Среда, 30 апреля 2025

Больш за 7 тысяч тон збожжа сабралі сёлета хлебаробы ААТ «Мурава»! Лепшых работнікаў адзначылі падчас «Дажынак» (+ фотарэпартаж)

495

Вось і прыйшло да лагічнага завяршэння яшчэ адно жніво ў Пружанскім раёне, якое не далося лёгка нашым хлебаробам. Ды і калі ўборка была простай? Гэта работа, якая заўсёды патрабуе намагання ўсіх сіл, адказнасці і разумення важнасці даручанай справы. Пружаншчына папоўніла агульную скарбонку на 136480 тон зерня, ураджайнасць склала 43,3 ц/га (нагадаем, сюды не ўключаецца кукуруза, грэчка і проса, якія сазраваюць пазней). І з нагоды заканчэння ўборкі ў нашых сельгаставарыствах праводзяцца традыцыйныя дажынкі, якія даюць магчымасць падзякаваць людзям за шчырую працу і сумленнае выкананне абавязкаў.

У мінулую суботу падобнае мерапрыемства прайшло і ў ААТ «Мурава». У зале Мураўскага СДК сабраліся віноўнікі ўрачыстасці, кіраўніцтва гаспадаркі і госці. Распачалося свята з цудоўнага верша пра хлеб, работу на зямлі і ўдзячнасць усім, хто працуе на ёй. Яго прачытала вядучая мерапрыемства, дырэктар СДК Ірына Кузьміч. Яна звярнула ўвагу прысутных на той момант, што галоўнае наша багацце і святыня — гэта хлеб. Таму апошні сноп, які з’яўляецца праслаўленым сімвалам свята «Дажынкі», быў уручаны галоўнаму аграному гаспадаркі Сяргею Сцяпанаву.

Сяргей Сяргеевіч адзначыў, што гэта вельмі пачэсная місія — трымаць сноп, які сведчыць пра заканчэнне жніва, пра тое, што хлебаробы вытрымалі ўсе выпрабаванні і паказалі нядрэнны вынік па раёне — 7327 тон зерня пры ўраджайнасці 52,7 ц/га. Сёлета парадаваў і рапс: сабралі 980 тон алейнага насення. З гэтай нагоды галоўны аграном падзякаваў усім удзельнікам жніва за работу і годны вынік уборкі, пажадаў здароўя і веры ў свае сілы.

Наступным крокам было ўручэнне дажыначнага (дарэчы, вельмі прыгожага) каравая-2022 дырэктару ААТ «Мурава» Пятру Білецкаму. Пётр Мікалаевіч адзначыў, што важкі каравай атрымаўся толькі дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву гаспадаркі. Выказаў падзяку і ўсім сем’ям, за цярпенне і разуменне таго, што іх бацька, маці, муж ці сын заняты на вельмі важнай рабоце — жніве. І таксама пажадаў шчасця і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Яшчэ Пётр Білецкі давёў да ведама ўсіх прысутных, што сельгаставарыства поўнасцю выканала дзяржзаказ па зерні і ў той жа час, забяспечыла сябе неабходнымі кармамі. Нагадаў, што разам з тым усе гаспадаркі нашага раёна атрымалі станоўчую ацэнку па ўборцы і ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі падчас яго нядаўняга візіту на Пружаншчыну. А гэта дарагога каштуе.

Нельга на такім свяце абысціся без віншаванняў у адрас тых, хто ўставаў на досвітку і клаўся спаць позна толькі дзеля таго, каб мы ўпэўнена глядзелі ў будучыню і не хваляваліся пра надзённы хлеб. Першымі на сцэну запрасілі экіпажы камбайнаў. Памятныя падарункі, грашовыя прэміі і святочны каравай ім уручылі начальнік мехатрада Уладзімір Карунас, галоўны аграном Сяргей Сцяпанаў і старшыня прафсаюзнай пярвічкі гаспадаркі Марына Белікава. Прагучалі словы падзякі за цярпенне ў нялёгкай рабоце і разуменне складаных сітуацый падчас уборкі.

Не абмінулі ўвагай і тых, ад каго залежала хуткасць дастаўкі залацістага зерня з палеткаў на КЗСы, — вадзіцеляў. Менавіта яны задавалі тэмп на адвозцы, стараліся як мага хутчэй і, зразумела, якасна выканаць сваю работу. Іх ушаноўвалі механік Сяргей Усік і Марына Белікава.

Ніяк нельга забыць пра работнікаў КЗСаў, якія кругласутачна неслі працоўную вахту на сваіх участках, стараліся аператыўна прасушыць зерне, каб яно было прыдатным для любых мэт, для выпякання тых жа духмяных і вельмі смачных булачак, якімі карэспандэнтаў пачаставалі на свяце.

Усе, хто хоць як-небудзь звязаны з сельскай гаспадаркай, разумеюць, што будучы ўраджай фарміруецца яшчэ вясной, падчас сяўбы. І ў многім дзякуючы граматнай агранамічнай службе ўдаецца атрымліваць стабільныя ўраджаі, а недзе разлічваць і на большае. На сцэну падымаліся аграномы разам з галоўным аграномам Сяргеем Сцяпанавым. Сваю долю шчырых слоў атрымалі кладаўшчыкі і вагаўшчыкі, якія рабілі сваю справу сумленна і скрупулёзна. Гэтых усіх людзей таксама не пакінулі без падарункаў, прэмій і караваяў.

Мы прывыклі, што ўсмешкі на вуснах узнікаюць ад смешнай гісторыі ці ад прыемнай навіны. Але людзьмі, якія дораць добры настрой, могуць быць і работнікі, якія абслугоўваюць падчас жніва гарачым харчаваннем усіх хлебаробаў. Узнагароды і апладысменты атрымалі і работнікі харчавання ААТ «Мурава». Як кажуць, ніхто і нішто не было забыта падчас свята «Дажынкі».

А як без добрай песні на такім урачыстым свяце? Прысутных радавалі цудоўнымі спевамі ўдзельніцы вакальнага гурта «Каханачка» Ліноўскага СДК. Дар’я Савіцкая і Таццяна Кукла таксама прымусілі слухачоў апладзіраваць і падпяваць. А сцэнка ў выкананні Ірыны Кузьміч і Ірыны Асанінай яшчэ раз даказала, што каханню ўсе ўзросты пакорны.

Не былі забыты самыя маленькія жыхары Муравы, для якіх працавалі атракцыёны. Сваю долю задавальнення ад свята яны таксама атрымалі.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/945833323912