Службу ў правахоўных органах Віктар Аўсянік пачынаў у 1975 годзе на радзіме, у райаддзеле міліцыі г. Століна. Але потым лёс распарадзіўся так, што малады супрацоўнік трапіў на Пружаншчыну, з якой і звязаў сваё жыццё.
— Пасля заканчэння Саратаўскай школы міліцыі ў 1978 годзе мяне накіравалі ў Пружанскі РАУС, дзе спачатку займаў пасаду ўчастковага інспектара, — успамінае Віктар Мікалаевіч. — І неўзабаве быў атэставаны як супрацоўнік Дзяржаўтаінспекцыі.

Больш за 17 гадоў ён адслужыў на пружанскіх дарогах. Як успамінае ветэран, тады ўмовы службы дарожных інспектараў істотна адрозніваліся ад цяперашніх. У прыватнасці, са службовага транспарту была толькі пара матацыклаў, на якіх ездзілі ў любое надвор’е.
— Па-другое, зусім іншая была сітуацыя на дарогах, па якіх рухалася менш аўтамабіляў, чым матацыклаў. Апошніх было зарэгістравана ў раёне больш за 7 тысяч. Адсюль і адпаведныя праблемы, калі спынялі то нецвярозых матацыклістаў, то падлеткаў без вадзіцельскіх пасведчанняў. Апошнія ўвогуле не спыняліся на патрабаванне даішніка і спрабавалі знікнуць. Пагоні ладзіліся не толькі па дарогах, а нават па лясных сцяжынках, дзе двухколаваму транспарту можна было праехаць.
А вось да саміх інспектараў ДАІ было паважлівае стаўленне з боку ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. Калі супрацоўнік ДАІ сказаў, што парушэнне было, то ніхто не аспрэчваў, бо прызнавалі віну. Атрымаць вадзіцельскае пасведчанне тады было вельмі складана, але ж пазбавіцца яго — лёгка. Значную дапамогу ў падтрыманні парадку на дарогах аказвала і само грамадства: амаль на кожным прадпрыемстве былі створаны падраздзяленні грамадскіх інспектараў дарожнага руху, якія дапамагалі дзеючым супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі.
За працяглую і добрасумленную службу Віктар Аўсянік быў адзначаны нагрудным знакам «Выдатнік савецкай міліцыі», двойчы ўзнагароджваўся медалямі «За службу радзіме» ІІІ і ІІ ступеняў, атрымаў нямала заахвочванняў і грамат, нават міністэрскага ўзроўню.
У 90-х гадах мінулага стагоддзя Віктар Мікалаевіч узначаліў пашпартна-візавую службу райаддзела. За 9 гадоў работы тут яго подпіс адлюстраваны не ў адной тысячы выдадзеных пашпартоў, відаў на жыхарства і іншых візавых пасведчаннях. На кантролі трымалася пытанне выканання правілаў знаходжання ў Беларусі, захавання нацыянальнага заканадаўства.
Час службы мінуў — і вось ужо амаль 20 гадоў ветэран на заслужаным адпачынку. Вольны час бавіць то за рыбалкай, то ў «ціхім паляванні», а таксама гадуе ўнукаў. Аднак за бытавымі клопатамі і забавамі Віктар Аўсянік не страчвае і грамадскую актыўнасць, прымаючы ўдзел ва ўсіх патрыятычных мерапрыемствах раённага савета ветэранаў МУС. За што двойчы адзначаўся падзякамі. А яшчэ сустракаецца з маладымі супрацоўнікі, лічыць, што вопыт міліцэйскай службы, назапашаны шматгадовай аховай грамадскага парадку, абавязкова павінен перадавацца наступным пакаленням міліцыянераў.
Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік