Среда, 15 января 2025

«Бацька» не падводзіць

975

ААТ «Агра-Калядзічы» вызначаецца стабільна высокімі ўраджаямі збожжавых культур. Бадай, сёлетні год таксама не стане выключэннем.

 — Ураджайнасць азімых збожжавых павінна атрымацца не ніжэй за леташнюю, — гаворыць галоўны аграном Л.У.Чарняк. — А вось яравыя, асабліва ячмяні, істотна падсушыла.

20160711_1024

У сельгаспрадпрыемстве сёлета збожжавыя і зернебабовыя культуры неабходна ўбраць на плошчы 1870 гектараў. Самую значную плошчу — 700 гектараў, або 37%, займае азімае трыцікале. Азімая пшаніца падлягае ўборцы на плошчы 450 гектараў, яравы ячмень — 430, авёс — 50 гектараў. Акрамя гэтага, яшчэ 240 гектараў занята зернебабовымі культурамі і 198 — рапсам.

— Нагрузка на адзін камбайн з улікам рапсу ў нас не перавышае 190 гектараў, — зазначае падчас гутаркі Леанід Уладзіміравіч. — Калі паспрыяе надвор’е, павінны завяршыць жніво на працягу двух тыдняў.

Калі мы наведалі ААТ «Агра-Калядзічы», жніво толькі набірала абароты. Але пачалося яно без раскачкі. У гэты дзень на палетках працавалі ўсе 11 камбайнаў, разбітыя на тры звяны. Адно з іх было задзейнічана на ўборцы азімага рапсу, а два — збожжавых культур.

Пачалося жніво з яравога ячменю. Менавіта гэту культуру, па словах галоўнага агранома, неабходна ўбіраць у першую чаргу.

На ячменным палетку, працавалі некалькі камбайнаў. Бункеры хутка напаўняліся зернем новага ўраджаю. Пасеяны тут быў сорт ячменю айчыннай селекцыі «бацька». Як  лічыць галоўны аграном, гэты ранняспелы сорт не падводзіць, нягледзячы на засушлівае надвор’е. З аднаго гектара атрымліваецца звыш 45 цэнтнераў збожжа.

20160711_1036

20160711_1042

У гаспадарцы дзейнічае ўборачны канвеер. Практычна адразу за камбайнамі на полі з’явіліся прэс-падборшчыкі. Рулоны саломы адсюль вывозяцца да месцаў складзіравання.

Самая важная складаемая жніва — якасць уборкі. Усе камбайны прайшлі праверку на герметычнасць. На кожным палетку прысутнічае спецыяліст, які пільна сочыць за работай камбайнераў. Ды і самі яны зацікаўлены ў тым, каб не дапусціць страт зерня. Менавіта ад гэтага паказчыка залежыць іх заработная плата.

Не павінна ўзнікаць пытанняў у гаспадарцы і з дапрацоўкай збожжа. Яго будуць даводзіць да патрэбных кандыцый на трох зернесушыльных комплексах.

Ну, і, вядома, самае галоўнае, ад чаго залежыць поспех любой уборачнай кампаніі, — гэта людзі. Для іх створаны ў таварыстве ўсе неабходныя ўмовы. Двойчы на дзень прама ў поле дастаўляюцца смачныя абеды. І ўдзельнікі жніва працуюць з «агеньчыкам», паколькі ведаюць, што ёсць магчымасць зарабіць добрыя грошы.

На здымках: уборку ячменю вядзе экіпаж камбайна «КЗС-10» у складзе В.М.Імховіка і А.У.Басака; галоўны аграном Л.У.Чарняк; на адвозцы збожжа ад камбайнаў працуе вадзіцель В.А.Сахарчук.

Мікола АРХУЦІК

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *