Канструктар LEGO з’яўляецца любімай гульнёй дзяцінства для многіх. Але не кожны можа ўявіць сябе тое, што з гэтага канструктара можна сабраць арыгінальныя, карысныя рэчы і прывесці свае тварэнні ў рух, нават не кранаючы рукамі.

Калі ідзеш уздоўж калідораў СШ №1 імя ЧБВА, то здаецца школа як школа – з дзіцячымі гарэзлівымі галасамі, з настаўнікамі, якія спяшаюцца на наступны ўрок, але заходзіш у кабінет пад нумарам 20, ці як яго яшчэ называюць STEM-кабінет, і табе нібы адкрываецца новы свет, яркі і цудоўны свет дзяцінства. Памяшканне прыгожа аформлена, там стаяць каляровыя крэслы, ёсць мяккі куток, а за сталамі дзеці збіраюць канструктар LEGO. Адразу ўспамінаецца, як са сваім сябрам ў дзяцінстве вы таксама пыталіся зрабіць з дэталек будынак ці аўтамабіль. Але ж не, у STEM-кабінеце ўсё сур’ёзней, там працуюць маленькія робататэхнікі, канструктары, магчыма будучыя праграмісты, якія могуць адным клікам прымусіць фігурку з LEGO рухацца або выдаваць гук.

У СШ №1 працуе аб’яднанне па інтарэсах «LEGO-канструяванне», якое наведваюць вучні 3-4 класаў. мы завіталі на такія заняткі і спыталі пра самыя цікавыя і прыемныя моманты ў рабоце ў яго кіраўніка Наталлі Яроцкай.

— Наша аб’яднанне з‘явілася ў 2019 годзе — расказвае Наталля Віктараўна. – Менавіта тады мы атрымалі канструктары, быў аформлены наш STEM-кабінет, дзе і праходзяць заняткі аб’яднанняў па інтарэсах. Праграма майго аб’яднання разлічана на два гады, тут займаюцца вучні 3-4-х класаў. Далей у 5 класе, калі яны жадаюць працягнуць, а яны заўжды жадаюць, то працуюць ужо з іншымі канструктарамі. На дадзены момант мы працуем з сучаснымі канструктарамі LEGO wedo 2.0. У першага пакалення канструктара не было столькі разнастайных дэталяў, матораў. І было нязручна праграмаваць пры дапамозе ноўтбукаў. Зараз жа мы маем магчымасць кіраваць нашымі робатамі пры дапамозе планшэтаў, без правадоў. Заняткі ў нас праходзяць раз у тыдзень і доўжацца дзве гадзіны: 45 мінут працуем, потым 10 мінут перапынку і зноў 45 мінут заняткаў. Звычайна спачатку я праз гульні, загадкі, кароткія відэаролікі падводжу вучняў да тэмы заняткаў. Заўжды цікава абсудзіць яе, пабачыць, што дзеці ведаюць пра які-небудзь прадмет, пра тую ці іншую з’яву. Такім чынам, вучні атрымліваюць магчымасць пашырыць свае веды. Напрыклад, сёння ў нас тэма «Сабака – сябар чалавека», таму мы разважалі пра тое, як сабака была прыручана, як жывёліна можа дапамагаць чалавеку, а потым збіралі з LEGO фігурку сабакі.

Пасля таго, як робат быў сабраны, дзеці прыступілі да праграмавання. Для сабакі яны павінны былі запраграмаваць датчык руху, каб фігурка магла рухацца наперад і назад, рэагавала на таксама сабраную з LEGO «костачку». Сабака па жаданні аўтараў магла нават загаўкаць.
— Тыя, хто справіўся з усімі заданнямі, далей могуць займацца іншымі праектамі, якія ім падабаюцца, — кажа педагог. — Напрыклад, на мінулых занятках хлопчыкі сабралі дрыль, канструявалі масажор, гоначны аўтамабіль і шмат іншага.

Наталля Яроцкая лічыць, што ўнікальнасць дадзенага аб’яднання па інтарэсах — у яго шматфункцыянальнасці, бо дзеці на занятках атрымліваюць магчымасць не толькі атрымаць веды, але прымяніць тэорыю на практыцы. Вучні збіраюць мадэлі прадметаў і аб’ектаў, што акружаюць іх у паўсядзённым жыцці. Гэта вельмі дапамагае развіваць фантазію і тэхнічную творчасць. Як філолаг і настаўнік замежнай мовы, вялікую каштоўнасць яна бачыць у развіцці моўных уменняў навучэнцаў. Педагог разважае:

— У век інфармацыйных тэхналогій нашы дзеці пакрыху перастаюць гаварыць прыгожа і разгорнута, яны нібы перайшлі на скарочаную камп’ютарную мову. У нас, канешне, у асноўным, тэматычныя заняткі, але ў канцы кожнага цыкла тэмы ёсць час і на свабодную творчасць. І падчас яе дзеці канструююць сваю мадэль, прыдумваюць для яе праграму, а потым прадстаўляюць свой праект і з задавальненнем расказваюць аб ім, гаворачы пры гэтым ярка, выразна. Яшчэ важнасць нашага аб’яднання па інтарэсах я бачу ў тым, што на гэтых занятках фарміруецца ўменне супрацоўнічаць. Дзеці часта вымушаны працаваць у парах, і вельмі ахвотна дапамагаюць адзін аднаму. Але менавіта я, як педагог, тое, што наша аб’яднанне сапраўды ўнікальнае, адчуваю, калі чую ад дзяцей пытанне: «А ці можна, каб гэтыя заняткі былі кожны дзень?». Вельмі прыемна ведаць, што ім настолькі падабаецца.
Ксенія Ганчарук, 3 «Б» клас:

— Мае ўражанні ад «LEGO-канструявання» самыя пазітыўныя. Больш за ўсё даспадобы канструяваць робата, але вельмі падабаецца і праграмаваць яго. А яшчэ было асабліва цікава на мінулых занятках, калі мы складвалі пчолку.
Руслан Тагіеў, 3 «Б» клас:

— У нас добрая настаўніца, яна дазваляе фатаграфаваць мадэлі, якія мы робім на занятках. Часам мы самі збіраем тое, што нам хочацца. Увогуле, у нас класны гурток! Мне больш за ўсё падабаецца, калі мы праграмуем і задаём розныя каманды робату.
Уладзіслаў Каралюк, 3 «А» клас:

— Мне больш за ўсё падабаецца збіраць мадэльку з LEGO і ў канцы заняткаў канструяваць тое, што захачу. У мяне дома ёсць вялікая каробка з LEGO, але тут больш рэдкіх дэталек. На занятках больш магчымасцей зрабіць штосьці цікавае з канструктара. А я захапляюся LEGO!
Вераніка Какорына, 3 «Б» клас:

— Мне падабаюцца заняткі, бо тут можна збіраць робатаў і праграмаваць іх. Робаты крута і прыгожа бегаюць або, як некаторыя з іх, ездзяць. Мне тут больш за ўсё падабаецца працаваць у камандзе. Мы можам разам рабіць мадэльку, а потым яе праграмаваць. Таксама мне падабаецца, калі мы крыху спаборнічаем, глядзім у каго атрымалася лепш.
Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ
Фота Кацярыны Масік