Четверг, 16 января 2025

Бібліятэкар з Пружанскага раёна Наталля Каршункова наведала галоўныя бібліятэкі Масквы.

311

Бібліятэкар з Новых Засімавічаў наведала галоўныя бібліятэкі Масквы.

Расійская дзяржаўная бібліятэка сумесна з Рассупрацоўніцтвам рэалізавала міжнародны праект «Адукацыйная калабарацыя бібліятэк Садружнасці» ў рамках праграмы «Новае пакаленне». Сярод удзельнікаў праекта аказалася і бібліятэкар з Пружанскага раёна Наталля Каршункова.

Наталля Каршункова цяпер працуе ў Навазасімавіцкай бібліятэцы. Але яе шлях у бібліятэчную сістэму быў цікавым і даволі незвычайным.

— Па першай адукацыі я эканаміст, — расказвае жанчына. — Але мяне заўжды цягнула да творчасці. У школьны час актыўна пісала артыкулы ў дзіцячыя і падлеткавыя часопісы. У 10-ым класе — а нарадзілася і жыла я ва Узбекістане — мяне ўзялі пазаштатным карэспандэнтам у абласную газету. Падлеткам давалі няцяжкія заданні, з якімі мы паспяхова спраўляліся.

Пазней я ўдзельнічала ў конкурсе, які праводзіла арганізацыя «Рускі Дом». Па завяршэнні яго атрымала прапанову вучыцца журналістыцы ў адным з пяці гарадоў Расіі. Я адмовілася ад гэтага шанцу: у мяне быў хлопец і я проста не магла знаходзіцца на такой вялікай адлегласці ад яго. Цяпер магу сказаць, што гэта не было памылкай. Бо той хлопец — зараз мой муж, — з усмешкай адзначае Наталля.

Пасля атрымання эканамічнай адукацыі Наталля некаторы час працавала ў сябе на радзіме. У Беларусь сям‘я пераехала каля 10 гадоў таму. І тут жанчына вырашыла паспрабаваць сябе ў якасці бібліятэкара.

— Праз некаторы час зразумела, што хачу развівацца ў гэтай сферы. Праца мяне літаральна зацягнула. З’яўляюся кіраўніком маладзёжнага клуба, які працуе на базе нашай бібліятэкі. Мне падабаецца працаваць з моладдзю і развіваць іх у творчым напрамку, — кажа бібліятэкар.

А як атрымалася, што бібліятэкар прыняла ўдзел у міжнародным праекце?

— Усё пачалося з прапановы дырэктара Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Засіма Таццяны Рыгораўны Гуторкінай. Сам праект складаўся з двух этапаў — завочнага і вочнага. Каб патрапіць на вочны этап у Маскву, неабходна было паспяхова справіцца з заданнямі першага этапа. Давялося вучыцца дыстанцыйна. Курс лекцый на тэму «Лічбавізацыя бібліятэчнай дзейнасці» складаўся з 36-ці гадзін. Прызнаюся, што слухала лекцыі з энтузіязмам. Пасля неабходна было здаць выніковы тэст, набраўшы не менш за 86 працэнтаў правільных адказаў. Я набрала 95 працэнтаў.

— І вось ён, вочны этап, — працягвае жанчына. — У Маскве нас сустрэлі валанцёры, завезлі ў гасцініцу. Пражыванне, грамадскі транспарт і харчаванне былі бясплатнымі. Арганізавана ўсё было на высокім узроўні. Нам, удзельнікам, заставалася атрымліваць асалоду ад гэтага тыдня ў Маскве. Сам этап складаўся са стажыровак у лепшых бібліятэках Масквы. Убачыць работу Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, наватара ў нашай сферы, знутры — вось гэта быў падарунак! Я была ў прыемным шоку. Пабывала ў Доме Пашкова, гэта адзін з самых знакамітых будынкаў Масквы, пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя. Убачыла там нават шафу Пушкіна. Наведалі мы і бібліятэку-чытальню імя Тургенева. Але больш за ўсё мяне ўразіла SMART-бібліятэка імя Ганны Ахматавай. Гэта бібліятэка — і ёсць увасабленне лічбавізацыі. Там можна пабываць у віртуальнай рэальнасці і паглядзець любую лекцыю. Я, напрыклад, глядзела лекцыю, звязаную з космасам. Гэта вельмі рэалістычна. Ёсць і зоны самаабслугоўвання, дзе чалавек можа атрымаць кнігу, не запытваючы яе ў бібліятэкара. Таксама вельмі спадабалася Расійская дзяржаўная дзіцячая бібліятэка. Увогуле, гэта быў каласальны вопыт, — адзначыла Наталля.

Размаўляў з Наталляй — і нібыта сам наведваў вядучыя расійскія бібліятэкі, уяўляючы іх па-свойму. Было вельмі цікава і пазнавальна. А бібліятэкар адзначыла, што пасябравала з іншымі ўдзельніцамі вочнага этапу, якія з‘ехаліся з розных краін. Ёсць нават думкі аб сумесным праекце. Але гэта пакуль сакрэт.

Руслан БАСАК. Фота з архіва Наталлі Каршунковай