
На мінулым тыдні 80 гадоў з Дня нараджэння адзначыў выдатны чалавек — Уладзімір Міхайлавіч Тур, які ўнёс важкі ўклад у развіццё сельскагаспадарчага сектара Пружаншчыны. Амаль палову жыцця ён прысвяціў аграрна-тэхнічнаму каледжу, з іх 27 гадоў быў яго кіраўніком. Як сёння жыве Уладзімір Міхайлавіч, якія будуе планы і аб чым трапятліва ўспамінае, мы даведаліся, пабываўшы ў гасцях у юбіляра.
Гаспадара мы прыкмецілі здалёк. Лёгкай, спакойнай паходкай ён прагульваўся па вуліцы з сабачкам у чаканні нашага прыезду. Так пачалася наша першая сустрэча з гэтым дзіўным чалавекам. І доўгая займальная размова, пасля якой адразу стала зразумела: перад намі Чалавек з вялікай літары.
— Школу я скончыў у сваёй роднай вёсцы Варанілавічы ў 1961 годзе. Гэта быў знакавы час для ўсёй краіны. Першы палёт у космас Гагарына перавярнуў свядомасць усіх юнакоў таго часу, і ўсе рэзка захацелі стаць лётчыкамі-касманаўтамі, і я ў тым ліку. Паехаў паступаць у Маскоўскі авіяцыйна-тэхналагічны інстытут. Прайшоў камісію, прыгледзеўся, ацаніў абстаноўку і забраў назад дакументы, — успамінае Уладзімір Міхайлавіч. — Дадому было ехаць сорамна, і ў цягніку, сустрэўшы настаўніцу матэматыкі, сказаў, што не здаў яе прадмет, — не змог шчыра прызнацца, што перадумаў. Вярнуўся дадому і пайшоў працаваць у калгас.
Шлях юнага Тура ў адукацыю пачаўся з банальнай гісторыі, калі ў мясцовай школе захварэў настаўнік пачатковых класаў і яго папрасілі падмяніць урокі. У трэцяй чвэрці здарылася тая ж гісторыя — і юнак зноў прыйшоў на замену. Далей усё пайшло па накатанай, і яго запрасілі ў Калазубскую школу настаўнікам фізкультуры да канца навучальнага года. Вось такімі маленькімі крокамі будучы дырэктар Пружанскага каледжа асвойваў асновы педагогікі. Гэта менавіта той цудоўны выпадак, калі прафесія знайшла яго самога.
— Так прайшоў год. Пасля школы мы з хлопцамі аддалі дакументы ў Мінскі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі і паступілі. Пасля заканчэння ВНУ я папрасіўся на малую радзіму і мяне размеркавалі ў тагачасны Пружанскі саўгас-тэхнікум выкладчыкам. Так, з 1968 года пачаўся мой працоўны шлях у гэтай навучальнай установе. Прыйшоў я не толькі з пэўным багажом ведаў, але і з навыкам практычнай настаўніцкай работы. Так што школьныя спробы ў юным узросце вельмі спатрэбіліся.
У тэхнікуме малады спецыяліст выкладаў спецдысцыпліны, працаваў загадчыкам лабараторыі і ўжо праз два гады ўзначаліў аддзяленне электрыфікацыі. На пытанне: «Што было самым цяжкім у пачатку кар’еры?» — ён шчыра прызнаўся, што хацелася даць больш ведаў навучэнцам, а не проста ставіць «тройкі». Спецыялісты з сельгасгаліны і тады былі на вагу золата, іх вельмі чакалі ў калгасах. Таму якасная падрыхтоўка кадраў для вёскі стана-вілася галоўным прыярытэтам. Віктар Міхайлавіч нават адсочваў, як складвалася біяграфія яго выпускнікоў, і хочацца адзначыць, што вынікам ён вельмі задаволены.
— У нас быў не проста тэхнікум, а саўгас-тэхнікум, гэта значыць, галоўнае слова — «саўгас». І зверху мне сказалі, больш увагі надаваць аграрнаму сектару. Кантора па сельгаснакіраванні знаходзілася ў Сланімцах, і мне ўвесь час даводзілася гойсаць паміж двума кропкамі, каб усё трымаць пад кантролем. Гаспадарка была багатая, працы шмат, але наш згуртаваны калектыў вытрымліваў любыя цяжкасці, і мы заўсёды былі ў лідарах па раёне, а па паказчыках у жывёлагадоўлі займалі першыя месцы. Безумоўна, поспехі ў гаспадарцы аказвалі станоўчы ўплыў на навучальны працэс. 25% ад прыбытку мы расходавалі на навучальную частку, закупалі неабходнае навучальнае абсталяванне. І падчас вытворчай практыкі навучэнцы мелі выдатную магчымасць наглядна замацаваць тэарэтычныя веды, уласнаручна кіраваць новай тэхнікай, на сапраўдных узорах выкараняць непаладкі. У адзін час было выдзелена 100 мільёнаў рублёў для аснашчэння толькі адной лабараторыі мікрапрацэсарнай тэхнікі, што значна павышала якасць адукацыі выпускнікоў.
Уладзімір Міхайлавіч — выдатны прыклад кіраўніка для многіх пачынаючых спецыялістаў. Вакол сябе ён з’яднаў цудоўны калектыў выкладчыкаў і аграрыяў, для якіх стварыў усе ўмовы, каб камфортна жыць і працаваць. У гэтыя гады былі пабудаваны ўсе фермы і стайні, новыя майстэрні ў Гараднянах, а таксама лазня, студэнцкі клуб і новыя жылыя дамы для педагогаў. Калі жыллёва-бытавыя пытанні былі вырашаны, кіраўнік заняўся адкрыццём новых спецыялізаваных напрамкаў. У раёне інтэнсіўна пачала развівацца жывёлагадоўля — адкрылі аддзяленне механізацыі і электрыфікацыі гэтага сектара. Пачало працаваць аддзяленне тэхнічнага абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў. Патрэбны былі спецыялісты вышэйшага звяна —адкрылі спецаддзяленне кіруючых кадраў і г. д. Так, за 27 гадоў працы на кіруючай пасадзе Уладзімір Міхайлавіч стварыў такую грунтоўную базу, на якой і зараз вучацца і працуюць яго калегі.
Заўсёды і ва ўсім паважанага чалавека, каханага мужа і бацьку падтрымлівала яго сям’я: Галіна Рыгораўна, якая ўнесла немалы ўклад у якасць навучальнага працэсу, адпрацаваўшы амаль 30 гадоў у бібліятэцы тэхнікума, і дзве дачкі Наталля і Вольга. Абедзве з’яўляюцца гонарам бацькі, які заўсёды быў і застаецца для іх выдатным прыкладам любові да прафесіі і адданасці любімай справе. Старэйшая Наталля звязала сваё жыццё з эканомікай, а малодшая Вольга — педагог-псіхолаг.
Цяпер Уладзімір Міхайлавіч на заслужаным адпачынку і ўвесь вольны час прысвячае сваім блізкім. З вялікай пяшчотай і цеплынёй успамінае працоўныя гады, свой родны калектыў і калег-аднадумцаў, дзякуючы якім аграрна-тэхнічны каледж і ўся сельскагаспадарчая галіна выйшлі на істотна новы ўзровень, роўных якому няма і цяпер.
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік
