Вторник, 13 мая 2025

Беражыце мір, каб не паўтарылася вайна!

342

Мне 90 гадоў, але я і сёння добра памятаю, як мой бацька, Іван Сямёнавіч Дубовік, будаваў нашу хату ў вёсцы Аранчыцы. Цікава было назіраць, як уручную пілавалі бярвенні: дрэвы клалі на высокія «казлы», адзін мужчына стаяў наверсе, другі — унізе, і цягалі доўгую пілу. Калі дом нарэшце быў пабудаваны, то шчасцю не было межаў, але вайна разбурыла ўсе планы.

Пра тое, што пачалася Вялікая Айчынная вайна, мы даведаліся амаль у той жа дзень: у Аранчыцах з’явіліся фашысты. Напрыканцы чэрвеня адзін з іх прыйшоў у нашу новую хату і загадаў, каб мы ішлі прэч, бо тут будуць жыць варожыя афіцэры.

Наша сям’я перабралася ў хлеў, дзе за сцяной жылі свінні, конь і карова. На двары мы зрабілі печку, гатавалі ежу. У малодшай сястры было хворае сэрца, яна часта плакала. Маці вельмі хвалявалася за нас, далёка не адпускала ад сябе.

Калі пачалі з’яўляцца партызанскія атрады, то спраў прыбавілася: трэба было пячы хлеб для партызанаў, сушыць садавіну, вязаць цёплыя рэчы. Бацька быў сувязным, перадаваў звесткі партызанам, мы са старэйшай сястрой дапамагалі яму. Было страшна. Я стала сведкай таго, як гітлераўцы расстрэльвалі людзей. У нашага прадзеда былі чорныя валасы і вусы, немцы казалі яму: «Ты яўрэй!». Хацелі забіць ці адправіць у гета, якое знаходзілася на Аранчыцкай станцыі.

У рэшце рэшт мы дачакаліся вызвалення. Летам 1944 года вёску вызвалілі ад фашысцкіх акупантаў, бацьку мабілізавалі ў Савецкую армію. Хутка ад яго пачалі прыходзіць пісьмы-трохкутнікі, якія ён заўсёды падпісваў аднолькава. Кожны вечар мы маліліся: «Дай, Божа, ночку праспаць і татачку прычакаць!».

Апошні ліст ад бацькі прыйшоў у студзені 1945 года. Ён паведамляў: «Мне не пішыце. Возьмем Варшаву і я сам вам напішу». Як жа мы чакалі, штодня бегалі да паштальёна! І вось пошта прыйшла, праўда, не ад бацькі, а з паведамленнем «Дубовік І. С. прапаў без вестак». Але мы верылі і спадзяваліся, што бацька жывы і вернецца дадому…

Цяжка жылося і пасля вайны — голад, холад. Мы, малыя, шмат працавалі і добра вучыліся: усе чатыры сястры атрымалі сярэднюю і вышэйшую адукацыі.

Праз гады мы доўга шукалі бацьку, пісалі ў розныя інстанцыі. Прыходзіў адзін адказ: «прапаў без вестак». Я даведалася, што ў Польшчы выйшла другая частка кнігі «Памяць», у стварэнні якой прымаў актыўны ўдзел польскі пісьменнік Януш Пшыманоўскі.

Мы напісалі яму пісьмо і атрымалі адказ, у якім гаварылася пра тое, што ўстаноўлена: прах Дубовіка І.С. знаходзіцца на могілках г. Варшавы, раён Ракавец, яго імя ўнесена ў спіс загінуўшых савецкіх воінаў у 2-е выданне кнігі «Памяць».

А ў 1992 годзе мы пры падтрымцы Таварыства Чырвонага Крыжа пабывалі на могілках у Варшаве. Сапраўды, у адной з брацкіх магіл, сярод 20 тысяч пахаваных, свой апошні прытулак знайшоў і наш бацька — Іван Сямёнавіч Дубовік.

Сёння мяне, як дачку савецкага салдата, які вызваляў Польшчу ад фашызму, хвалюе тое, як хутка палякі забыліся пра герояў-вызваліцеляў. Мы ж, беларусы, жыхары краіны, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці, памятаем, хто здабыў Вялікую Перамогу. Памятаем і перадаём гэтую памяць з пакалення ў пакаленне з заклікам: людзі, беражыце мір!

Алена Іванаўна Дубовік (Таранда), Заслужаны настаўнік БССР, жыхарка г. Ляхавічы