Узнікненне вострых рэспіраторных інфекцый (ВРІ) правакуюць розныя групы вірусаў і іншыя мікраарганізмы. Інфекцыя пачынаецца з запалення слізістых абалонак дыхальных шляхоў, кашлю, чхання, насмарку, павышаецца тэмпература цела. Падобная клінічная карціна і ў грыпу. Пра тое, як адрозніць менавіта гэтую хваробу і як засцерагчыся ад яе, расказала загадчыца аддзела эпідэміялогіі Пружанскага РЦГЭ Крысціна Пашкевіч.
— Крысціна Мікалаеўна, як не пераблытаць грып з ВРІ?
— Найперш трэба быць уважлівым да сімптомаў. Пры вірусе грыпу пераважаюць прыметы інтаксікацыі: млоснасць, ванітаванне. Тыповая грыпозная інфекцыя пачынаецца звычайна востра, з рэзкага ўздыму тэмпературы цела на працягу сутак да 39-40 градусаў (працягваецца пры няўскладненай форме ад 1-3 да 5 дзён). Высокая тэмпература суправаджаецца дрыжыкамі, болямі ў мышцах, ламотай у суставах, галаўным болем у вобласці лба, вочных яблыкаў.
— Насмарк і кашаль таксама з’яўляюцца тыповымі для грыпу?
— Выдзяленні з носа, як правіла, адсутнічаюць альбо з’яўляюцца мізэрнымі, прысутнічае выяўленае пачуццё сухасці ў насаглотцы. На 2-3 суткі з’яўляецца сухі, напружаны, балючы кашаль, які працягваецца 7-10 дзён. Пасля выздараўлення некалькі дзён захоўваецца пачуццё стомленасці, асабліва ў пажылых людзей.
— Ці сапраўды грып настолькі каварная хвароба, як кажуць пра яе ў народзе?
— Так, і гэты вірус небяспечны тым, што прыгнятае імунную сістэму. Пасля перанесенага захворвання (часам праз тыдзень, два) могуць развівацца ўскладненні і неспрыяльныя наступствы: з’яўляюцца бактэрыяльныя пнеўманіі, абсцэсы лёгкага, вострыя сінусіты. Могуць узнікаць паражэнні нервовай, сардэчна-сасудзістай сістэм, органаў слыху, абвастрэнне наяўных хранічных захворванняў і г.д. Магчымы сутаргі, галюцынацыі, насавыя крывацёкі, ваніты, развіццё дыхальнай недастатковасці.
— Гэта праўда, што грып спрыяе развіццю інсульту, інфаркту?
— Насамрэч, так і ёсць. Увогуле, грып дае надзвычай вялікую нагрузку на арганізм чалавека. Устаноўлена, што арганізм здаровага чалавека пасля перанесенага грыпу сярэдняй цяжкасці траціць столькі сіл, што гэта каштуе яму года жыцця.
— Якім чынам супрацьстаяць такім ахвярам?
— Варыянт тут адзіны — вакцынацыя. Важна ўлічваць, што вакцына садзейнічае выпрацоўцы імунітэту супраць віруса грыпу на 6-12 месяцаў. На сённяшні дзень выкарыстоўваюцца высокаачышчаныя вакцыны, якія не змяшчаюць жывога віруса, а толькі яго неабходныя кампаненты. Такім чынам атрымліваецца пазбегнуць ускладненняў пасля прышчэпкі.
— Які перыяд найбольш спрыяльны для праходжання вакцынацыі?
— Канечне, трэба ўлічваць, што пасля атрымання прышчэпкі імунітэт фарміруецца каля трох тыдняў. Найбольш разумна будзе вакцынавацца загадзя, да пачатку сезону пад’ёму захваральнасці на ВРІ і грып, пажадана ў верасні-кастрычніку.
Гутарыла Вольга Басак