Среда, 19 февраля 2025

Бібліяпрыцемкі прайшлі ў цэнтральнай бібліятэцы

327

У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Засіма прайшлі бібліяпрыцемкі «Народы кнігамі багаты». Падзея прыцягнула асоб розных узростаў — ад дзяцей да дзядуль і бабуль. І абсалютна ўсе атрымалі яркія эмоцыі і прыемныя ўражанні.

Пачатак мерапрыемства павінен быў прайсці пад адкрытым небам. Таму работнікі бібліятэкі вынеслі на вуліцу зручныя крэслы. Прысутных вітала дырэктар бібліятэкі Таццяна Гуторкіна. Далей мікрафоны ў рукі ўзялі ўдзельнікі народнага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фолк-групы «Лад», якой у мінулым годзе споўнілася 20 гадоў. Гэта аказаўся цудоўны пачатак: людзі былі ў захапленні як ад песень, якія выконваў гурт з Брэста, так і ад удзельнікаў самога калектыву, якія былі пазітыўна настроены ў адносінах да ўсіх прысутных. «Лад» выканаў нямала па-сапраўднаму душэўных і прыгожых песень, словы з якіх «гулялі ў галаве» і пасля мерапрыемства.

Працягнулася дзея ў сценах самой бібліятэкі. Тут прысутныя змаглі пазнаёміцца з прэзентацыяй фотавыставы У.В. Ягорава «Пружанам 590 гадоў»: сцены залы на другім паверсе стракацелі фатаграфіямі, зробленымі не толькі падчас святкаванні юбілею горада, але і раней — у розныя сезоны года. Гэтая выстава мяне вельмі ўразіла.

А далей здзіўляць народ пачаў фокуснік Максім Гумен. Практычна ў кожным яго фокусе быў задзейнічаны чалавек з залы. Жаданне паўдзельнічаць у чараўніцтве ў асноўным праяўлялі падлеткі і маленькія дзеткі, а вось уражанне яно зрабіла на ўсіх прысутных. Гэта было сапраўды незвычайна: усе глядзелі пільна, але ніхто так і не зразумеў, як робяцца фокусы з вяроўкай, пярсцёнкам і картамі.

Пасля чараўніцтва пачаліся прыгоды. Нямала прысутных зацікавілася квэстам па беларускай літаратуры «Кніжныя героі». Каб не толькі прыняць удзел у ім, але і атрымаць прыз, неабходна было сабраць пяць жэтонаў. Хто назбіраў неабходную колькасць, атрымліваў цудоўную магчымасць абмяняць іх на прыз. Адной з тых, каму ўдалося гэта зрабіць, была Ніна Васільеўна Дыдышка.

— Мы ўжо прывыклі, што кожны год наша цэнтральная бібліятэка праводзіць «бібліяпрыцемкі». Гэта цудоўнае мерапрыемства, якое аб’ядноўвае людзей розных узростаў. Кожны год — нешта новае. Я заўсёды чакаю гэтую падзею з вялікім нецярпеннем. Вялікі дзякуй арганізатарам, у тым ліку дырэктару: сёння я атрымала самыя цудоўныя ўражанні, — адзначыла Ніна Васільеўна.

Але гэта было яшчэ не ўсё. У адной з залаў можна было назіраць выставу-інсталяцыю «Шолах кніжных старонак нам спадарожнічае ў жыцці паўсюль».

— Кнігі для людзей, якія любяць чытаць, з’яўляюцца неад’емнай часткай жыцця. Адсюль і выцякае назва нашай выставы. Але не толькі кнігамі яна прадстаўлена. Побач — неафіцыйныя білеты на цягнік да іншых гарадоў. Нашы супрацоўнікі пабывалі ў розных кропках планеты — ад Ніжняга Ноўгарада да Ташкента — і прывезлі з сабой розную прадукцыю, якая прадстаўлена тут, побач з білетам, на якім указаны адпаведны горад. Выстава атрымалася асаблівай. Жадаем нашым чытачам, каб яны любілі кнігі, «вандравалі ў літаратурных сусветах», натхняліся і дарылі натхненне тым, хто побач з імі, — сказала бібліятэкар Раіса Зінчук.

Можна было таксама пазнаёміцца і з відэааглядам «10 краін = 10 кніг», а тыя, хто яшчэ не з’яўляецца пастаянным чытачом, мелі магчымасць запісацца ў бібліятэку.

Вечар, праведзены ў коле аматараў кніг, пакінуў толькі самыя яскравыя ўражанні. Усе зарадзіліся пазітывам і паднялі сабе настрой, а гэта значыць, што прыхільнікаў у мерапрыемства стала яшчэ больш.

Руслан Басак. Фота аўтара