеўна. — У рэанімацыі пацыенты заўсёды складаныя, але ў той перыяд — асабліва: практычна ўсе знаходзіліся на апаратах ШВЛ…
Самаахвярная, адказная, прафесійная праца жанчыны была высока ацэнена кіраўніцтвам бальніцы і стала рашучым крокам да атрымання медаля «За працоўныя заслугі». 7 жніўня 2020 года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сабраў у Палацы Незалежнасці ў Мінску для ўзнагароджання лепшых прадстаўнікоў медыцынскай галіны, якія ўнеслі асаблівы ўклад у барацьбу з пандэміяй. У ліку абраных з усёй рэспублікі была і ўраджэнка Пружан Ірына Супрунчык.
— Канечне, гэта было вельмі прыгожае, урачыстае мерапрыемства. Ды толькі атрыманую ўзнагароду я пазіцыянірую як заслугу і вялікае дасягненне ўсяго стацыянара нашай Брэсцкай цэнтральнай гарадской бальніцы. Мы ўсе працавалі ў складаных умовах, і ўсім было нялёгка. Проста так склаліся абставіны, што я была навідавоку, — сціпла расказвае яна пра сваю ўзнагароду.
Як кажа Ірына Мікалаеўна, папярэднічалі гэтаму і перамога ў бальнічным конкурсе на лепшую медсястру стацыянара, і атрыманне Ганаровай граматы Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама.
З 2022 года Ірына Супрунчык працуе ў дзіцячай паліклініцы № 3 г. Брэста. Прыёмы з участковым урачом, сястрынскія прыёмы кожны дзень, патранажы дзетак дома, вядзенне вялікай колькасці дакументацыі…
— Я б не сказала, што гэтая праца прасцейшая, чым у рэанімацыйным аддзяленні. Проста абсалютна іншы накірунак медыцынскай дзейнасці: не з дарослымі, а з дзецьмі, не ў стацыянары, а ў паліклініцы. Тут свае ёсць нюансы, — зазначае жанчына. — Ды для чалавека, які па закліку душы абраў сабе жыццёвы шлях медыка, цікавым будзе ўсё, што звязана з гэтай прафесіяй.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці медыцынскіх будняў, з якімі даводзіцца сутыкацца ці не кожны дзень, Ірына Мікалаеўна ўпэўнена: праца для яе — падарунак лёсу.
— Вялікая каштоўнасць для мяне і ўзаемаадносіны, якія выбудоўваюцца ў калектыве. Тут таксама ёсць вялікае поле для самаўдасканалення, развіцця самых важных агульначалавечых якасцяў, без якіх немагчыма паспяховая камунікацыя людзей, — разважае медыцынская сястра, якая, між іншым, з’яўляецца тройчы мамай. — У нашай працы патрэбны камандны падыход, кожнаму трэба імкнуцца да ўзаемадапаўняльнасці, каб працэс быў зладжаны. Трэба таксама вучыцца разумець адзін аднаго з паўслова, каб нашы пацыенты заўсёды атрымлівалі выключна прафесійную і абавязкова своечасовую медыцынскую дапамогу.
Вольга Басак. Фота з асабістага архіву Ірыны Супрунчык