Воскресенье, 13 октября 2024

Брава, Валерыя!

374

Кожны чалавек, уступаючы ў новы год, жыве надзеямі, чакае новай радасці, якая залежыць і ад новых поспехаў. Аглядаючыся на падзеі мінулага года, якія часта з’яўляюцца падмуркам для новых дасягненняў, трэба ісці далей, працаваць, вучыцца, верыць і любіць.

На здымку: момант гульні ў Албаніі. Валерыя Імховік — на першым плане. Фота з сайта wfbelarus

Мы ўжо раней пісалі пра паспяховую спартсменку, нашу зямлячку Валерыю Імховік. Лера — былая навучэнка Пружанскай ДЮСШ №1, каля шасці гадоў яна займалася на аддзяленні футбола. Потым вучылася ў Рэспубліканскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву і гуляла за каманду РДВАР, з’яўляючыся яе капітанам. 2023 год быў для дзяўчыны даволі знакавым. Спартсменка паспяхова скончыла РДВАР, паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і перайшла ў новую каманду — Асацыяцыі беларускай федэрацыі футбола ва ўзроставай групе да 19 гадоў.

Як адзначае сама Валерыя, на новым месцы для гульцоў створаны вельмі добрыя ўмовы. Галоўны трэнер Уладзімір Шындзікаў, трэнеры Аляксандр Чайка, Ігар Харлан накіраваны на развіццё маладых спартсменаў, удасканальванне іх тэхнічных і тактычных навыкаў і ўменняў. У 2023 годзе каманда ўпершыню за час свайго існавання заняла трэцяе месца ў дарослым чэмпіянаце РБ. На базе каманды АБФФ і будуецца зборная Беларусі WU-19.

На здымку: момант гульні ў Албаніі. Фота з сайта wfbelarus

Трэба адзначыць, што Валерыі ўсяго 17 гадоў, але яна з’яўляецца асноўным абаронцам каманды, дзе гуляюць дзяўчаты старэйшыя за яе. У 2023 годзе Валерыя ў складзе зборнай РБ WU-19 выступіла на чэмпіянаце Еўропы, лігі «А». Дарэчы, нашы спартсменкі гэтага ўзросту першы раз гулялі ў гэтай лізе — і гэта таксама было дасягненнем. Першы раунд Чэмпіянату Еўропы адбываўся ў Албаніі. Самым рашаючым для беларускай зборнай стаў матч са зборнай Шатландыі, які выдаўся вельмі напружаным. Барацьба шла за перавагу на кожным метры футбольнага поля, за кожны мяч! Лік — 1:1. І тут на 60 мінуце наша зямлячка Лера Імховік забівае пераможны гол! Лера, якая гуляла на пазіцыі абаронцы, прайшла па флангу амаль усё поле і паклала мяч прама ў «дзявятку».

Перамога з лікам 2:1 дала зборнай Беларусі права выхаду ў другі адборачны раунд чэмпіянату Еўропы лігі «А», які адбудзецца вясной 2024 года.

Пра значную падзею Валерыя расказвае даволі сціпла: «Заўжды прыемна забіваць галы за зборную Беларусі».

У вольны ад вучобы і трэніровак час, якога зусім няшмат, дзяўчына любіць чытаць кнігі. А самымі важнымі і знакавымі людзьмі ў сваім жыцці лічыць сваю каманду і сваіх цяперашніх трэнераў, першага трэнера Алену Адамчук і, канечне, сваю сям’ю. Мама для Леры з’яўляецца галоўным памочнікам і дарадчыкам па жыцці.

Пажадаем Валерыі і ўсім нашым зямлякам у прафесійным спорце поспехаў, новых узнагарод! Бо іх поспехі — гэта і наш гонар за Пружаны, і наогул за сваю краіну.

Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ.