Дзень прызыўніка прайшоў на мінулым тыдні ў Пружанах.
Уручэнне армейскіх павестак ва ўрачыстай абстаноўцы на Пружаншчыне ўжо даўно стала традыцыяй: усё ж для навабранца служба ў арміі — рубеж дарослага жыцця, перасягнуўшы які, юнак становіцца мужчынам. Загад Прэзідэнта краіны аб прызыве на вайсковую службу да ведама сёлетніх прызыўнікоў давёў начальнік групы прызыву ваеннага камісарыята Пружанскага раёна С.В.Канановіч.
Для старшыні раённай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» В.М.Гарахавіцкага гэта ўжо дзявяты прызыў, падчас якога ён праводзіць на тэрміновую вайсковую службу будучых абаронцаў Айчыны. Паводле яго слоў, сёлетні — асаблівы: гэтыя навабранцы пачнуць службу ў перыяд святкавання 72-й гадавіны Вялікай Перамогі. Праўда, будучым салдатам Валерый Мікалаевіч пажадаў, каб ім давялося страляць толькі па мішэнях і выкарыстоўваць баявую тэхніку выключна ў мірных мэтах.
А ветэрана Вялікай Айчыннай вайны І.М.Алякумава мерапрыемства вярнула на 75 гадоў назад, калі яму было столькі ж гадоў, як і тым хлопцам, якім ён цяпер уручаў павесткі. «У такім жа юным узросце мне давялося даведацца, як уцалець, як нялёгка здабыць Перамогу», — вярнуўся ва ўспаміны Іван Міхайлавіч.
Тыя, хто ўжо аддаў свой вайсковы абавязак, перадаючы эстафету абароны Радзімы маладому пакаленню, жадалі хлопцам спакойнай службы пад мірным небам. Кожны выказваў шчырыя спадзяванні, што юнакі змогуць стаць не проста дастойнымі абаронцамі Айчыны, але і здолеюць прымножыць традыцыі сваіх папярэднікаў, і, канешне, ім пашчасціць адчуць, што такое ўзаемадапамога і надзейнае плячо сябра. Многа іншых цёплых слоў прагучала ў адрас маладых людзей. Настрой ім уздымалі салісткі Ганна Чаркасава, Яна Зубкова, Юлія Усік, Таццяна Паласьмак і Ірына Велікаселец.
… У бліжэйшы час юнакі прыступяць да нясення службы: хтосьці — у пагранічных, нехта — ва ўнутраных, артылерыйскіх і іншых войсках. Але ў які куток хлопцаў закіне лёс, не так важна. Галоўнае, каб на любым пасту, у нялёгкіх армейскіх буднях, яны годна неслі сваю службу, а значыць, зрабілі ўпэўнены крок у наступны этап дарослага жыцця, пуцёўку ў якое, калі верыць былым салдатам, дае служба ў арміі.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).