Понедельник, 2 декабря 2024

Бессмертный полк: братья Александровы

1 864

Мой дзядуля Сяргей Дзянісавіч Александроў усё жыццё шукаў прапаўшага без вестак брата Міхаіла. Пісаў ва ўсе інстанцыі. Звяртаўся ў Народны камісарыят абароны СССР, у ваенкаматы, у пошукавыя атрады. Ён да апошняга спадзяваўся, што яго брат выжыў у той вайне. Дзядуля памёр, так і не даведаўшыся нічога пра яго лёс. І толькі праз 74 гады наша сям’я выпадкова знайшла звесткі пра знікшага родзіча…

вн_измен.размер

Летась напярэдадні Дня Перамогі маім пляменнікам у школе далі заданне расказаць пра тых, хто ваяваў на вайне. Мая мама, Таццяна Сяргееўна Александрова, вырашыла падрыхтаваць нашым другаклашкам прэзентацыю. Сабрала фотаздымкі дзядулі, яго братоў і на ўсялякі выпадак вырашыла праверыць імёны нашых ветэранаў па розных базах ваенных сайтаў: раптам там з’я-вілася  новая інфармацыя пра якія-небудзь узнагароды. Якім жа было здзіўленне, калі аказалася, што пошукавая група знайшла дадзеныя пра  роднага брата майго дзядулі Міхаіла і цяпер шукае яго сваякоў, каб паведаміць гэтую навіну.

Міхаіл Александроў быў прызваны ў армію восенню 1940-га года. Службу праходзіў у Беластоку — тады ён быў на тэрыторыі Беларускай ССР. Яго брат (і мой дзядуля) Сяргей у гэты час служыў у Чабаркулі, каля Чалябінска. Увогуле, у кастрычніку 1940-га года дзед павінен быў дэмабілізавацца, але з-за пагрозы вайны салдатаў тэрміновай службы дадому не адпусцілі. Увесь гэты час браты перапісваліся. У апошнім лісце мой дзядуля напісаў Міхаілу, што 85-ю Чалябінскую стралковую дывізію перакідваюць з Чабаркуля на заходнюю мяжу, пад беларускі горад Гродна: «Гэта ўсяго ў кіламетрах 80 ад Беластока, і, дасць Бог, атрымаецца пабачыцца». Ці атрымаў гэты ліст Міхаіл, цяпер ужо мы ніколі не даведаемся. Больш ніякіх вестачак ад яго не было.

Амаль у самым пачатку вайны мой дзядуля трапіў у палон, яго змясцілі ў лагер пад  Баранавічамі. Аднойчы ён разгаварыўся з іншым вязнем, які, пачуўшы, што мой дзед родам са Смаленшчыны, з вёскі Глушчанкі, пацікавіўся, ці не Міхаілам выпадкова звалі яго брата. «Чаму звалі — у мінулым часе?» — не зразумеў дзед, і пачуў у адказ, нібыта яго суразмоўца аказаўся відавочцам таго, як Міхаіла разарвала снарадам.

Ні дакладнага месца трагедыі, ні звестак аб пахаванні не ўдалося даведацца. Дзядуля нават не быў упэўнены, што размова ішла сапраўды пра яго брата.

Гадоў дзесяць таму ў невялічкіх беларускіх Ружанах распачалі рэканструкцыю мясцовай царквы. Пачалі капаць — і на мятровай глыбіні  знайшлі астанкі салдатаў. Яшчэ праз некалькі гадоў кіраўнік мінскай пошукавай групы «Бацькаўшчына» Аляксандр Дударонак, вывучаючы ў архівах Падольска дадзеныя пра знойдзеныя пасля вайны на тэрыторыі Беларусі  вайсковыя пахаванні, абсалютна выпадкова натыкнуўся на незвычайны дакумент — спіс, складзены айцом Іаанам.

…Чэрвень 1941-га. Першыя дні вайны. Ружаны акупіраваны нямецкімі войскамі. Ваеннапалонных немцы адпраўляюць у лагеры, а дзясяткі цяжкапараненых і загінуўшых пакідаюць ляжаць на вуліцах пасёлка. Мясцовы святар Іван Наўродскі, які ведаў нямецкую мову, на свой страх і рызыку адпраўляецца да камандавання фашыстаў і пераконвае ў неабходнасці хаваць забітых, а цяжкапараненых звозіць у  Свята-Петра-Паўлаўскую царкву, каб не было эпідэміі. У царкве наладзілі лазарэт. Сярод палонных аказаўся доктар, ён аперыруе параненых прама пад іконай з выявай Ісуса. Айцец Іаан арганізоўвае кармленне: па чарзе кожная вуліца варыць параненым суп. Памёрлых воінаў святар асабіста хавае на мясцовых праваслаўных могілках і каля царквы.

Акрамя таго, святар Іаан склаў спіс загінуўшых чырвонаармейцаў: год нараджэння і смерці, адкуль родам, дзе прызываўся. Перад самым канцом вайны ён перадаў свае запісы начальніку Ружанскага раённага аддзялення НКДБ Русанаву. У 1945 годзе гэтыя дакументы адправілі спачатку ў адзін архіў, затым у другі. А потым пра іх наогул забылі…

І вось нечаканая знаходка.

spisok_navrodskogo_04_измен.размер

У гэтым спісе 26 імёнаў. Пад нумарам 17 — Міхаіл Дзянісавіч Александроў. Памёр ад цяжкіх ран 1 ліпеня 1941 года, на дзясяты дзень вайны. Пахаваны ў брацкай магіле на ружанскіх  могілках. Паводле слоў знайшоўшага гэты спіс Аляксандра Дударонка, усе са знойдзеных родных байцоў лічылі іх прапаўшымі без вестак.

У нашай сям’і не расказвалі пра ваеннае жыццё: дзядуля ніколі не казаў аб жахах палону, пра голад, пра здзекі, пра тое, як цяжка было яго маці і малодшым братам у гады акупацыі.

На дзіцячае пытанне: «Дзядуля, а ты плакаў на вайне?» — аднойчы ён сказаў: «Так, адзін раз — калі мне сказалі, што малодшы Міхаіл загінуў: я ўявіў, як будзе даведацца маме, што яе сын ужо ніколі не вернецца з вайны». І ніколі не расказваў, чаму ён заўсёды плакаў, як толькі чуў песню «На безыменнай вышыні». Адзінае, пра што ён пастаянна гаварыў — пра сваіх братоў: як важна знайсці іх магілы, як важна захаваць памяць пра кожнага. У гонар Міхаіла быў названы мой дзядзька, у гонар яшчэ аднаго, прапаўшага без вестак, самага малодшага Аляксея — мой стрыечны брат.

Па дзіўным збегу абставінаў інфармацыю пра Міхаіла мама знайшла за дзень да 20-годдзя  смерці майго дзеда.

 

slide0103_image069_измен.размер

Сяргей Александраў

(1917 — 1995 гг.)

Быў сувязістам. Вайну сустрэў пад Гродна. Некалькі гадоў правёў у палоне, працаваў у шахтах у Германіі. Пасля вызвалення зноў ваяваў. Закончыў вайну ў Польшчы.

slide0060_image090_измен.размер

Міхаіл Александраў

(1921 — 1941 гг.)

Да 2015 года родныя лічылі яго прапаўшым без вестак. Памёр ад цяжкіх ран на дзясяты дзень вайны.

slide0082_image016_измен.размер

Мікалай Александраў

(1923 — 1997 гг.)

Быў у акупацыі ў Смаленску. Пасля вызвалення горада пайшоў на фронт у штрафную роту. Быў паранены пад Оршай. Трапіў у палон.

slide0095_image127_измен.размер

Аляксей Александраў

(1926 — ? гг.)

Пайшоў на фронт разам з Мікалаем. Удзельнічаў у вызваленні Оршы. Дагэтуль лічыцца прапаўшым без вестак.

 

Марыя Александрова

г.Капейск Чалябінскай вобласці.

 

Ад рэдакцыі:

Ні  Таццяна Александрова, ні яе блізкія не маюць беларускіх каранёў. Але зусім нечакана для сям’і з расійскага горада Капейска стала роднай ружанская зямля: тут знайшоў вечны спачын іх сваяк.

Гэта стала вядома некалькі гадоў таму, калі быў знойдзены і апублікаваны дакумент, які атрымаў назву «Спіс айца Іаана». Наша газета неаднойчы пісала пра ружанскага святара Іаана Наўродскага, які, рызыкуючы жыццём, імкнуўся ратаваць палонных чырвонаармейцаў летам 1941 года, хаваў памерлых, прозвішчы якіх запісаў. Але жанчына даведалася пра гэта толькі летась, і то выпадкова. Для яе  інфармацыя стала нібы пахаванкай, якая знайшла свайго адрасата ажно праз 74 гады. Таццяна Сяргееўна ўдзячна пошукавікам — гэтыя людзі робяць вялікую справу: тым, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны страціў блізкіх, вяртаюць бацькоў, дзедаў, родных.

Увогуле, лёсы цэлага пакалення Александровых аказаліся цесна звязанымі з Беларуссю. Таму для Таццяны Сяргееўны (сёлета разам з дачкой Марыяй, аўтарам артыкула пра лёс братоў Александровых, які мы друкуем сёння, яна другі раз пабывала ў Ружанах) наведаць зямлю, якая паліта крывёю продкаў, — цяпер святы абавязак. Летась жанчына прыехала ў Ружанах упершыню — да гадавіны гібелі дзядзькі.  Яна паклапацілася пра тое, каб на праваслаўных могілках з’явіўся новы крыж і на ім шыльдачка з надпісам: «Александроў Міхаіл Дзянісавіч і воіны са спісу айца Іаана, якія памерлі ад ран у чэрвені-ліпені 1941 года».

Жанчыны сёлета  пабывалі яшчэ і ў Баранавічах: каля станцыі Лясная падчас вайны быў лагер для ваеннапалонных, у які трапіў іх бацька і дзед Сяргей Дзянісавіч, самы старэйшы з братоў Александровых.

Хто ведае, магчыма, і астанкі малодшага Александрова — Аляксея — таксама ў беларускай зямлі?

 

Марына ВАКУЛЬСКАЯ

 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *