Суббота, 8 февраля 2025

Беларусы з Расіі, Казахстана, Латвіі, Іспаніі далі вялікі канцэрт у Пружанах у рамках IV Фестывалю мастацтваў беларусаў свету (+многа фота і відэа)

291

«Ты ў сэрцы маім, Беларусь» — пад такой назвай у суботу, 23 верасня, у Пружанскім гарадскім Палацы культуры прайшоў канцэрт у рамках IV Фестывалю мастацтваў беларусаў свету.

Да нас у госці прыехалі творчыя суполкі беларусаў з Расіі, Казахстана, Латвіі, Іспаніі.

Вітаючы гасцей фестывалю, гледачоў, сабраўшыхся ў зале, старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец пажадаў усім моцнага здароўя, міру, станоўчых уражанняў. Выказаў упэўненасць, што яшчэ не раз нам давядзецца сустрэцца.

Мікалай Пятровіч сказаў:

— Мы рады прымаць у нашым мірным беларускім доме сваіх братоў, сясцёр з розных краін свету. Гэта цудоўна, што нягледзячы на далёкае ад Беларусі пражыванне, вы памятаеце зямлю сваіх прадзедаў, дзедаў, нашу Беларусь і наш беларускі край. Пакуль падымаўся на сцэну, я ўспомніў радкі нашага славутага беларускага паэта Рыгора Барадуліна: «Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем, каб душою не ачарствець і не страціць святое штосьці».

Упэўнены, што вось гэта святое, пачуццё дома і пачуццё Беларусі і беларусаў у вас застаецца заўсёды. Дзякуй за тое, што гэта ў вас ёсць і ўсё гэта вы перадаяце сваім дзецям. Да нас прыехалі сем’і з дзецьмі, якія таксама беларусы па нацыянальнасці.

Мы ганарымся сваёй гісторыяй, любім наш край, сваю мірную Беларусь. Паважаем сённяшні дзень, у якім жывём, бо самі яго ствараем. Мы стараемся зрабіць будучыню для нашых дзяцей і ўнукаў шчаслівай, каб яны жылі шчасліва на нашай зямлі, пад нашым беларускім небам.

Не сумняваюся, што гэтыя дні, якія вы правялі ў Беларусі, будуць вельмі добрымі і толькі са станоўчымі эмоцыямі. У вас ёсць магчымасць убачыць сапраўдную Беларусь, такую, якая яна ёсць на самой справе, а не тую, што паказваюць у вашых краінах сродкі масавай інфармацыі. Прыедзеце дамоў — гаварыце праўду, гаварыце тое, што ўбачылі, якія пачуцці ў вас былі, якія мы, беларусы, што жывуць у незалежнай, прыгожай Беларусі.

Затым вядучыя абвясцілі гасцей Пружаншчыны. А гэта — старшыня грамадскага аб’яднання «Культурны цэнтр «Беларусь» Асамблеі народаў Казахстана Паўладарскай вобласці» Любоў Богдан і ансамбль «Надзея» г. Паўладар; ансамбль беларускай песні «Надзея» г. Рыга, Латвія; сямейны музычны калектыў «Капялюш» (кіраўнік Інэса Салаўёва) з г. Мадрыд, Каралеўства Іспанія; старшыня рэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Чэрскага» Алена Сіпакова і фальклорны ансамбль «Беларусы Прыбайкалля» (мастацкі кіраўнік Юлія Пярмінава); дырэктар муніцыпальнай аўтаномнай установы гарадской акругі г. Тальяці РФ культурнага цэнтра «Аўтаград» Дзмітрый Лоскутаў; прадстаўнік Кабардзіна-Балкарскага грамадскага руху «За яднанне, сябры» г. Нальчык, Кабардзіна-Балкарыя РФ Таццяна Сідарчук.

Саветніку галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Аляксею Крывальцэвічу традыцыйна ўручылі каравай.

Адкрыла канцэртную праграму выступленне дзіцячых мастацкіх калектываў г. Пружаны. А потым адзін за адным на сцэну выходзілі творчыя калектывы беларусаў замежжа. Ведаеце, было вельмі цікава ўслухвацца ў напевы, якія гучалі са сцэны. Многія з песень ніколі не даводзілася чуць.

Вельмі ўразіла выступленне фальклорнага ансамбля «Беларусы Прыбайкалля», іх прыгожыя акапэльныя спевы, моцныя галасы. А асабліва — касцюмы.

Як расказала ў размове пасля канцэрта Алена Сіпакова, аўтэнтычныя ўборы яны робяць самі: ткуць, вышываюць, ёсць у іх для гэтага цэлая майстэрня. Дарэчы, уваходзяць у склад ансамбля сем’і Сцяпанавых, Сіпаковых, Пярмінавых. А пачатак менавіта роду Сіпаковых у Прыбайкаллі вядзецца яшчэ з трыццатых гадоў мінулага стагоддзя. З Магілёўшчыны, вёскі Слаўня, было вялікае перасяленне людзей у пошуках лепшай долі.

Наогул жа беларусы ў Прыбайкальскім краі жывуць з 1904 года. «Калі будзеце ў Іркуцку, заязжайце да нас на святы», — запрасіла Алена Сіпакова. Дарэчы, раз у два гады ў Іркуцку ладзіцца фестываль «Беларусы свету ў Прыбайкаллі».

Не менш цікавым было выступленне сямейнага калектыву «Капялюшык» з Іспаніі. Большасць яго ўдзельнікаў маюць іспанскія імёны і прозвішчы. Падыгрывалі яны сабе на бутэльцы, марскіх ракавінах, маракасах і яшчэ нейкіх ударных інструментах. Акрамя беларускіх, мы пачулі і іспанскія народныя песні.

Пагутарылі мы і з паўладарцамі. У склад ансамбля ўваходзяць не толькі беларусы, але і ўкраінцы. У саліста Яўгена Трыстана бацька — украінец, маці — руская. Але яму даспадобы прыйшлася менавіта беларуская культура, песні. Хлопец з’яўляецца лідарам моладзі Паўладарскага абласнога этнакультурнага аб’яднання «Беларусь». Як кажа Яўген, яшчэ калі вучыўся ў чацвёртым класе яго запрасілі прыйсці ў этнацэнтр. «І да гэтага часу я тут плаваю».

Начальнік аддзела народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Святлана Каржук, падводзячы вынікі фестывалю, адзначыла, што такога роду мерапрыемствы паказваюць: беларуская культура жыве не толькі на Радзіме, але і далёка за яе межамі. Яна выказала ўпэўненасць, што так будзе і надалей. Затым Святлана Валянцінаўна ўручыла ўсім ўдзельнікам, нават самым маленькім, дыпломы.

Фестываль завяршыўся, будзем чакаць новых сустрэч у рамках фестывалю праз тры гады.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара і Валерыя Караля, zarya.by. Відэасюжэт тэлеканала «Беларусь 4. Брэст»

Фотаальбом з канцэрта глядзіце па спасылцы: https://ok.ru/budni/album/968267709832