Думаецца, што каштоўнасць узнагароды, якую ўручыў дырэктару
ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Аляксандру Лосю старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч падчас адзінага дня інфармавання, не менш значная за тыя дыпломы і медалі, што прадпрыемства атрымлівала па выніках працоўных дасягненняў на ўсіх узроўнях.
Справа ў тым, што ў рэспубліцы ажыццяўляецца прафілактычны праект «Здаровыя гарады і пасёлкі». У рамках яго ў Брэсцкай вобласці праводзіўся конкурс на лепшае фарміраванне сяброўскага дзецям гарадскога асяроддзя. Як абвясціла галоўны санітарны ўрач раёна Кацярына Папко, у конкурсе прымалі ўдзел 36 дзіцячых пляцовак з усіх раёнаў Брэстчыны. У намінацыі «Лепшая дзіцячая гульнявая пляцоўка ў існуючай забудове горада, пасёлка ці аграгарадка» першае месца прысуджана ААТ «Пружанскі малочны камбінат».
Аляксандр Лось прыняў галоўны прыз і дыплом з рук Міхаіла Грышкевіча.
Не сумняваюся, што падобную ўзнагароду прадпрыемства заслужыла па праве: пляцоўка, якая з’явілася ў падарунак дзецям горада напярэдадні 590-га юбілею Пружан, на самай справе, вельмі добрая, займальная і якасная. Яе ацанілі як дзеткі, так і іх бацькі. І мы спадзяёмся, што такімі ці падобнымі пляцоўкамі, створанымі дзеля нашых дзяцей, дзеля будучыні, горад будзе прырастаць пастаянна.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік