Среда, 26 марта 2025

Больш за 500 дзяцей з Пружан прайшло вакцынацыю ад COVID-19. Сабралі каментарыі медыкаў і меркаванні бацькоў

344

Прышчэпачная кампанія дзяцей супраць інфекцыі COVID-19 пачалася яшчэ напрыканцы 2021 года. Тады Міністэрства аховы здароўя Беларусі дазволіла вакцынаваць дзяцей ва ўзросце 12-17 гадоў. А на пачатку жніўня стала магчыма прышчапляць яшчэ меншых дзетак — тых, каму ўжо споўнілася пяць.

Ці вакцынуюць ад кавіду дзяцей у нашым раёне? Расказваем, што гавораць пра гэта ўрачы і якіх пазіцый прытрымліваюцца самі бацькі.

Першыя прышчэпкі ад кавіду былі зроблены пружанскім дзецям яшчэ на пачатку 2022 года.

— На сённяшні дзень у нашым горадзе вакцынацыю прайшло 507 дзетак 5-17 гадоў, а ў сельскай мясцовасці — 368. Да слова, гэта 14% ад агульнай колькасці дзіцячага насельніцтва нашага раёна, — расказвае загадчыца аддзела эпідэміялогіі РЦГіЭ Крысціна Пашкевіч.

Каб зрабіць прышчэпку, бацькам трэба падпісаць інфармаваную згоду на вакцынацыю. Калі дзіця ўжо хварэла на COVID-19, прышчэпку можна рабіць не раней за шэсць месяцаў пасля выздараўлення, прычым пры адсутнасці іншых супрацьпаказанняў да вакцынацыі.

— Мы прышчапляем дзяцей інактываванай кітайскай вакцынай Verо Cell — той жа, якая прымяняецца для вакцынацыі цяжарных жанчын, — расказвае загадчыца дзіцячай кансультацыі ЦРБ Жанна Пракапеня. — Прышчэпка дзіцяці робіцца ў два этапы: спачатку ўводзіцца першая доза вакцыны, прыкладна праз месяц — другая.

Вядома, прышчэпка ад кавіду не гарантуе, што дзіця не захварэе (хаця дзякуючы менавіта прышчэпцы вірус можа наогул не закрануць чалавека). Найперш жа вакцынацыя патрэбна для таго, каб хвароба прайшла ў больш лёгкай форме і не прывяла да ўскладненняў.

У медустановы нашага раёна па прышчэпку ад каранавіруса часцей звяртаюцца падлеткі. Самых маленькіх, каму дазволена вакцынавацца, не так многа сярод прышчэпленых, аднак яны ёсць. Вакцынацыю супраць каранавіруснай інфекцыі дзеці праходзяць у бальніцах у Пружанах, Шарашэве, Ружанах, а таксама ў амбулаторыях агульнай практыкі. Па словах Жанны Веніямінаўны, пытанняў з забеспячэннем вакцынай медыцынскіх установах не ўзнікае.

Меркаванні: «за», «супраць», «устрымаўся»

Яніна Малажай:

— Вірус пастаянна муціруе, з’яўляюцца яго новыя штамы… Няўжо адна вакцына здольна вырашыць усе пытанні? І хто ведае, як у далейшым прышчэпка паўплывае на здароўе і развіццё дзіцяці, у першую чаргу, маленькага?

У мінулым годзе я сама прышчаплялася «Спадарожнікам», аднак складана сказаць, ці выратавала мяне гэта: захварэла на кавід, давялося ляжаць у бальніцы, праўда, да рэанімацыі не дайшло.

Увогуле ж, мяркую, што рашэнне аб вакцынацыі дзіцяці — выключна на сумленні бацькоў. Напрыклад, я пакуль устрымаюся рабіць прышчэпку свайму васьмігадоваму сыну, але могуць быць і іншыя меркаванні.

Вольга Шанюк:

— Я ўрач і як спецыяліст я — за прышчэпкі. Маё старэйшае дзіця, якому 13 гадоў, вакцынавалася яшчэ ў лютым. Праз некаторы час сын захварэў на кавід, аднак перанёс інфекцыю вельмі лёгка: невысокая тэмпература, насмарк, крыху чырвонае горла — літаральна праз тры дні ўсе гэтыя сімптомы зніклі. А вось з малодшым у нас трошкі іншая справа: яму яшчэ чатыры гады, а значыць, прышчэпку рабіць пакуль нельга. Ён таксама хварэў на каранавірусную інфекцыю і перанёс яе значна цяжэй. Цяпер у сына частымі сталі бранхіты. Таму, калі ўзрост дазволіць, прышчэпім і малога, каб радзей хварэў і каб не было абструкцый.

Юлія Баліцэвіч:

— Я ніколі не прышчапляю ні сябе, ні дзяцей ад сезонных захворванняў. У вакцынацыі супраць каранавіруса таксама не бачу ніякага сэнсу. Так, для валодання інфармацыяй па пытаннях здароўя я гляджу лекцыі розных медыкаў, у тым ліку дактароў навук. Калі ж даводзіцца прымаць рашэнне, заўсёды абапіраюся на ўласнае меркаванне. Упэўнена, што абараніць ад каранавіруса можа толькі моцны імунітэт. У асноўным мы ўмацоўваем яго прыёмам БАДаў — у якасці дапаўнення да правільнага харчавання.

Васіліна Цішко:

— Спачатку я сама асабіста прайшла шлях вакцынацыі супраць COVID-19 і толькі параіла прышчапіцца сваёй дачцэ, якой на той момант было 17 гадоў. Сёлета яна стала студэнткай. Зразумела, знаходзячыся ў шматлюдным асяродку — грамадскім транспарце, студэнцкай аўдыторыі, варта не забываць пра сваю бяспеку. Прышчэпка ж можа засцерагчы ад магчымых ускладненняў у выпадку хваробы. А вось сына, якому цяпер 11 гадоў, пакуль неяк інтуітыўна баюся прышчапляць. Ён алергік і ўвогуле вельмі хваравітае дзіця: здаецца, на працягу ўсяго года не бывае такіх перыядаў, каб быў на 100% здаровы. У такім выпадку, мне здаецца, уводзіць вакцыну даволі рызыкоўна.

Падрыхтавала Вольга Басак