Среда, 19 февраля 2025

Беларускі гурт «Дразды» выступіў у Лядовым палацы, а яго лідар Віталь Карпанаў расказаў, чаму раённая газета — лепшая ў свеце (+многа фота і відэарэпартаж)

589

Вечарам у панядзелак Пружаны сустракалі «Драздоў». Любімыя выканаўцы многіх жыхароў краіны і нашага раёна завіталі да нас у рамках вялікага гастрольнага тура «Хата бацькоў». І гэта быў не проста сольны канцэрт, а сапраўднае лядовае шоу, якое дакладна запомніцца як выканаўцам, так і кожнаму, хто правёў адзін з пераднавагодніх вечароў у кампаніі добрай музыкі.

Пра тое, што «Дразды» ўжо ў Лядовым палацы, карэспандэнты даведаліся не ад арганізатараў, а з… Instagram. Яно і нядзіўна: на шоу, паводле падлікаў, было прададзена каля 600 білетаў. Таму тыя, хто сочыць за творчасцю гурта, літаральна адразу загрузілі сторыс. Актыўна вядуць свае сацсеткі і самі «Дразды». Анонсы канцэртаў і яркія фота з выступленняў у рамках тура «Хата бацькоў», безумоўна, можна ўбачыць там.

А гэтых самых выступленняў за плячыма артыстаў нямала. І едуць яны туды, дзе іх сапраўды чакаюць, не цураюцца выступленняў у вясковых клубах. Як кажа лідар гурта Віталь Карпанаў, з якім мы паразмаўлялі да пачатку шоу, выступаюць там, адкуль многія пачыналі самі.

— Мабыць, у гэтым і ёсць асаблівасць нашага тура. Мне часта тэлефануюць людзі з аграгарадкоў, пытаюць: «А да нас прыедзеце?» Вядома, прыедзем, толькі запрашайце! Пружаны — гэта першы вялікі населены пункт у нашым гастрольным туры. Ды і ўвогуле слова «ўпершыню» добра падыходзіць да канцэрта. Усё таму, што ўпершыню мы выступаем на лядовай арэне, а збіраць арэны імкнуцца ўсе выканаўцы. Мы будзем помніць, што ўпершыню гэта было ў Пружанах. А яшчэ першы раз выступаем разам з сапраўднымі прыгажунямі і талентамі — спартсменкамі-фігурысткамі, разам ствараем беларускае лядовае шоу, — расказаў Віталь.

«Дразды» сёння — гэта сапраўды адна з візітовак нашай краіны. Падчас канцэрта ў Лядовым палацы свой настрой пружанцам і гасцям перадавалі барабаншчык Андрэй Маўрын, гітарыст Раман Гарбацкі і бас-гітарыст Сяргей Кісялёў, за перкусіяй быў Фёдар Грувіч, па-заліхвацку з баянам упраўляўся Ілья Нямыцька, віртуознай ігрой на саксафоне здзіўляў Канстанцін Таўрызаў. Паводле слоў Віталя, іх каманда — гэта яшчэ і вадзіцель Юрый, які на працягу многіх гадоў дапамагае «Драздам» «прыляцець» у той ці іншы населены пункт Беларусі.

Сапраўднай фішкай выканаўцаў з’яўляецца і тое, што са сваімі прыхільнікамі яны гутараць па-беларуску. Яшчэ кранаюць сваёй душэўнасцю і максімальнай адкрытасцю. Можа, таму падчас шоу гучалі такія шчырыя апладысменты. Можа, таму на канцэрт у наш Лядовы палац прыехалі людзі з суседняга Бярозаўскага і іншых раёнаў. І менавіта таму госці ад душы весяліліся (нездарма канцэрт пачалі з песні «Усміхніся») і запальвалі як на трыбунах, так і на імправізаваным танцполе, які спецыяльна для шоу стварылі прама на арэне.

Бадай, найбольш эмацыйнымі былі моманты, калі Віталь Карпанаў выходзіў да гледачоў. Разам спявалі «Вёску», «Вясковы лавелас», «Каханую дзяўчыну», «Хату бацькоў» і іншыя кампазіцыі, якія сёння ўжо з’яўляюцца хітамі. Не абышлося падчас канцэрта без запаленых ліхтарыкаў.

Што да кампазіцыі «Сланечнік», дык яе ўвогуле пелі на «біс». І нездарма: можна сказаць, што яна і прывяла «Драздоў» у Пружаны. Віталь расказаў, што падчас гэтай песні выходзіў да гасцей свята «Ружанская брама», у якім «Дразды» прымалі ўдзел у жніўні. Убачыўшы мужчыну, які добра ведае словы, даў магчымасць яму паспяваць. Гэтым мужчынам аказаўся… дырэктар ДЮСШ № 2 г. Пружаны Аляксандр Шаманаў. Ён і запрасіў гурт выступіць на нашай лядовай арэне. А ці магло быць інакш, калі выканаўцы сапраўды падабаюцца, што, уласна, пацвердзіла свята ў Ружанах, а гэты самы «Сланечнік» нават стаіць у Аляксандра Віктаравіча на рынгтоне?!

Нельга не адзначыць і ў чарговы раз не захапіцца пружанскімі фігурысткамі. Яны сваімі яскравымі пракатамі не проста дапоўнілі выступленне «Драздоў», а сапраўды сталі яго часткай. Для Златы Амельянюк, Сафіі Здановіч, Улады Чахоўскай і Юліі Покала гэта быў першы вопыт выступлення разам з вядомымі ў краіне выканаўцамі. Спадзяёмся, што далёка не апошні. Разам з Віталем мы дамовіліся праз некалькі гадоў сустрэцца на шоу «Драздоў» у «Мінск-Арэне». Хто ведае, магчыма там жа разам з гуртом праз некаторы час зноў выступяць менавіта пружанскія фігурысткі… Ну і, канечне, мы сфатаграфаваліся з выканаўцамі, як і дзясяткі пружанцаў падчас і пасля шоу.

На развітанне з карэспандэнтамі Віталь Карпанаў сказаў цёплыя і кранальныя для журналістаў словы: «Раённая газета — гэта лепшая газета ў свеце, таму што яна для людзей, яна каля людзей і яна пра людзей. Дзякуй вам вялікі!» А нам застаецца толькі падзякаваць гурту за шоу і дадаць, што ў Пружанскім раёне з нецярпеннем будуць чакаць новага канцэрта «Драздоў».

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з канцэрта: https://vk.com/album-23306785_290382093 і https://ok.ru/budni/album/952808058760