Конкурс пад такой назвай мы абвясцілі для ўдзель-нікаў нашых груп у сацыяльных сетках. За тыдзень мы атрымалі каля сотні прыгожых і пацешных здымкаў хатніх гадаванцаў. Вельмі няпроста было вы-браць фіналістаў! Тым не менш, ажно 22 фатаграфіі атрымалі магчымасць паўдзельнічаць у галасаванні. Як мы і абяцалі, такім чынам быў вызначаны адзін пераможца. Другога выбраў спонсар нашага конкурсу заамагазін “Лемур”.
У галасаванні перамог шатландскі аблавухі кот Барні. Здымак “Я плыву на льдине, как на бригантине” сабраў найбольш галасоў. Фота даслала гаспадыня Барні Святлана Кудзелька. Яна і расказала, што Барні даволі ласкавы кот, але з характарам… Яму ўсяго паўтара года, а трапіў Барні да сваёй гаспадыні ў якасці падарунка на дзень нараджэння. Святлана і Барні атрымліваюць сертыфікат на 20 рублёў на пакупку любых тавараў у заамагазіне “Лемур”.
А вось гаспадыні “Лемура” найбольш па душы прыйшоўся здымак “У засадзе”, які даслаў Канстанцін Захарчанка. “У засадзе” сядзіць кот Банцік, якога, на жаль, ужо няма. Затое ў сям’і, дзе гадуецца сынок Іван, жывуць дзве кошкі — Карлсан і Мацільда. Так, так, менавіта кошкі! А што яшчэ цікавей – Карлсан з’яўляецца мамай Мацільды. Абедзве зараз стэрылізаваныя (як і пераможца галасавання), таму ў гаспадароў няма праблем з уладкоў-ваннем “нашчадкаў”. Карлсан і Мацільда атрымліваюць такі ж сертыфікат.
Многа цікавых здымкаў мы атрымалі ад доктара Ірыны Федарцовай, адзін з іх — “Ля самавара я і мая Маша” — стаў другім па колькасці адданых галасоў.
Шмат шчырых усмешак выклікала фота ката Міхаіла Януша “Таіці, Таіці… нас і тут нядрэнна кормяць”. І сапраўды, кот з фота лёгка мог бы атрымаць ролю ў фільме пра папугая Кешу.
Настаўніца Вольга Мазіна даслала здымак з кацянятамі-немаўлятамі. У здымка даволі сумная гісторыя. Сляпых кацянят знайшлі … на сметніку. Ні Вольга, ні яе сыны не змаглі кінуць малых на волю лёсу. Некалькі тыдняў яны па чарзе, звяраючыся з гадзіннікам, кармілі малых з піпеткі…
Кот Ёжык, які сярод клубніц шукае нешта мясное, таксама мае сваю гісторыю. Гаспадыня Валерыя Йовік набыла яго падчас дабрачыннай акцыі ў Брэсце. Разам з му-жам яны прыйшлі туды, каб узяць сабе кацяня. Але валанцёры падказалі, што кацянят прасцей уладкаваць у добрыя рукі, а вось у дарослага Ежы шанцаў значна менш. Так Ёжык стаў сапраўдным членам сям’і, а яго фотагенічнасць неаднаразова высока ацэньвалася на розных конкурсах.
Смешна глядзець на выраз мордачак сабакі Андрэя Круглені і ката Ірыны Пропер, якія даведаліся, што едуць да ветурача.
А вось кот Кузя мабыць марыў стаць пілотам…
Ды што многа гаварыць? Глядзіце альбомы https://vk.com/album-23306785_258063904 і https://ok.ru/budni/album/54046346510472 і атрымлівайце зарад добрага настрою!
Вялікі дзякуй усім за ўдзел!
Кацярына Пашкевіч