Понедельник, 16 сентября 2024

Бізнэс з «жаночым» акцэнтам пабудавала жыхарка Шарашэва Таццяна Хамета

693

Напрыканцы мінулага года пры падвядзенні вынікаў раённага агляду-конкурсу сярод індывідуальных прадпрымальнікаў у намінацыі «Лепшы суб’ект прыватнага прадпрымальніцтва» была адзначана Таццяна Хамета. І галоўнай падставай для гэтага стала тое, што бізнэс Таццяна Сцяпанаўна пабудавала з літаральна «жаночым» акцэнтам. У прыватнасці, яна наладзіла сваю справу так, што карысць ад яе атрымліваюць не толькі сама прадпрымальніца, але і многія іншыя. Мяркуйце самі.

Таццяна Хамета родам з в. Чапялі і шмат гадоў адпрацавала ў сельскай мясцовасці. Таму дакладна ведае, чым і як жывуць тут людзі ў сельскай мясцовасці, што ім больш патрэбна. Вось чаму, калі больш за 20 гадоў таму вырашыла стаць індывідуальнай прадпрымальніцай у сферы гандлю, рэалізавала задумку так, каб адпавядаць інтарэсам хай не ўсіх, але многіх.

Амаль 10 гадоў жанчына трымае магазін у г.п. Шарашэва. Займаецца продажам прамысловых тавараў — адзення, абутку, бытавой хіміі, парфуму і іншага. Ужо гэта здзіўляе, бо часцей за ўсё прыватны бізнэс прапануе вяскоўцам прадукты харчавання або рытуальныя паслугі, словам, тое, што карыстаецца павышаным попытам. Пагаджаецца прадпрымальніца, што выбрала для сябе нялёгкі хлеб. Здараліся моманты, калі здавалася, што зайшла ў тупік, з якога няма выйсця. Але па характары яна вельмі ўпартая: магла не спаць начамі, але шукаць вырашэнне цяжкасцей, карпатліва працаваць для дасягнення пастаўленай мэты. І зноў рухацца далей.

— У гэтым не толькі мая заслуга, значную дапамогу аказвае сын Юрый з нявесткай Ірына, а таксама і самі жыхары пасёлка: шарашэўцы часта падказваюць, што патрэбна, даюць годныя парады. А яшчэ падтрымліваюць настрой, калі цікавяцца, як ідуць справы. Па той жа прычыне зараз прапаную жывыя кветкі для букетаў да Міжнароднага жаночага дня.

З улікам запытаў пакупнікоў зараз магазін Таццяны Хаметы арыентуецца на айчынную прадукцыю, для пастаўкі якой яна наладзіла шчыльныя сувязі з беларускімі вытворцамі. Чаму арыентавалася толькі на такі сегмент гандлю?

— Гэта патрэбна людзям, а сам прыбытак для мяне не з’яўляецца прыярытэтам, — зазначае Таццяна Сцяпанаўна. — Зразумела, што я таксама хачу зарабляць, аднак так, каб дапамагаць вырашаць пытанні іншых.

І хаця жанчына прасіла не ўпамінаць гэтага, дакладна ведаю, што рэгулярна прадпрымальніца аказвае дапамогу некалькім дзясяткам шматдзетным сем’ям. Таму сапраўды можна назваць такі бізнэс з «жаночым» акцэнтам, таму што толькі жанчыны імкнуцца напоўніць гэты свет радасцю і прыемнымі пачуццямі. А яшчэ ўпрыгожыць наваколле, надаць яму жыццярадаснасці. Нягледзячы на тое, якой справай яны вырашылі займацца.

Алег Сідарэнка.

Фота Кацярыны Масік