Сваё прафесійнае свята — Дзень машынабудаўніка — у апошнюю нядзелю верасня ў чарговы раз адзначае калектыў Пружанскага завода радыёдэталей.
Сёння без прадукцыі гэтага прадпрыемства, якое з’яўляецца адным з вядучых у нашым рэгіёне, не выйдзе з канвеера ні адзін беларускі аўтобус, трактар або грузавік. Адчувальны ўклад ПЗР у эканоміку ўсёй краіны адзначаецца нават на высокім узроўні. Ці захавае дасягнутыя пазіцыі завод у бягучым годзе? Якія перспектывы бачацца ў бліжэйшым будучым? З гэтых пытанняў і пачалася наша гутарка з дырэктарам прадпрыемства Андрэем Каласеем.
— У 2022 годзе, нягледзячы на знешнія складанасці, што былі штучна створаны для эканомікі краіны, нашаму заводу ўдалося выканаць усе запланаваныя і даведзеныя паказчыкі ў поўным аб’ёме. Трэба адзначыць, што гэта далося нам без перанапружвання сіл і сродкаў дзякуючы мэтанакіраванай аптымізацыі вытворчасці і падрыхтоўцы калектыву. І пацвярджэннем таму з’яўляюцца сёлетнія папярэднія дасягненні. У прыватнасці, з пачатку бягучага года тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі ўжо перавысіў 131%, а павелічэнне экспартнага складальніка на сённяшні дзень склала 120% да аналагічнага леташняга перыяду. І гэта непасрэдна адбіваецца на заработнай плаце, якая, паводле статыстыкі, у параўнанні з мінулагодняй узрасла амаль на 25%. Таму, упэўнены, што і 2023 год закончым з дасягненнем усіх вытворчых паказчыкаў.
— Андрэй Васільевіч, штогод падчас падвядзення вынікаў раённай эканомікі і ў іншых справаздачах праходзіць інфармацыя пра асваенне заводам новага віду прадукцыі. А то і не аднаго. Ці захаваецца сёлета гэта традыцыя?
— Безумоўна, бо наша прадпрыемства лічыцца адным з важкіх звёнаў таго прамысловага ланцужка, які скаваны агульнымі патрабаваннямі па імпартазамяшчэнні. У такім ключы штогод распрацоўваецца стратэгія далейшай дзейнасці і развіцця завода: напрыклад, летась мы пачалі выпуск сямі камплектуючых для жгутоў аўтатрактарнай і бытавой тэхнікі. Варта адзначыць, што ў дадзенай сітуацыі «выпуск» азначае глабальную работу па распрацоўцы праекта, складанні тэхналагічнай карты, наладжванне абсталявання і падрыхтоўку работнікаў, якія будуць працаваць на адпаведнай лініі. І нам гэта па сілах.
У рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Пашырэнне вырабу гнездавых і штыравых калодак і іншых злучальных устройстваў жгутоў для аўтатрактарнай і бытавой тэхнікі» сёлета асвоена чатыры найменні прадукцыі, на стадыі распрацоўкі яшчэ шэсць. Дзякуючы гэтаму мы павялічваем удзельную вагу ААТ «ПЗР» у ёмістасці рынку адпаведнай прадукцыі Рэспублікі Беларусь. Паралельна павялічваем экспартныя пастаўкі ў Расійскую Федэрацыю за кошт укаранення імпартазамяшчальнай прадукцыі.
Увогуле будзем наладжваць выпуск 49 новых відаў прадукцыі, неабходнай машынабудаўнічай галіне. Трэба адзначыць, што падобных вырабаў у нашай рэспубліцы раней не выпускалі і яны завозіліся з-за мяжы.
— Якая атмасфера пануе ў калектыве завода, ці ёсць неабходны для такой насычанай працы патэнцыял?
— Толькі згуртаваная і самаадданая каманда зможа стабільна працаваць на наладжаных лініях і асвойваць новыя віды прадукцыі. Таму ўпэўнена сцвярджаю, што папярэднія поспехі для нашага калектыву будуць папаўняцца наступнымі дасягненнямі. У дадатак павышаную ўвагу ўзроўню жыцця нашых 183 работнікаў надае адміністрацыя. І не толькі ў выглядзе стабільнага росту заработнай платы. Выплачваюцца ўзнагароджванні да юбілеяў і іншых асабістых знакавых дат. У калектыўны дагавор уведзена дадатковая мера абароны ў выглядзе заключэння дагавора добраахвотнага медыцынскага страхавання і дадатковых адпачынкаў — стымулюючых і сацыяльных.
А яшчэ мы разам нярэдка бавім вольны час. Толькі ў бягучым годзе для нашых работнікаў былі арганізаваны паездкі ў парк-музей гісторыі «Сула», Лідскі замак, Нёманскі шклозавод. Безумоўна, прымаем удзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца абласной арганізацыяй прафсаюза «БЕЛПРАФМАШ» і раённымі грамадскімі аб’яднаннямі.
І гэту праграму будзем штогод толькі пашыраць, каб наша заводская каманда была самай трывалай і здольнай!
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
Паважаныя работнікі і ветэраны ААТ «Пружанскі завод радыёдэталей»!
Віншуем з надыходзячым прафесійным святам!
Добрая традыцыя адзначаць Дзень машынабудаўніка ў апошнюю нядзелю верасня склалася даўно, і цяпер наша задача бездакорна падтрымліваць яе сваімі дасягненнямі, таму што машынабудаванне сёння — адна з вядучых галін беларускай прамысловасці, сэрца індустрыі і аснова развіцця эканомікі краіны.
На нашым заводзе заўсёды працавалі і працуюць сапраў-дныя прафесіяналы,адданыя сваёй справе. Асобна хочацца адзначыць уклад, што зрабілі нашы ветэраны, якія заклалі падмурак той вытворчасці, якой мы карыстаемся зараз. Назапашаныя веды і традыцыі сёння толькі памнажаюцца і ўвасабляюцца ў новыя здзяйсненні!
Ад усёй душы жадаем вам упэўненасці ў сваіх сілах, дасягнення пастаўленых мэт, натхнення для стваральнай працы, цярпення і энергіі. Мы перакананы, што сумеснымі намаганнямі, самаадданай працай з апорай на вопыт ветэранаў забяспечым далейшае развіццё галіны. І няхай гэта работа прыносіць толькі радасць вам і дабрабыт вашым сем’ям.
Адміністрацыя і прафкам ААТ «Пружанскі завод радыёдэталей»