Баршчэўнік Сасноўскага з’явіўся на тэрыторыі былога СССР у сярэдзіне 20-га стагоддзя як кармавая і дэкаратыўная культура. Але аказалася, што «гіганцкі кроп» — расліна агрэсіўная, небяспечная, чужародная. Сёння ёй аб’яўлена сапраўдная вайна.
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28.11.2012 года №1087 былі зацверджаны Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. Згодна з шостым пунктам гэтага дакумента, цяпер мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы павінны да 1 снежня зацвярджаць планы мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага і іншых відаў інвазіўных раслін на кожны наступны каляндарны год. Акрамя таго, павінны складацца спісы юрыдычных і фізічных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, адказных за выкананне запланаваных мерапрыемстваў, указвацца канкрэтныя месцы, дзе растуць баршчэўнік і іншыя віды інвазіўных раслін. Мяркуецца, што, скаардынаваўшы дзеянні па барацьбе са шкоднымі раслінамі, можна цалкам зняць пагрозу з біялагічнай разнастайнасці нашага арэала.
Сёлета з мясцовага бюджэту на барацьбу з баршчэўнікам Сасноўскага было выдзелена 20 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Сродкі прыназначаны для пакупкі гербіцыдаў і стварэння сезоннай брыгады рабочых па знішчэнні баршчэўніку. Брыгада працуе ў тым ліку і па заяўках сельвыканкамаў: дастаткова пакінуць спіс з указаннем тэрыторый, дзе выяўлены расліны. Выключэнне складаюць землі сельскагаспадарчых і іншых арганізацый — іх апрацоўваць за бюджэтныя грошы не стануць: клапаціцца пра парадак на зямлі гэтыя арганізацыі павінны за ўласныя сродкі.
Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя рэгулярна абмяркоўвае і дае ацэнку рабоце, якая праводзіцца суб’ектамі гаспадарання па папярэджанні далейшага распаўсюджання і знішчэння шкодных раслін, у тым ліку і на пасяджэннях пастаяннай камісіі па аграрных пытаннях і экалогіі раённага Савета дэпутатаў.
— Пытанні рэгулявання распаўсюджання і колькасці баршчэўніку знаходзяцца на пастаянным кантролі райвыканкама, прадпрыемстваў і арганізацый, кантралюючых службаў раёна, — сцвярджае начальнік інспекцыі Б.С.Андрушка. — Баршчэўнік расце на тэрыторыі 4 сельсаветаў: Ружанскага, Пружанскага, Зеляневіцкага, Сухопальскага і 9 суб’ектаў гаспадарання: КУВП «Камунальнік», ААТ «Ружаны-Агра», ДЛГУ «Пружанскі лясгас», ДЭУ-25, ААТ «Пружанскі льнозавод», ААТ «Радзіма», Пружанскія электрасеткі, ААТ «Жураўлінае», ААТ «Пружанскае».
З мэтай выяўлення шкоднай расліны і ажыццяўлення кантролю за яе знішчэннем у 2013 годзе пры райвыканкаме стварылі міжведамасную камісію. У арганізацыях, на тэрыторыі якіх расце баршчэўнік, былі назначаны адказныя асобы за выкананне мерапрыемстваў па недапушчэнні распаўсюджання інвазіўнай расліны.
Як змагацца з «гіганцкім кропам»?
— Увогуле, асноўным спосабам барацьбы з баршчэўнікам застаецца скошванне расліны да з’яўлення на ёй насення, а там, дзе гэта не будзе шкодна для здароўя людзей, — прымяненне гліфасатутрымліваючых гербіцыдаў. А найлепшы эфект — ад камбінацыі гэтых двух спосабаў, — гаворыць Баляслаў Станіслававіч.
Дадатковы шанц на поспех дае тое, што баршчэўнік не размнажаецца вегетацыйна: не пускае карэнішча і не адпачкоўваецца. Жыццяздольнасць баршчэўніку залежыць ад цэнтральнай пупышкі памерам з кулак, якая знаходзіцца ў глебе на глыбіні каля 10 сантыметраў: толькі знішчыўшы яе, магчыма пазбавіцца самой расліны. Таму пры пэўнай зацятасці, знішчаючы расліну да цвіцення, можна паступова яе вывесці. Калі плошча, занятая баршчэўнікам, невялікая, лепш за ўсё яго выкапаць, на большых тэрыторыях — некалькі разоў пераараць зямлю.
Здаецца, распрацавана методыка «вайны» з баршчэўнікам. Работа па недапушчэнні яго распаўсюджання праводзіцца не першы год, так што на сённяшні дзень павінен быць пэўны эфект. Але факты даюць падставу меркаваць, што не ўсё так добра. Мяркуйце самі: агульная плошча, занятая баршчэўнікам, ужо каторы год у раёне застаецца практычна нязменнай і дасягае амаль 12 гектараў.
Дык у чым справа: у нясвоечасовым выкананні работ, безадказным стаўленні да праблемы ці ўвогуле яе ігнараванні? Баляслаў Станіслававіч апелюе фактамі:
— Значныя аб’ёмы работ па знішчэнні баршчэўніку праведзены на землях ААТ «Ружаны-Агра»: плантацыю баршчэўніка каля вёскі Астравок, плошча якой дасягала аднаго гектара, верагодна, хутка ўдасца знішчыць. З лепшага боку можна адзначыць і работу філіяла ДЭУ-25. Разам з тым выяўлены новыя месцы, дзе расце баршчэўнік: у Бакунах на закінутым падворку і на ўскрайку поля стаіць «гіганцкі кроп», вышыня якога дасягае 2,5 метра, плантацыя інвазіўнай расліны сёлета заўважана ў Кулянах. У некаторых выпадках адсутнічае станоўчая дынаміка па скарачэнні колькасці баршчэўніку, як, напрыклад, у Зеляневіцкім сельсавеце, дзе плошча, наадварот, павялічылася. Фактычна ігнаруюць патрабаванні па барацьбе з баршчэўнікам у ААТ «Радзіма».
Сутыкнуўся з тым, што некаторыя старшыні сельвыканкамаў нават не ведаюць пра магчымасць знішчэння інвазіўных відаў за бюджэтныя сродкі, калі дастаткова звярнуцца ў камунальную службу. А некаторыя службовыя асобы, як высвятляецца, увогуле прадастаўляюць недакладную інфармацыю. Такое стаўленне да справы раўнасільна барацьбе з ветракамі.
Па стану на 1 чэрвеня 2016 года агульная плошча баршчэўніку Сасноўскага складае 11,61 гектара. Такая ж лічба была і летась. На Пружаншчыне найбольш захопленымі ім застаюцца землі ААТ «Ружаны-Агра» (пакуль агульная плошча складае 2,3 гектара супраць амаль пяці гектараў у 2014-м годзе), горада (2,35 гектара), Зеляневіцкага сельсавета (1,6 гектара), на долю якіх прыходзіцца больш 77% ад агульнай плошчы, захопленай небяспечнай раслінай. Прыкладна чацвёртая частка «плантацый» — сельскагаспадарчыя землі.
Відавочна, гэта не той выпадак, калі праблема ўтрасецца сама сабой. Барацьбу з баршчэўнікам трэба працягваць. У раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя мяркуюць спачатку з дапамогай прадпісанняў, затым — адміністрацыйнай адказнасці.
Падрыхтавала Марына ВАКУЛЬСКАЯ