Суббота, 15 марта 2025

Больш за 300 цэнтнераў бульбы з гектара атрымліваюць сёлета ў філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі». Наш рэпартаж з гаспадаркі

335

Хто не любіць печанай на вогнішчы духмянай бульбы?! Сядзіш каля вогнішча, падкідваеш вугольчыкі і чакаеш, пакуль спячэцца. А затым палачкай выкочваеш па адной, разломваеш — і вакол разносіцца непаўторны пах. Здаецца, нічога смачнейшага ў свеце няма! А калі да гэтай трапезы дадаць нарэзанага тонкімі скрылікамі сала… Гэта цудоўныя моманты майго дзяцінства і юнацтва. Не зайздрошчу тым, хто па той ці іншай прычыне не пакаштаваў у сваім жыцці такой смакаты. Але тут быў і другі бок медаля, мусіць, як і ў любой справе. І гэта капанне бульбы. Зразумела, уручную.

Сённяшнія работы па ўборцы бульбы ўсё больш механізаваны, ды і плошчы пад другі хлеб значна меншыя, чым раней. На дадзены момант, напрыклад, у раёне толькі пяць гаспадарак займаюцца вырошчваннем бульбы. І самыя вялікія плошчы (220 га) у філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі», дзе і пабывалі карэспандэнты «раёнкі».

Працуе механізатар Мікалай Кот.

У сельгаставарыстве сур’ёзна ставяцца да любой справы, у тым ліку і да вырошчвання бульбы. Падрыхтоўваецца глеба, уносяцца арганічныя ўгнаенні пад пасадку, і, адпаведна, праводзяцца хімпраполкі падчас росту. Па словах галоўнага агранома гаспадаркі Дзмітрыя Цімановіча, не на апошнім месцы ў гэтай справе і выбар сартоў. Перавагу аддаюць бульбачцы беларускай селекцыі, традыцыйна высаджваюць сярэдняспелыя «брыз» і «скарб», сярэдняпозні «маніфест». Сёлета адвялі плошчы і пад «ветразь», таксама сярэдняпозні беларускі сорт бульбы сталовага прызначэння, які, да таго ж, адрозніваецца стабільнай ураджайнасцю і мае добрыя спажывецкія якасці.

Вось такі ўраджай бульбы сёлета ў філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі».

На палетку ў 70 га каля вёскі Смаляны на ўборцы бульбы працаваў механізатар Мікалай Кот. Ён расказаў, што бульбаўборачным камбайнам «Грымэ» за дзень яму ўдаецца ўбіраць бульбу на палетку плошчай каля 5 га, а гэта, у сваю чаргу, недзе 190 тон клубняў.

Сёлета радуе і ўраджайнасць — 300 ц/га. Бульба з поля адвозіцца на бульбасховішча ў аг. Харава, дзе праводзіцца сартаванне. Харчовую — у камеры, а некандыцыю адпраўляюць на крухмальны завод. Насенны матэрыял у памеры 1000 тон будзе закладзены на будучы год (дарэчы, тут пакуль не плануюць павялічваць плошчы).

Галоўны аграном Дзмітрый Цімановіч і механізатар Мікалай Кот.

Тых, хто мае жаданне пакаштаваць смачнай бульбачкі, філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі» запрашае на штогадовы восеньскі кірмаш.

Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі