Пружанская зямля багатая на добрых, працавітых, таленавітых людзей. Яны шчыруюць у розных галінах, але аднолькава старанна займаюцца тым, да чаго ляжыць душа. Напрыклад, Алене і Васілю Аблавушкам заўсёды бліжэй была сялянская праца — аснова чалавечага жыцця.
Гаворачы пра сваё дзяцінства, абодва згадваюць нялёгкія сялянскія будні, да якіх іх прывучалі з малых гадоў.
— Я ў Мокрым, лічы, мясцовая: нарадзілася і вырасла ў суседніх Казлах. Таты не стала вельмі рана, таму мама мелася падымаць трох дзяцей адна, — расказвае Алена Міхайлаўна. — Якая нялёгкая праца ў даяркі, я ведала яшчэ падлеткам: рэгулярна бегала дапамагаць маме на ферме…
А вось Васіля Аляксеевіча лёс закінуў на Пружаншчыну пасля атрымання ветэрынарнай адукацыі.
— На Століншчыне, дзе прайшлі мае дзіцячыя гады, і сёння кіруюцца прынцыпам: добра жыве той, хто добра працуе, — гаворыць мужчына. — Таму ў нашай сям’і бацькі нікому з пецярых сваіх дзяцей не давалі сядзець без справы.
Ці не па гэтым прынцыпе і прыглядаў сабе жонку? Прызнаецца, што абранніцу пакахаў не толькі за прыгажосць, але і працавітасць. Маладая сям’я атрымала ў Мокрым жыллё, ды так тут і асела. Алена Міхайлаўна шмат гадоў працавала лабаранткай на ферме, затым — на малкамбінаце. Васіль Аляксеевіч пачынаў ветфельчарам у «Чырвоным маяку». Пазней завочна атрымаў вышэйшую адукацыю ў Віцебску. Апошнія 17 гадоў мужчына з’яўляецца галоўным ветурачом на свінакомплексе ў ААТ «Жураўлінае». За гэты час зарабіў без малога 40 гадоў ветэрынарнага стажу.
За працоўнымі клопатамі, якія часта прымушалі не лічыцца з асабістым часам, Аблавушкам заўсёды ўдавалася заставацца яшчэ і ўвішнымі гаспадарамі. Яны і сёння трымаюць вялікую гаспадарку, у якой налічваецца дзевяць галоў кароў, падтрымліваюць сядзібу ва ўзорным санітарным стане на любату іншым.
— Наша першая кароўка дасталася ў якасці пасагу. Далей — больш: дзве, чатыры, сем… Сёння іх у нас дзевяць: праўда, тры — нашыя, а астатнія шэсць — дзяцей, якія зразумелі, што гэта добрая дапамога ў гаспадарцы і неблагая прыбаўка да сямейнага бюджэту.
Вёска любіць толькі працавітых. Гэта добра засвоілі і трое дзяцей Аблавушкаў. Гэтую няхітрую жыццёвую мудрасць ім бацькі, як некалі і ім самім, дэманстравалі ўласным прыкладам.
Старэйшы Мікалай атрымаў вышэйшую адукацыю. Так і не прывыкнуўшы да гарадскога жыцця, ён доўга не нажыў у абласным цэнтры — вярнуўся на малую радзіму. Аддаўшы перавагу сельскай працы, «здрадзіў» настаўніцтву. Але, відаць, яно таго каштавала. Мікалай Аблавушка — вадзіцель-перадавік ААТ «Жураўлінае». Напрыклад, падчас мінулагодняй уборачнай кампаніі ён першым перавёз тысячу тон збожжа, быў сярод лідараў раённага жніва. Не саступае мужу і жонка: Алена працуе ў сельскім ДК і, дзякуючы сваім творчым здольнасцям, з’яўляецца адным з лідараў мясцовай самадзейнасці.
Увогуле, пра Аблавушкаў-малодшых у мясцовым сельвыканкаме гавораць, што яны з тых, хто жыве актыўна, з карысцю. Пры гэтым не забываюць быць узорнымі гаспадарамі: з любоўю добраўпарадкоўваюць сваю сядзібу, з рэгулярнай перыядычнасцю з’яўляюцца пераможцамі розных конкурсаў па азеляненні ўчастка і навагоднім афармленні. Іх памочнікі — трое сыночкаў: Міша, Кірыл і Макар.
Нягледзячы на тое, што Міхаіл асеў у Пружанах, у роднай вёсцы бывае амаль штодзень. Калі маладая сям’я купіла ў горадзе дом і пачала яго ўладкоўваць, зразумела, што без добрай фінансавай падтрымкі аніяк. Такой падтрымкай сталі… каровы. Грошы ад здачы малака сапраўды дапамаглі стаць на ногі. Праўда, калі старэйшы сын не ўяўляе свайго жыцця без сельскай працы, то Міша — без спорту. Ён пастаянны ўдзельнік разнастайных спаборніцтваў. З жонкай Ірынай яны абодва — настаўнікі. Выхоўваюць дачушку Дашу і сыночка Сашку.
«Каця вучылася ў школе выдатна і калі ў сёмым класе ўпершыню заявіла, што будзе ветэрынарам, ад гэтага выбару яе ўжо ніхто не змог адгаварыць», — расказваюць бацькі пра малодшую з дзяцей. Праўда, галава сям’і прызнаецца, што, на самай справе, вельмі абрадаваўся, калі пачуў, што дачка мае намер ісці па яго слядах: для яго гэта, у першую чаргу, значыла пра пачатак дынастыі. (Таксама ён рады, што і ўнучка хоча быць ветурачом).
Дачка з зяцем Сяргеем жывуць у горадзе. Але тое, што Кацярына не памылілася з выбарам прафесіі, відавочна: родныя кажуць, што яна літаральна прападала на рабоце. Нават сёння, знаходзячыся ў водпуску па доглядзе маленькай дачкі Алёнкі, галоўны ветурач раёна сумуе па працоўных буднях.
-За што любім і шануем сваіх дзяцей, дык гэта за тое, што яны ў любых абставінах не губляюць чалавечую годнасць, застаюцца прыстойнымі, ветлівымі людзьмі, а таксама паважаюць і шануюць нас, — гавораць Алена Міхайлаўна і Васіль Аляксеевіч. — Як гэта было і ў нас: мы выхоўвалі іх уласным прыкладам. У тым ліку паказвалі, што трэба паважаць сялянскую працу і не цурацца яе.
Вядома ж, вялікая сям’я Аблавушкаў збіраецца разам не толькі для таго, каб добра папрацаваць, але і каб разам адпачыць. Зусім хутка, а дакладней літаральна 20 студзеня, для гэтага будзе чарговая нагода — дзень нараджэння галавы сям’і.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).