Воскресенье, 20 апреля 2025

Больш за 800 кг дабрачыннай дапамогі сабралі жыхары Пружанскага раёна ў рамках акцыі «Белая Русь» — дзецям Данбаса»

211

Гуманітарны груз, сабраны пярвічнымі арганізацыямі РГА «Белая Русь», працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і міласэрнымі людзьмі Пружаншчыны ў рамках дабрачыннай рэспубліканскай акцыі «Белая Русь» — дзецям Данбаса», быў дастаўлены ў Брэст у пункт збору тавараў.

Варта адзначыць, што ўсе мерапрыемствы па зборы дабрачыннай дапамогі ў раёне прайшлі вельмі дзейсна: паступіла 96 скрынак з грузам агульнай вагой больш за 800 кг.

Актыўны ўдзел пярвічак «Белай Русі» ў гэтай акцыі быў чакаемым. І, тым не менш, хочацца адзначыць членаў гэтай грамадскай арганізацыі і ўвесь калектыў УАЗ «Пружанская ЦРБ», якія сабралі 28 скрынак агульнай вагой 280 кг! Адзін з удзельнікаў разгрузкі тавараў проста, без пафасу сказаў: «Мы робім добрую справу».

Значны ўклад зрабілі таксама пярвічкі і калектывы ААТ «Ружаны-Агра» (6 скрынак, больш за 50 кг), дзіцячага сада № 5 (4 скрынкі, 42 кг), малочнага камбіната (12 скрынак, каля 40 кг), аддзела культуры (5 скрынак, каля 30 кг). Дарэчы, не заўсёды вага вызначала значнасць і кошт ахвяравання.

Асобная падзяка тым калектывам, дзе няма нашых пярвічных арганізацый, але яны падтрымалі акцыю: Шаняўская СШ імя М. Засіма, Велікасельская, Мураўская, Кляпацкая сярэднія школы, Ліноўскі дзіцячы сад, Магілявецкая СШ сумесна з Магілявецкай бальніцай, Зеляневіцкі сельвыканкам. Калектыў Шчарчоўскай СШ, якім кіруе старшыня маладзёжнага парламента, створанага пры Пружанскім раённым Савеце дэпутатаў, наш калега па «Белай Русі» Дзяніс Цямчык, сабраў 4 скрынкі, 50 кг.

Збіралі і грашовыя сродкі. Пружанская раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» у дадатак да гуманітарнага грузу пералічыла 500 рублёў. Апроч гэтага, пералічылі грашовыя сродкі пярвічныя арганізацыі Пружанскага райвыканкама, Шарашэўскага сельвыканкама, сярэдняй школы № 4, вузла электрасувязі, дзіцячага сада № 3, філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі». Гэтыя сродкі паступілі на дабрачынны рахунак і будуць накіраваны на набыццё дзіцячых інвалідных калясак.

Дзейсную дапамогу ў пагрузцы тавараў аказалі рабочыя сярэдняй школы № 1 г. Пружаны імя ЧБВА, юнакі з 8 «А» класа гэтай школы, а таксама наш добры вадзіцель Вячаслаў Бараноўскі. Гэта таксама своеасаблівы ўдзел у акцыі.

Усе пытанні па разгрузцы ў Брэсце вырашаліся дружна, арганізавана, па-дзелавому. Нас ужо чакалі намеснік старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Андрэй Юруць, галоўны спецыяліст абласной структуры Павел Смаль і валанцёры. Усе тавары (прадукты харчавання, сродкі санітарыі і гігіены, канцылярскія прылады, цацкі, пасцельныя прыналежнасці і ручнікі, медыкаменты), з такой любоўю сабраныя нашымі землякамі, прыняты адказнымі асобамі на часовае захоўванне для наступнай адпраўкі на Мінск.

Дзякуй усім, хто ўзяў удзел у гэтай высакароднай гуманітарнай акцыі. Гуманізм і міласэрнасць, напэўна, закладзены ў самой прыродзе нашых людзей! Шчодра і шчыра людзі дапамаглі тым дзеткам за межамі нашай краіны, якія вельмі маюць патрэбу ў падтрымцы.

Таццяна Кашкан, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь»