Больш за 80 фотаздымкаў папоўнілі рэдакцыйны віртуальны фотаальбом “Бессмяротны полк”. Фотаздымкі ў нашы альбомы, створаныя ў сацыяльных сетках, ляцелі з розных куткоў былога СССР, але большасць “байцоў”, зразумела, мае непасрэднае дачыненне да Пружаншчыны. Гэтыя людзі і ў мірны час працавалі на пружанскай зямлі, дапамагалі адраджаць яе пасля вайны, гадавалі дзяцей і сваім прыкладам выхоўвалі ўнукаў.
Для дабаўлення здымка ў галерэю мы выставілі вельмі простыя патрабаванні: указаць імя і прозвішча, гады жыцця. Але многія людзі проста не маглі не дабавіць некалькі цёплых слоў пра сваіх родных. А вось у іншых выпадках цяжка было даведацца нават дату нараджэння…
Напрыклад, лабарант Роўбіцкай школы Наталля Шастак даслала фотаздымкі ўраджэнцаў вёсак Роўбіцк, Сухопаль і Чадзель, якія загінулі падчас вайны альбо прапалі без вестак. Многія з іх былі адразу расстраляны як актывісты. Магчыма, некаторыя з іх нават не паспелі пакінуць пасля сябе след – нарадзіць дзяцей. Але гэта выдатна, што памяць пра іх жыве і сёння, дзякуючы неабыякавым землякам.
Няма блізкіх сваякоў і ў былога настаўніка з Гарадзечна, чырвонаармейца Уладзіміра Фёдаравіча Зазулі, але ёсць удзячныя вучні, у сэрцах якіх ён пакінуў светлую памяць. Уладзімір Фёдаравіч быў узнагароджаны двума баявымі ордэнамі.
Байцы нашага віртуальнага бессмяротнага палка займалі розныя пасады і насілі розныя званні. Адрозніваюцца і іх узнагароды. Вось так пра свайго дзядулю напісаў жыхар горада Геленджык Ігар Бабрук: “Мой дзед Аляксандр Канстанцінавіч Бабрук, ураджэнец вёскі Шубічы Пружанскага раёна, ваяваў у складзе інжынерна-сапёрнага падраздзялення. З вядомых мне ўзнагарод – кажух з белай аўчыны”.
Зінаіда Грыцук з Шарашэва падзялілася здымкамі бацькі, маці, дзядзькі і бабулі. Усе яны набліжалі Перамогу. На жаль, дзядзька Канстанцін Красько загінуў у 1945 годзе.
Амаль адначасова (з розніцай у нейкія паўгадзіны!) здымак ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Іванавіча Лісянкова быў дабаўлены рознымі людзьмі ў розныя сацыяльныя сеткі. Высветлілася, што гэта дзве яго дачкі з расійскай Балашыхі і беларускай Ліды, не дамаўляючыся адна з адной, дадалі здымак таты.
У канцы жніўня 1944 года быў прызваны на фронт Пружанскім РВК Павел Ігнатавіч Касцюк, а ўжо ў кастрычніку быў прадстаўлены да ўзнагароды – ордэна Чырвонай Зоркі.
Ёсць у нашым палку і жанчыны. Санітар медыцынскай часці Кацярына Васільеўна Баханкевіч сёлета пайшла з жыцця. Яе подзвіг таксама ў памяці нашчадкаў.
Сяржант Іван Іванавіч Губанаў на фронце быў з 1943-га, за 1944-1945 гады на яго рахунку чатыры подзвігі! “Вылятае на баявое заданне з жаданнем, сваю справу любіць, узбраенне трымае ў выдатным стане, у баі дапамагае таварышам у адбіванні атак самалётаў праціўніка”, — так пра яго сказана ў загадзе аб узнагароджанні.
Іван Іванавіч Пыхар – удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызваляў Крым. Служыў у арміі з 1939-га па 1946 год. Камандзір танкавага экіпажа. Пра яго, як і пра некаторых іншых удзельнікаў нашага палка, можна прачытаць у кнізе аб ветэранах Пружанскага раёна “ Успомнім усіх пайменна”.
На жаль, сёння мы яшчэ не гатовы назваць усе імёны землякоў, якія змагаліся з акупантамі. Але, галоўнае, каб памяць жыла, каб жахі вайны ніколі не паўтарыліся. Каб памяталі.
Кацярына Пашкевіч.
P.S. Паглядзець нашу галерэю можна тут: http://www.budni.by/?page_id=159, а таксама ў альбомах нашых груп у сацыяльных сетках.