22 сакавіка ў Дзень памяці Хатынскай трагедыі каля мемарыяла на брацкай магіле расстраляных мясцовых жыхароў у вёсцы Казлы прайшоў мітынг-рэквіем. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, духавенства, устаноў адукацыі, работнікі МНС, а таксама мясцовыя жыхары.

Да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец:
— Хатынская трагедыя служыць нам пастаянным напамінам пра кошт міру і важнасць чалавечага жыцця. Гэта памяць павінна натхняць нас на імкненне да справядлівасці. Мы абавязаны быць голасам тых, хто не змог яго падняць, абаронцамі тых, хто апынуўся ў небяспечным становішчы.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч звярнуў увагу, што журботная дата служыць збліжэнню людзей у імя ідэалаў дабра і гуманізму, што яна нагадвае нам, нашым дзецям, унукам пра тое, як важна шанаваць, берагчы і грамадскую згоду.
Пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі распавёў пра расследаванне крымінальнай справы адносна генацыду, беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
— Работа, якая праводзіцца па фіксацыі маштабаў і наступстваў генацыду спрыяе захаванню гістарычнай памяці, нагадвае пра трываласць і гераічнасць беларускага народа, — адзначыў Аляксандр Міхайлавіч.
Старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч нагадала падрабязнасці трагічнай гісторыі вёскі Казлы. Яе словы падтрымаў настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла, айцец Аляксандр, які адзначыў, што вайна — гэта самае горшае, што можа быць.
Гучалі кранаючыя душу песні ў выкананні салістаў Мокраўскага і Кляпацкага СДК. Мінутай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны: спаленых жывымі, расстраляных, закатаваных у канцлагерах… Напрыканцы мітынгу ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да падножжа мемарыяла.
Крысціна Асіпчук. Фота Кацярыны Масік