Среда, 15 января 2025

Бочкі, кадкі, цэбрыкі, балеі, маслабойкі, вёдры… Гісторыя жыцця майстра з Роўбіцка Мікалая Гвая (+прыгожае відэа)

605

Я хачу расказаць пра аднаго добрага чалавека, сапраўднага гаспадара, узорнага сем’яніна. З моцным характарам і, адначасова, з неверагодна шырокай душой. З добрым пачуццём гумару і рэдкім пачуццём абавязку. Пра чалавека, які да ўсіх людзей знаходзіць падыход і дапамагае кожнаму, хто да яго звяртаецца.


Гэта мой дзядуля Мікалай Іосіфавіч Гвай, які жыве ў Роўбіцку. Яму ўжо за дзевяноста, а ён па-ранейшаму малады душой.


Пра такіх, як мой дзед, кажуць “чалавек працы”. У 1942 годзе ён страціў бацьку і стаў галоўным у сям’і. На плечы 12-гадовага падлетка лёг цяжар вясковай гаспадаркі. Але ён яго з годнасцю нёс…


З цягам часу стаў вядомым на ўсю акругу бондарам. Вопыт набываў доўгімі гадамі і руплівасцю. Цяжка ўявіць, колькі сіл і цярпення спатрэбілася яму на тую колькасць вырабаў, якую ён стварыў за сваё жыццё. І ўсё гэта ўручную, і без памочнікаў.


Бочкі, кадкі, цэбрыкі, балеі, маслабойкі, вёдры  выходзілі з яго рук трывалыя, гладкія і вельмі зграбныя… У нас яны былі паўсюль. У адных ражках сала ўсольвалася, у другіх капуста квасілася, у трэціх агуркі закісалі. У балеі мылі бялізну, у маслабойках узбівалі масла. А яшчэ былі ёмістасці, не памятаю нават, як называліся, у якіх расціраліся розныя прыправы. Свае вырабы дзядуля вазіў прадаваць на базар у Пружаны і нават у Кобрын. Але заробкі не былі мэтай яго жыцця, праца сама па сабе дарыла яму натхненне.


Кожную пасудзіну ён рабіў з душой ад пачатку да канца. Майструючы, забываў пра ежу, пра сон.

Як жа я любіла бываць у дзедавай майстэрні. Я і зараз, калі прыязджаю ў вёску, адразу заходжу туды, каб пачуць пах майго шчаслівага дзяцінства. Пах дрэва. А дрэва ў Роўбіцку асаблівае, напэўна, таму, што побач Белавежская пушча. Дзед не мог без лесу, усё жыццё яго было з дрэвамі звязанае. Ён жа яшчэ зусім нядаўна, калі сілы дазвалялі, лавачкі рабіў. А колькі дамоў, альтанак за сваё жыццё пабудаваў! А якія казкі “лясныя” пра зуброў, пра ваўкоў і зайчыкаў нам расказваў! Мала таго, хлеб з салам “ад зайчыка” нам з поля прыносіў. І тады здавалася, што нічога смачней за гэты “лясны” бутэрброд быць не можа.


А яшчэ ў дзядулі быў конь. Ён на ім і араў, і сена вазіў, і бульбу з поля дастаўляў, а бульбы дзед Мікола саджаў заўсёды вельмі шмат. Адным словам, сапраўдны працаўнік. Ім і застаецца.


Прызнаюся, у дзяцінстве, я ўспрымала як належнае працавітасць дзеда, а калі ў вёску пачалі прыязджаць журналісты і работнікі радыё, стала падазраваць, што наш Мікалай Іосіфавіч — не толькі майстар на ўсе рукі, але і сапраўдная зорка.


Дзядуля быў рады гасцям, начлег даваў усім, хто завітваў да яго ў Роўбіцк. А здымаць яго для дакументальных фільмаў прыязджалі нават з іншых краін. На доўгую памяць застанецца для нас дакументальны фільм “Буслы Роўбіцка”, дзе дзядуля выступіў у галоўнай ролі. Менавіта ён распавёў тэлевізіёншчыкам пра буслоў. Дарэчы, тады, у 2005 годзе, у кадр трапілі і наша бабуля, і вясковы дворык, і дзядулевы бочкі.


Сёння кожны прагляд гэтага фільма, дыпламанта Міжнароднага форуму “Залаты Віцязь-2006”, выклікае ў маёй душы глыбокую настальгію па дзяцінстве, праведзеным у Роўбіцку.
Столькі пройдзена дзядулем дарог, столькі выдаткавана сіл, здароўя! Выгадаваў чатырох дзяцей, дапамог выхаваць васьмярых унукаў, дачакаўся васьмі праўнукаў… І мы ўдзячны дзеду за сілу духу, за прыклад, які ён падае сваёй працавітасцю і жаданнем проста жыць.
Вольга Гвай.