Нягледзячы на несяброўскія ўчынкі партнёраў па мяжы, наша краіна працягвае добрасумленна выконваць пагранічныя абавязкі. У тым ліку перашкаджаць несанкцыянаванаму перасячэнню сваіх граніц. Пра гэта Беларусь неаднаразова заяўляла на сусветнай арэне.
Аднак перыядычна знаходзяцца грамадзяне, якія выпрабоўваюць беларускую граніцу на трываласць. Падобныя выпадкі ўжо выяўляліся ў бягучым годзе, айчыннае заканадаўства дало прававую ацэнку такім спробам. Хаця рызыка панесці пакаранне не стрымлівае розных авантурыстаў.
Вось і нядаўна пракуратура Пружанскага раёна падтрымала дзяржаўнае абвінавачванне ў раённым судзе па крымінальнай справе ў дачыненні да двух беларусаў, 33-гадовага мінчаніна і 28-гадовага жыхара г. Койданава, па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 371 прым Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (садзейнічанне дзейнасці па незаконным выездзе з Рэспублікі Беларусь замежных грамадзян (арганізацыя незаконнай міграцыі), здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове).
Як было ўстаноўлена падчас судовага следства, грамадзяне Ф. і К. па папярэдняй дамоўленасці і ведаючы, што парушаюць беларускае заканадаўства, вырашылі пабагацець на «дапамозе» дзевяці замежным грамадзянам Федэратыўнай Рэспублікі Самалі, двум грамадзянам Еменскай Рэспублікі і тром грамадзянам Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, якія хацелі незаконна трапіць у Еўрасаюз. Санкцыянавана апошнія зрабіць гэта не маглі, таму што ў іх адсутнічала віза Рэспублікі Беларусь або іншы дазвол, які дае права замежным грамадзянам знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны ў бязвізавым парадку. Таму і быў выбраны шлях у абыход афіцыйных пунктаў пропуску.
Задуманае падзельнікі вырашылі здзейсніць з 27 на 28 сакавіка, аказалі садзейнічанне кліентам па дастаўцы на мікрааўтобусе з г. Мінска ў лясны масіў, размешчаны ў пагранічнай зоне паблізу в. Папялёва. Там і было задумана ажыццявіць несанкцыянаваны пераход у краіны Еўрапейскага саюза. Аднак спроба не атрымалася: усе пералічаныя вышэй замежныя грамадзяне былі затрыманы пагранічнікамі каля в. Хвойнік.
З улікам характару і ступені грамадскай небяспекі зробленага, акалічнасцяў, якія змякчаюць адказнасць абвінавачваных К. і Ф., чыстасардэчнага раскаяння гэтых двух беларусаў, наяўнасці на ўтрыманні ў вінаватых малалетніх дзяцей, а таксама за тое, што злачынства было ўчынена з карыслівымі намерамі, судом Пружанскага раёна ў сярэдзіне ліпеня быў вынесены адпаведны справядлівы прыгавор. Мінчаніну і жыхару г. Койданава было прысуджана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 4 гады і на 3 гады 6 месяцаў адпаведна з адбываннем зняволення ў папраўчай установе ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 100 базавых велічынь кожнаму.
Прыгавор яшчэ не ўступіў у законную сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Аляксандр Вярбіцкі, пракурор раёна. Фота з архіва рэдакцыі