Беларусы не дапусцяць не тое што гераізацыі нацызму, а нават намеру гэта зрабіць. Аб гэтым заявіла журналістам старшыня Беларускага саюза жанчын, старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Алена Богдан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы праходзіць мемарыяльны вечар «Гістарычная памяць: Жаночы твар Перамогі». З 2019 года Беларускі саюз жанчын рэалізуе праект «Жаночы твар Перамогі», накіраваны на асвятленне ролі жанчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым годзе ў цэнтры ўвагі — дзеячы культуры і мастацтва. Са сцэны Купалаўскага тэатра будуць гучаць гісторыі аб жыцці і творчым шляху жанчын творчых прафесій, якія ў вайну падтрымлівалі песняй, літаратурным словам байцоў на франтах і ў шпіталях, выступалі ў тыле, узнімаючы баявы дух, дорачы надзею і веру ў Перамогу.
«Праекту «Жаночы твар Перамогі» Беларускага саюза жанчын ужо некалькі гадоў. Напэўна, гэта адзін з самых значных нашых праектаў, бо кожны год ён адкрывае новыя жаночыя імёны, якія ўносілі свой уклад у Перамогу. Сёння мы гаворым аб творчых асобах. Бо, калі мы ўспамінаем Перамогу, мы ўспамінаем тых, хто змагаўся. Мы паказвалі жанчын-партызан, жанчын, якія выносілі з поля бою параненых байцоў, жанчын-медыкаў, жанчын тылу. А сёння чарговая старонка нашага выдатнага праекта — творчыя жанчыны. Яны пісалі ў франтавыя газеты зводкі з палёў, пісалі аповесці і апавяданні, вершы. Яны выязджалі з канцэртнымі брыгадамі і сольнымі выступленнямі на лінію фронту, у партызанскія атрады, для таго каб падняць баявы дух байцоў і паказаць, што іх чакаюць дома», — сказала Алена Богдан.
Паводле яе слоў, уклад ні аднаго чалавека ў Вялікую Перамогу не павінен быць забыты. «Удзельнічаючы 9 мая ў шэсці, было вельмі кранальна глядзець на дзяцей, якія неслі партрэты ўжо нават не дзядуляў, а прадзядуляў і прапрадзядуляў. Самае галоўнае, што дзеці не проста неслі партрэты — яны ведаюць гісторыю сваёй сям’і. Гэта вельмі важна сёння, — адзначыла старшыня БСЖ. — Пакуль у нашай краіне ёсць людзі, якія захоўваюць вось гэту нашу гістарычную каштоўнасць, пакуль падтрымка вось гэтай гістарычнай праўды ідзе на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, у нашай краіне не будзе дапушчана не тое што гераізацыя нацызму, а нават намер гэта зрабіць».
Партнёрамі мерапрыемства выступаюць Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны мастацкі музей.