Нездарма кажуць: хочаш знайсці адказ на пытанне, адпачыць, акунуцца ва ўспаміны ці проста добра правесці час — пачытай кнігу. Сапраўдная кніжная скарбніца для дзяцей і юнацтва ў Пружанах — раённая дзіцячая бібліятэка імя А. Лось. Адметна, што тут можна не толькі знайсці літаратуру па душы, але і прыняць удзел у шматлікіх мерапрыемствах і нават сустрэцца з самімі аўтарамі!
Якраз такая магчымасць была ў юных пружанскіх чытачоў на мінулым тыдні. У наш горад завітаў беларускі дзіцячы пісьменнік, пастаянны аўтар газеты «Зорька», выдавец Валерый Квілорыя. Ён правёў сустрэчы з вучнямі СШ № 5, гімназіі, Ліноўскай СШ, а таксама сустрэўся з трэцякласнікамі гімназіі ў раённай дзіцячай бібліятэцы.
Як узгадаў Валерый Тамазавіч, упершыню ў Пружанах ён пабываў гадоў 10 таму. Сустрэча з чытачамі праходзіла таксама ў дзіцячай бібліятэцы ў выхадны дзень. На яе, акрамя дзетак, завіталі мамы і таты, дзядулі і бабулі. Бібліятэкары дапаўняюць: было весела і цікава.
Што змянілася з таго часу? Канечне, колькасць апавяданняў аўтара. Сёння іх 42, з якіх 40 — для дзетак і толькі 2 — для дарослых. Але, што важна, дзецям па-ранейшаму цікава ўбачыцца з пісьменнікам, задаць яму пытанні і нават атрымаць аўтограф. Такая магчымасць была і ў маленькіх гімназістаў. А яшчэ было многа смеху і гумару, хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем здымалі сустрэчу на камеры тэлефонаў, каб захаваць успаміны пра яе.
Валерый Тамазавіч расказаў пра сябе, пра тое, што прайшоў усе ступені ў журналісцкай прафесіі — ад звычайнага карэспандэнта да загадчыка аддзела, уласнага карэспандэнта і, нарэшце, рэдактара. Узгадаў пра сваё самае першае апавяданне — «13-ы карась». Падзяліўся, што першымі героямі твораў былі хлопчыкі Шурка і Лерка, якія жывуць у невялікім гарадку, прыкладна такім, як Пружаны. Дзеці даведаліся пра самае вясёлае, на думку аўтара, апавяданне — «Бунт у талерцы» і адно з самых новых — «Знішчыць любой цаной». Зараз Валерый Квілорыя заканчвае работу над апавяданнем, у якім можна будзе ўбачыць Брэсцкую крэпасць. Спачатку — у выглядзе камп’ютарнай гульні, а затым і рэальную. Гэты твор, па словах аўтара, ён пісаў на працягу трох гадоў, дзеля чаго нават часова пераехаў у Брэст.
У сваіх аповедах, напоўненых непадробным гумарам, Валерый Квілорыя падымае і вострыя сацыяльныя праблемы. Напрыклад, ужыванне наркотыкаў, як у «Скрыжаванні шалёнай сабакі». Адметна, што многія з кніг аўтара, у тым ліку апошнія навінкі, прадстаўлены ў фондах дзіцячай бібліятэкі і карыстаюцца папулярнасцю. Пра свае творы аўтар расказвае ў TikTok, пазнаёміцца з кнігамі можна і на сайце квилория.бел.
Маленькім гімназістам Валерый Квілорыя параіў многа чытаць, бо менавіта падчас чытання актывізуецца 35 зон галаўнога мозгу, у той час як пры праглядзе малюнкаў усяго 3-4. Таксама падкрэсліў, што заўсёды трэба думаць толькі пра добрае. Гаварыў пра свае любімыя «Беларускія народныя казкі» і апавяданне, якое спрабаваў напісаць яшчэ ў 5-ым класе, а ўрэшце завяршыў толькі ў дарослым узросце — «Пад крыжам».
Гадзіна сустрэчы праляцела незаўважна, але пакінула цёплыя ўспаміны, пажаданні ад аўтара і, канечне, яго кнігі, якія цяпер ёсць у гімназістаў і якія, спадзяёмся, адкрыюць для сябе яшчэ многія хлопчыкі і дзяўчынкі.
Уражаннямі ад сустрэчы з Валерыем Квілорыя падзяліліся яе маленькія ўдзельнікі
Сцяпан Мацвіенка, вучань 3 класа гімназіі г. Пружаны:
— Мы з класам упершыню на такой сустрэчы. Зацікавіла апавяданне «Скрыжаванне шалёнай сабакі», хачу яго прачытаць. У мяне ў руках кніга Валерыя Квілорыя «Цёця Дуся і кошка Муся» — таксама было цікава паслухаць пра яе, думаю, што з задавальненнем і прачытаю. У дзіцячую бібліятэку запісаны. Мае любімыя кнігі — пра Гары Потара, а любімыя школьныя прадметы фізкультура і матэматыка.
Ева Францэвіч, вучаніца 3 класа гімназіі г. Пружаны:
— Сустрэча вельмі спадабалася. Больш за ўсё — тое, калі пісьменніку задавалі пытанні. Я спытала, колькі гадоў Валерый Квілорыя ўжо піша свае творы, і атрымала адказ. Зацікавіла кніга «Мама, тата і я», таму яна зараз у мяне ў руках, яе абавязкова прачытаю. А чытаць вельмі люблю, часта наведваю бібліятэку. Думаю, што ў будучым абавязкова паўдзельнічаю ў летнім чытацкім конкурсе. Але гэта летам, а зараз — трэцяя чвэрць у школе. Люблю англійскую мову, матэматыку, падабаецца і літаратура.
Уладзіслаў Шпарла.
Фота Кацярыны Масік
Больш фота глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_301788924 і https://ok.ru/budni/album/975815028872