Среда, 15 января 2025

Беловежская трагедия: традиционный митинг памяти прошёл у памятника «Падающие кресты»

829

Сярод мноства святочных мерапрыемстваў мінулых выхадных было і жалобнае. На працягу многіх гадоў у першую нядзелю жніўня ля помніка “Падаючыя крыжы” ў Белавежскай пушчы збіраюцца тыя, хто помніць. Помніць пра жудасныя падзеі, што адбыліся тут летам 1941-га года і забралі жыцці 130 мірных жыхароў.


Атмасфера, што пануе тут, неверагодная. Здаецца, што векавыя пушчанскія сосны як бы хаваюць ад вачэй гэтае месца, і аплакваюць нявінна расстраляных людзей. Дарэчы, дагэтуль вядомыя імёны толькі 85 з забітых – беларусаў, палякаў і яўрэяў. Гэта жыхары навакольных населеных пунктаў – Гайнаўкі, Белавежы, Шарашэва, Роўбіцка, Борак і Малога Красніка. Таму і ўрачыста-жалобны мітынг збірае ў пушчы родзічаў загінулых і проста неабыякавых людзей. Праўда, гэты год усё ж унёс свае карэктывы: на жаль, не было на мерапрыемстве гасцей з Польшчы.


Напачатку мітынгу да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Р.В. Супрыновіч, які ўзгадаў, што падчас вайны на тэрыторыі Пружаншчыны было забіта і замучана амаль 20 тысяч мірных жыхароў. Гэта больш, чым насельніцтва сучаснага райцэнтра. Руслан Васільевіч выказаў падзяку ўсім, хто прыязджае да помніка і аддае да-ніну павагі забітым тут людзям, і яшчэ раз падкрэсліў, наколькі важна захоўваць памяць і перадаваць з пакалення ў пакаленне страшэнную праўду пра падзеі вайны.

Ксёндз Яцак Дубіцкі, настаяцель рымска-каталіцкага прыхода Святой Троіцы ў г.п. Шарашэва, адзначыў, што выступаць на мітынгу для яго – вялікі гонар. “Беларусы і палякі, якія пахаваны тут, — брацкія народы. Іх аб’яднала гэтая брацкая магіла, таму вельмі важна, каб мы заўсёды памяталі пра тое, што нас аб’ядноўвае”.


Аб’яднала ўсіх і мінута маўчання і смутку. Затым да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся айцец Сергій Сысаляцін, настаяцель праваслаўнага прыхода храма іконы Божай Маці “Неспадзяваная радасць” у в. Новыя Засімавічы. Святар справядліва адзначыў, што месца, дзе знаходзяцца “Падаючыя крыжы”, мяняе людзей. Пасля малітвы тут душа нібы абнаўляецца. Айцец Сергій таксама звярнуў увагу, што ўсе прысутныя на мітынгу сабраліся не толькі дзеля ўшанавання памяці, але і для таго, каб успомніць, што беларусы – міралюбівая нацыя, якая заўсёды выступала супраць гвалту і несправядлівасці. “Сёння адбываецца мілітарызацыя свядомасці. Нават у Пружанах ужо даводзіцца сустракаць налепкі з некарэктнымі палітычнымі надпісамі. Але трэба, каб нашым дэвізам быў выраз: “Мы не хочам, каб такое паўтарылася”. Трэба несці ў свет спакой, любіць родных і блізкіх і імкнуцца пазбягаць зла”, – сказаў айцец Сергій.


Адбыўся ўрачысты малебен па загінулых, прагучалі кранальныя спевы ў выкананні вакальнага ансамбля “Амафор” Навазасімавіцкага СДК.


Пра важнасць захавання памяці гаварыла ў сваім выступленні і загадчыца Мураўскага СДК І.І. Кузьміч. “Помнікаў і абеліскаў, падобных да гэтага, у Беларусі вялікае мноства. Яны стаяць на зямлі, як незагойныя раны, і нагадваюць людзям пра тое, што ў вайне пазнаецца сапраўдны кошт міру,” – падкрэсліла Ірына Іванаўна.
Сапраўды, помнікі і абеліскі – гэта напамін пра страшэнныя падзеі вайны, пра вялікія страты, якія яна прынесла краіне, а яшчэ пра смерць, што закранула практычна кожную беларускую сям’ю. Тут, на месцы, дзе падаюць пераплеценыя крыжы, сімвал еднасці беларускага і польскага народаў, жыве памяць. І яна будзе жыць, пакуль сюды, у 619-ы квартал Нікарскага лясніцтва, будуць прыходзіць людзі – родзічы загінулых і проста тыя, для каго важна захоўваць праўду пра вайну і хто ведае кошт міру і спакою.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.