Воскресенье, 6 октября 2024

Бібліятэкар па выкліку

274

Пажылым чытачам бывае складана пераадолець шлях да бібліятэкі. Алена Антончык і Марына Жаўнярчук у такіх выпадках робяць абмен кніг на даму. Жанчыны не лічацца з часам: бывае, што наведваюць чытачоў пасля работы або перад яе пачаткам.

Чытачка Ніна Міхайлаўна Жаўнярчук, да якой мы завіталі разам з бібліятэкарам, прызнаецца, што без кнігі не можа пражыць ні дня.

— Як навучылася чытаць у пяць гадоў, так і чытаю да гэтага часу. Але да бібліятэкі дайсці ўжо складана. Гэта раней я лёгка бегала, пошту насіла па сельсавеце. А зараз мне ўжо 85. Дзякуй, што дзяўчатам можна патэлефанаваць, каб падышлі.

Ніна Міхайлаўна з задавальненнем чытае і дэтэктывы, і прыгодніцкую літаратуру. Кнігі пра Вялікую Айчынную вайну для яе — гэта адначасова і падстава ўзгадаць вехі ўласнай біяграфіі, у якой цяжкасцей і невыносных выпрабаванняў было занадта многа. Ды не зламалі яны жанчыну, не пазбавілі цікаўнасці да жыцця. Як прызнаецца яна, вяртаючы прачытаны раман Аляксандра Чакоўскага «Перамога», нібы старонкі гісторыі перагарнула назад…

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік