Понедельник, 13 января 2025

Баявыя мастацтвы дапамагае асвойваць юным пружанцам трэнер Аляксандр Нічыпорчык

370

Усё большую папулярнасць набіраюць віды спорту, звязаныя з адзінаборствамі. Гэта і не дзіўна, бо кожны хлопец хоча навучыцца бараніць сябе і сваю сям’ю. Але не аднымі хлопцамі напоўнена на трэніроўках зала пятай гарадской школы, тут ёсць і дзяўчаты, якія ўжо неаднаразова дабіваліся выдатнага выніку на спаборніцтвах. А ўсім трэніровачным працэсам кіруе Аляксандр Нічыпорчык.

— Аляксандр Аляксандравіч, Вам 31 год, але адзінаборствамі займаецеся ўжо больш за 20 гадоў! Што стала штуршком да пачатку заняткаў у такім юным узросце? — з такімі пытаннямі падышоў я да трэнера.

— Насамрэч многія мае равеснікі пачыналі займацца адзінаборствамі з-за фільмаў з удзелам Джэкі Чана і Жана Клода Ван-Дама. Я быў таксама адным з такіх дзяцей. Памятаю, да нас у школу, а я жыў і вучыўся ў Белаазёрску, прыехаў трэнер з Брэста і запрашаў усіх запісацца на секцыю па таэквандо. Мы не ведалі, які гэта від спорту, але раптам пачулі, што зможам навучыцца такім жа прыёмам, як бачылі па тэлевізары. І ўсе адразу захацелі наведваць секцыю, — з усмешкай кажа ён.

Аказваецца, спачатку задаткаў добрага байца ў Аляксандра не было. Але штодзённая праца над сабой зрабіла з яго цудоўнага спартсмена, які неаднаразова станавіўся пераможцам спаборніцтваў нават рэспубліканскага ўзроўню.

— У дзяцінстве я быў маленькім і поўным. Таму нават трэнер у мае поспехі не верыў. Але ўсё змянілася, калі вучыўся ў 9 класе. Я нібы паглядзеў на сябе збоку, пачаў больш трэніравацца, прымаць удзел у спаборніцтвах. І гэта адбілася на выніках. З таго часу слова «перамога» стала для мяне бліжэй, — адзначае Аляксандр.

Спартсмен прызнаецца, што ніколі не думаў, што звяжа свой жыццёвы шлях з трэнерскай дзейнасцю.

— Нават тады, калі пачалі прыходзіць поспехі на спаборніцтвах, і думкі пра гэта не было. Пасля школы скончыў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «інжынер-механік», адслужыў тэрміновую ў войску. І толькі пасля ваеннай службы з‘явілася думка паспрабаваць сябе ў ролі трэнера. Гэтае «паспрабаваць» уцягнула мяне настолькі, што ўжо не ўяўляў сваё жыццё без трэнерскай дзейнасці. Таму пайшоў атрымліваць другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «трэнер» у Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. Зараз развіваю тры напрамкі ў галіне адзінаборстваў: кікбоксінг, вовінам в’ет во дао, таэквандо. А па вовінам в’ет во дао з’яўляюся афіцыйным прадстаўніком па Брэсцкай вобласці.

Хоць сам Аляксандр Нічыпорчык і кажа, што як спартсмен перастаў рухацца наперад, але думаю, што насамрэч гэта не так. Сёлета ён стаў пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў па вовінам в’ет во дао ў сваёй катэгорыі, што дазволіла ўвайсці ў склад зборнай, якая будзе прымаць удзел у чэмпіянаце свету ў В’етнаме ў другой палове лістапада. Варта таксама адзначыць, што ўдзел у ім прымуць
адразу некалькі спартсменаў, якія трэніруюцца пад кіраўніцтвам Аляксандра.

Пабываўшы на трэніроўцы, убачыў, што дзяцей, якія жадаюць займацца адзінаборствамі, вельмі шмат. У гутарцы юныя наведвальнікі секцыі зазначылі, што задаволены якасцю трэніровак, у калектыве пануе прыязная атмасфера, а ў некаторых за плячыма вельмі сур’ёзныя дасягненні (аказалася, што ўжо не толькі трэнер з’яўляецца пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў).

На трэніроўцы прысутнічалі таксама і некаторыя бацькі дзяцей. Абсалютна ўсе, з кім удалося пагаварыць, былі рады, што ў нашым горадзе працуе такая секцыя і кваліфікаваны трэнер дапамагае дзецям развіваць сябе ў спартыўным напрамку. Тут ёсць усё, ад дысцыпліны да вынікаў…

Так што калі хочаце развіваць сябе як спартсмена баявых мастацтваў, —звяртайцеся да Аляксандра!

Руслан Басак. Фота аўтара