Воскресенье, 13 июля 2025

Беларусь — краіна міру і згоды

285

Такая тэма адзінага дня інфармавання, які прайшоў на ААТ «Пружанскі малочны камбінат».

На сустрэчу з калектывам прадпрыемства прыехалі памочнік Прэзідэнта, галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык, старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Хвашчэўскі, генеральны дырэктар аграпрамысловага холдынгу Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Віктар Шайбак. Прадставіў удзельнікаў адзінага дня інфармавання дырэктар ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Аляксандр Лось.

Звяртаючыся да прысутных, Валерый Вакульчык адзначыў, што, нягледзячы на рознага роду санкцыі, наша краіна працягвае развівацца, жыць і працаваць, дабіваючыся даволі значных поспехаў не толькі ва ўнутранай палітыцы, эканоміцы, але і знешняй. Валерый Паўлавіч расказаў аб сістэмнай рабоце Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі па ўмацаванні іміджу Беларусі сярод замежных партнёраў. А іх за апошні час у нас значна прыбавілася. Спікер на прыкладах іншых дзяржаў, якія апынуліся дзякуючы навязванню свайго светапогляду краінамі так званага заходняга блоку ў віхуры рэвалюцый, войнаў, расказаў, да чаго прыводзіць гвалтоўная дэмакратызацыя грамадства. Некалі вельмі багатыя эканомікі Лівіі, Ірака, Сірыі, Украіны і некаторыя іншыя ператварыліся ў галечу са шматлікімі бежанцамі, няшчаснымі і абяздоленымі людзьмі. Мадэль заходняй дэмакратыі не ўсюды спрацоўвае. Яна не падыходзіць да мадэляў з устойлівым менталітэтам народа, сваімі духоўнымі, жыццёвымі каштоўнасцямі. Аднапалярны свет ужо не можа існаваць. На палітычнай карце свету з’явіліся краіны, якія сталі заяўляць пра сябе на поўны голас. І іх меркаванні немагчыма ўжо ігнараваць. Нават меркаванні маленькай Беларусі маюць значную вагу. Усё гэта дзякуючы дальнабачнай, мудрай і памяркоўнай палітыцы Лідара нашай дзяржавы.

Затым Валерый Вакульчык адказаў на пытанні прысутных. Слушным было і выступленне Віктара Шайбака, які адзначыў, што дзякуючы такой прадукцыі, якую выпускае і Пружанскі малочны камбінат, Беларусь ведаюць далёка за яе межамі. Віктар Леанідавіч таксама адзначыў, што наперадзе яшчэ вельмі многа спраў, якія павінны стаць надзейным падмуркам для заваявання яшчэ большай рэпутацыі для прадпрыемства, а значыць, павышэння эканамічнай стабільнасці не толькі камбіната, але і раёна, вобласці і рэспублікі цалкам.

Пасля гэтага Валерый Вакульчык разам з Міхаілам Грышкевічам наведалі Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж, паглядзелі выставу работ навучэнцаў і педагогаў, правялі сустрэчу з калектывам і студэнтамі навучальнай установы, адказалі на пытанні.

Хутка адбудзецца значная электаральная кампанія па выбарах Прэзідэнта краіны. Правесці яе трэба на вышэйшым узроўні. Знешнія сілы паспрабуюць перашкодзіць гэта зрабіць. Але беларускі народ мудры, разумее, у чым наша моц і праўда.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік