Пятница, 7 ноября 2025

Як вядуць барацьбу са «шкодным золатам» у Пружанскім раёне

684

Сумесна з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольгай Дрозд мы правялі рэйд па прыдамавых тэрыторыях нашага горада, на якіх расце прыгожая, але вельмі небяспечная расліна з загадкавай назвай — сумнік канадскі (па-руску — золотарник).

Вольга Міхайлаўна звярнула ўвагу, што апошнім часам гэтая расліна вельмі хутка распаўсюджваецца.

— Сумнік канадскі можна часта сустрэць на тэрыторыі могілак і прысядзібных участкаў, дзе некаторыя людзі вырошчваюць яго як дэкаратыўную культуру. Расліна сапраўды выглядае хораша, аднак не варта забываць, што яна з’яўляецца вельмі небяспечнай. Сумнік канадскі вылучае ў глебу атрутныя рэчывы, якія прыгнятаюць рост іншых раслін. Глеба становіцца шчыльнай і ў яе не паступае паветра. Гінуць не толькі травы, але і дробныя хмызнякі. На захопленых сумнікам тэрыторыях знікаюць карысныя бактэрыі, казуркі і нават птушкі. Кожны куст сумніку прыносіць за сезон каля 100 тыс. штук насення, у выніку чаго расліна хутка рассяваецца на значныя плошчы.

Першы ўчастак з сумнікам мы сустрэлі ля дома па вуліцы Кастрычніцкай. Кустоў гэтай расліны было няшмат, і яны былі невялікія. Да нас выйшла гаспадыня дома, якая паведаміла, што яна ведае пра шкоду расліны і барацьбу з ёй вядзе штогод. «Гэтыя кусты сумніка адраслі сёлета і будуць таксама выдалены», — запэўніла жанчына. Адным словам, у зносінах было знойдзена поўнае паразуменне і мы пайшлі далей…

У домаўладанні па суседстве карціна трохі іншая. На дадзенай тэрыторыі сумніку больш, і расце ён, зыходзячы з памеру, ужо не першы год. Але гаспадароў дома мы не засталі, таму Вольга Міхайлаўна паклала лістоўкі, якія нагадваюць пра шкоду расліны, у паштовую скрыню.

На вуліцы Свабоды таксама ёсць дамы, дзе побач з плотам расце «шкоднае золата». У адным з іх засталі гаспадара, які растлумачыў, што ўжо выдаляў расліну сёлета, але да канца гэтую справу так і не давёў. «Сёння ж прыбяру астатнюю частку. Заўтра сумніку тут не будзе». Падобная карціна назіралася і на частцы тэрыторыі каля двухкватэрнага дома на супрацьлеглым баку: было бачна, што гаспадары адной з кватэр змагаюцца са шкоднай раслінай. А вось другая сям‘я гэтыя работы ігнаруе.

На вуліцы Янкі Купалы, як і на папярэднім месцы, гаспадароў дома не было, а вось «шкоднага золата» — дастаткова шмат. І тут пакінулі лістоўку-напамін.

Апошнім аб’ектам нашага рэйду стаў дом па вуліцы Вінаградава. Тут назіралася толькі пару кусцікаў сумніку, і тыя сын гаспадыні паабяцаў прыбраць у бліжэйшы час.

Па выніках рэйда можна сказаць, што многія жыхары райцэнтра праінфармаваны пра шкоду сумніку канадскага і вядуць барацьбу з ім. Аднак гэта тычыцца «акультураных» участкаў. Сумнік жа распаўсюджваецца і на пустках, закінутых дачных участках за межамі населеных пунктаў, у лясных масівах. Тут змагацца з ім складаней.

Вольга Міхайлаўна адзначыла, што некантралюемае распаўсюджванне сумніку канадскага наносіць вялікую шкоду біяразнастайнасці прыроды Беларусі, сельскай і лясной гаспадарцы. На дадзеных тэрыторыях таксама ідзе барацьба з гэтай раслінай. А для выдалення яе патрабуецца значная колькасць часу і фінансавых сродкаў. Таму гэта вельмі важнае пытанне як у экалагічным, так і ў эканамічным складніку, якое трэба вырашыць. І пажадана як мага хутчэй.

Нагадаем, што змагацца з сумнікам можна як хімічнымі, так і механічнымі метадамі. Работы па выдаленні гэтай расліны неабходна праводзіць ужо зараз, таму што ў наступным годзе «шкоднага золата» стане яшчэ больш, а гэта значыць, што змагацца з ім будзе яшчэ цяжэй…

Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік